Спорт – гэта загартоўка і сіла

Date 08.08.2023 Man
Comment 1334
Спорт – гэта загартоўка і сіла

Сёння Беразіно можа пахваліцца шэрагам месцаў для аздараўлення, заняткаў спортам, актыўнага ладу жыцця на любы густ. Дарослыя ходзяць у басейн і трэнажорную залу, вабяць час у камандных гульнях, наведваюць спартакіяды ў ФАЦах, дзеці прывозяць са спаборніцтваў шматлікія медалі і дыпломы.

Але падчас станаўлення Беларусі ў 90-я гады людзям было зусім не да таго, каб выбіраць, як разнастаіць вольны час. Аднак суровая эпоха загартоўвала людзей. Нездарма менавіта тады папулярнасць у моладзі заваяваў атлетызм, ці будаўніцтва мышцаў і фізічнай сілы з дапамогай трэнажораў і штанг. І нават у такім невялічкім горадзе, як Беразіно, знайшлося дастаткова людзей, якім гэты спорт даў не толькі моцныя цела і дух, але і ўказаў дарогу ў годнае самастойнае жыццё.

Сярод іх цяперашні інструктар-метадыст СДЮШАР Андрэй Беляновіч. Яго юнацтва прыпала якраз на сярэдзіну 90-х. Тады паўсюдна панавалі літаратура аб атлетычнай гімнастыцы, плакаты і фотавыявы мускулістых спартсменаў, а па тэлевізары паказвалі баевікі, дзе адважныя культурысты перамагалі злодзеяў.


Паўэрліфтынг (англ. power –  “сіла" + lifting - "пад’ём"),– спорт, які зарадзіўся ў 50-х гадах мінулага стагоддзя на падмурку практыкаванняў цяжкай атлетыкі. Задачай спартсмена з’яўляецца падняць найбольшую вагу ў правільнай тэхніцы ў прысяданнях са штангай на плячах, жыме штангі лежачы на лаўцы, станавай цягі снарада ад пола. На кожнае практыкаванне даецца тры спробы пад наглядам суддзяў. Сума лепшых падыходаў выяўляе пераможцу ў кожнай вагавой катэгорыі спаборніцтваў.


На хвалі папулярнасці гэтага руху вядомы папулярызатар спорту ў Беразіно Мікалай Міхалёў па драбніцах сабраў трэнажорную залу, закупляў і знаходзіў станкі, гіры, штангі і самаробныя гантэлі, якія ўрэшце размясціліся ў падвале будынка малодшых класаў гімназіі (цяпер гэта Музей драўлянай лыжкі). У выніку трэніравацца сюды ў чатырнаццаць гадоў прыйшоў і Андрэй Беляновіч. Школьнікам было адведзена некалькі гадзін днём, а затым, увечары, займаліся дарослыя. Заняткі атлетызмам хутка замянілі хлопцу дваровыя гульні, сталі прыходзіць і першыя поспехі.

– У той час шмат моладзі прыходзіла ў наш падвал за “здабычай” сілы, – расказвае Андрэй Георгіевіч, – Але, як у любой справе, толькі самыя адказныя і вытрыманыя назаўжды звязалі жыццё з “жалезам”.

– Калі юнацтва мінула, нашай кампаніі трэба было думаць, чым займацца далей і як зарабляць у дарослым жыцці. Мае сябры атрымалі самыя разнастайныя прафесіі, мне ж вельмі хацелася звязаць жыццё са спортам. Самы лепшы профільны ўніверсітэт краіны БДУФК спачатку не пакарыўся, бо вельмі сур’ёзнымі былі іспыты па фізічнай падрыхтоўцы. Давялося настроіцца, што мэты трэба будзе дамагацца працай.

Андрэй Беляновіч расказвае, што паступіць у БДУФК яму магло дапамагчы высокае спартыўнае званне, у яго выпадку па паўэрліфтынгу – адгалінаванні атлетызму. Іх невялікая зала стала для хлопца сапраўднай кузняй сілы. У выніку найцяжэйшых трэніровак у 2004 годзе ён здолеў атрымаць званне кандыдата ў майстры спорту ў рэспубліканскай алімпійскай федэрацыі па паўэрліфтынгу. А праз два гады замацаваў гэтае званне ўжо ў больш цяжэйшай вагавой катэгорыі.

– У той год я паступіў, як і марыў, у БДУФК завочна, на кафедру цяжкай атлетыкі, – узгадвае Андрэй Беляновіч. – Дух спаборніцтваў, вучоба, спартыўная суполка рухалі да таго, каб мець зносіны з выбітнымі спартсменамі з іншых гарадоў. Памятаю, як мы прыязджалі ў Смалявічы дзяліцца досведам з Міхаілам Вярбіцкім, “самым моцным дзедам Беларусі”, у гонар якога і сёння праводзяцца спаборніцтвы. Мне, як і яму, дарэчы, лепш за ўсё давалася станавая цяга. А ў самым папулярным руху любой трэнажорнай залы – жыме лежачы, на спаборніцтвах я менш за сто пяцьдзясят кілаграмаў ніколі не ўзнімаў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта мужчына пачаў працаваць кіраўніком у Лешніцкім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Здароўе”. Больш за шэсць гадоў вёў у школьнікаў секцыю паўэрліфтынга, развіваў іншыя віды спорту. Дзеці паспяхова выступалі ў спаборніцтвах. Сёння, працуючы інструктарам у СДЮШАР, ён таксама вядзе некалькі падапечных, а яшчэ прапануе сеансы масажу.

– Як лічыце, Ваш спорт не зжыў сябе 90-мі гадамі і эпохай амерыканскіх баевікоў?

– Трэніроўкі са штангай, на маю думку, – самы лепшы спорт для мужчын. Правільна расставіўшы прыярытэты, можна дамагчыся прыгажосці цела, стаць мацней, а значыць, больш упэўненым у звычайным жыцці.

Штангу ў падрыхтоўцы да рэкордаў сёння выкарыстоўваюць практычна ва ўсіх відах спорту. Акрамя таго, пасільна займаючыся пад наглядам трэнера, можна пазбавіцца ад хвароб, "закачаць" балючае месца. Але штанга мітусні не церпіць і, не выконваючы тэхнікі, спартсмен можа нашкодзіць сабе. Таму, калі суправаджаючы спартсмена сочыш за кожным яго паўторам, сам стамляешся больш за яго.

– Што на вашу думку трэба, каб бярэзінскім падлеткам скараліся самыя высокія спартыўныя вяршыні?

– Для заняткаў спортам і аздараўлення ў раёне зараз дастаткова магчымасцей, а значыць, каб паказваць рэкорды, патрэбна толькі жаданне. Але ў інфармацыйнае стагоддзе верх бяруць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і гаджэты. Лічу, што сёння заматываваць моладзь быць лепшымі, як фізічна, так і інтэллектуальна, можа толькі сям'я. Ад бацькоў залежыць, ці прывядуць яны сваё дзіця ў спартыўную секцыю, ад старэйшых братоў і сясцёр – ці будуць яны прыкладам для малодшых. З гэтага пачынаюцца як асабістыя рэкорды, так і пакарэнне вышынь Алімпійскіх гульняў.

Я і сёння працягваю займацца спортам, ужо не для выступленняў на спаборніцтвах, а для падтрымання здароўя і ўласнай формы. Імкнуся наведваць залу чатыры разы на тыдзень. Камусьці і гэта замнога, а я радзей не магу. Прыемна ўсведамляць, што ва ўсёй нашай “жалезнай” кампаніі жыццё склалася добра, на што, лічу, шмат у чым паўплываў спорт.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER