Выявілі лепшага асемянатара раёна

Date 11.08.2023 Man
Comment 1335
Выявілі лепшага асемянатара раёна

Учора ў раённым цэнтры культуры сабралася нямала людзей у белых халатах. Не, ніякай надзвычайнай сіутацыі тут не было і прыбыўшыя людзі не мелі асаблівага дачынення да медыцыны. Тут праходзіў чарговы штогадовы раённы конкурс аператараў штучнага асемянення кароў. І хоць выпрабаванні для спецыялістаў былі не вельмі складанымі, бо з імі яны сутыкаюца штодзённа ў сваёй  пастаяннай працы, панервавацца яны ўсё ж прымусілі кожнага – і навічкоў, і ветэранаў жывёлагадоўлі.  

Падчас конкурсу кожны з яго ўдзельнікаў павінен быў прайсці тры пасты, на якіх у тэставым рэжыме ім трэба было адказаць на значную колькасць пытанняў як тэарэтычнага, так і практычнага характару. Пры гэтым улічваліся і такія складальнікі, як знешні від асемянатара (у прыватнасці, наяўнасць халата і шапачкі), падрыхтоўка рабочага месца і інструментаў да асемянення, належнае вядзенне дакументацыі і г.д.

Налічваліся як станоўчыя ачкі, так і штрафныя балы: журы на чале з дырэктарам племпрадпрыемства Уладзімірам Гарошка пільна сачылі за ходам выпрабаванняў.

І вось наступіў час падвядзення вынікаў конкурсу. Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Карына Аруцюнян уручыла сертыфікаты адпаведнай вартасці лепшым спецыялістам. Першае месца заваявала аператар штучнага асемянення кароў МТФ “Восава” ААТ “Уша” Алена Раманава, другое месца – яе калега з МТФ “Васілеўшчына” СУП “АграМАЗ” Марыя Ждановіч, а на трэцім месцы аказаўся яшчэ адзін прадстаўнік ААТ “Уша” – Аляксандр Муха з Котава.

Акрамя таго былі адзначаны яшчэ тры спецыялісты – за значны ўклад у развіццё галіны і актыўны ўдзел у настаўніцтве. Адпаведныя сертыфікаты атрымалі Ніна Макарэвіч і Віталь Чорны з ААТ “Пагосцкі”, а таксама Вольга Хлебнікава з СУП “Здравушка-агра”.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER