Аграрыі прымаюць апошнія захады для таго, каб неўзабаве выйсці на палеткі і распачаць веснавую сяўбу. Хапае клопатаў і ў прадстаўнікоў іншых службаў. Аграрыі прымаюць апошнія захады для таго, каб неўзабаве выйсці на палеткі і распачаць веснавую сяўбу. Хапае клопатаў і ў прадстаўнікоў іншых службаў.
Першымі да навядзення парадку прыступілі дарожнікі, бо за зімовы перыяд дарожнае палатно ў многіх месцах аказалася пашкоджаным. Па словах намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Бабуры, зараз работнікі ДРБУ-192 і ДЭУ-6 заняты ліквідацыяй крытычнай ямачнасці, як афіцыйна называецца гэты від работ. Вядуцца яны на рэспубліканскіх дарогах Р-62 і Р-67, а таксама на трасе М-4.
Дарэчы, дарожнікі і летась актыўна займаліся рамонтам дарог. Так, у 2021 годзе філіял ДРБУ-192 правёў бягучы рамонт участкаў дарог Беразіно – Аўгустова, Волы – Мачаск –Любушаны, Беразіно – Брыялёва – Прысады, Дзмітравічы – Шавярнічы. Агульная працягласць адрамантаваных участкаў складае амаль 6 кіламетраў. У г. Беразіно сіламі арганізацыі былі абноўлены вуліцы Красіна, Інтэрнацыянальная, Азёрная, Пралетарская і завулак Інтэрнацыянальны. Заасфальтаваны больш 2 кіламетраў участкаў гарадскіх вуліц.
Але вернемся да дня сённяшняга. Што датычыцца населеных пунктаў раёна, асфальтаванне вуліц аграгарадкоў было праведзена нядаўна і іх пакрыццё істотных пашкоджанняў не мае. Праезная частка дарог і вуліц з гравійным пакрыццём будзе добраўпарадкоўвацца за кошт іх грэйдзіравання, калі гэта дазволяць выканаць умовы надвор’я. Да ачысткі вуліц горада ад пяску і бруду прыступілі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Паралельна з гэтым выяўляюцца ўчасткі, на якіх у першую чаргу патрабуецца ліквідацыя крытычнай ямачнасці. Яна ўжо часткова праведзена на вуліцах Перамогі, Кастрычніцкай, Мінскай, Энгельса і Камсамольскай. Работы будуць прадоўжаны.
Работнікі РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” на ачыстцы вуліцы Перамогі горада
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.