Зайздроснае прафесійнае пастаянства

Date 04.01.2024 Man
Comment 409
Зайздроснае прафесійнае пастаянства

Далёка не кожны, і такіх людзей выключна рэдкія адзінкі, можа пахваліцца тым, што ўсё сваё свядомае працоўнае жыццё прысвяціў служэнню справе на адным рабочым месцы. У ліку такіх унікальных асоб сённяшні начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Валянціна Раманоўская.

Сёлета споўніцца роўна 35 гадоў з таго часу, калі яна маладым спецыялістам адразу пасля заканчэння вучобы трапіла па накіраванні ў Бярэзінскі райфа, і з таго часу ні разу не мяняла месца сваёй работы.

– Сапраўды, у маёй працоўнай кніжцы ёсць толькі адзін запіс аб прыёме, – пацвярджае Валянціна Іванаўна. – З часам там з’яўляліся і іншыя звесткі, але яны тычыліся выключна назваў займаемых пасад. А іх было нямала, бо ўсю службовую лесвіцу ў сістэме фінансавага аддзела я прайшла з самай першай прыступкі. Ведаю кожны працоўны калектыў раёна, яго здольнасці і магчымасці, асабліва фінансавыя і эканамічныя. Ды і наогул, Бярэзіншчына – гэта мая малая радзіма, таму вельмі перажываю за яе лёс і імкнуся да таго, каб наш раён быў прыгожым, утульным і квітнеючым.

На пасадзе начальніка аддзела Валянціна Раманоўская знаходзіцца з 23 жніўня 2021 года, замяніўшы на гэтым месцы не менш знакавую асобу – былога кіраўніка Рыгора Зяневіча, які ў пэўнай ступені быў і настаўнікам сваёй паслядоўніцы, дзяліўся з ёй сваім вопытам работы. У цэлым, як сцвярджае Валянціна Іванаўна, ёй вельмі пашанцавала на калег па працы – гэты невялікі і дружны калектыў аднадумцаў, з якімі лёгка працуецца і каму яна поўнасцю давярае як граматным спецыялістам з вялікім багажом ведаў і стажам. Сярод іх – галоўны бухгалтар аддзела Ала Цялюк, загадчыца сектара планавання і выканання бюджэту Юлія Іванова, галоўныя спецыялісты Міхаіл Буднік і Вольга Буліч. У ліку новага папаўнення – намеснік начальніка аддзела Аляксандр Шаўроў, які таксама ў фінансавай сістэме не першы год, бо працаваў да гэтага ў падатковых органах, а таксама Вераніка Касцяневіч, якая прыйшла ў фінансы з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Не забываюць у аддзеле і Ганну Пянкрат, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

Яшчэ адным важным складальнікам паспяховасці сваёй працы Валянціна Іванаўна лічыць уважлівыя адносіны да фінансавых праблем з боку кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта. І тут, сцвярджае яна, таксама існуюць поўны кантакт і паразуменне. І як вынік – вялікі аб’ём работы, ажыццёўленай летась у раёне.

– Як вы ведаеце, наш раённы бюджэт мае сацыяльную накіраванасць, на гэтыя патрэбы выдаткоўваецца каля 75 яго працэнтаў (прыкладна такі ж паказчык зацверджаны і на 2024 год на сумесным пасяджэнні райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося ў апошніх чыслах снежня), – расказвае Валянціна Раманоўская. – Калі вярнуцца крышачку назад, то мы ўбачым, за 2023 год многа ўкладзена ў паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльнай сферы: выкананы рамонт СШ №2, Капланецкай школы, пачатковая школа і школа мастацтваў сталі прыгажэйшымі за кошт абнаўлення фасадаў, у СШ №3 памянялі дах, набыта нямала абсталявання для нармальнай дзейнасці медустаноў, усе школы забяспечаны належным кухонным абсталяваннем, набываліся камп’ютарныя класы, вёўся рамонт гарадскога стадыёна, шмат абсталявання набыта для нашых спартыўных аб’ектаў.

За кошт сродкаў раённага бюджэту зроблена нямала ў плане добраўпарадкавання, капітальнага і бягучага рамонту жылфонду, вёўся рамонт дарог і вуліц горада. Падобная работа вялася і ў сельскай мясцовасці. У населеных пунктах былі заменены асвятляльнікі і ўстанаўліваліся светадыёдныя лямпы, добраўпарадкаваліся вуліцы, дарогі, грамадскія могілкі, руйнаваліся лядашчыя пабудовы.

Год, на думку Валянціны Іванаўны, выдаўся вельмі прадукцыйным і спрыяльным, на працягу яго ўдалося выканаць нават большы аб’ём работы, чым планавалася ў самым пачатку. Адбываецца гэта па той прычыне, што бюджэт Бярэзіншчыны з’яўляецца датацыйным, на працягу года ён пераглядаецца, у выніку чаго сума датацый істотна ўзрастае, што пашырае магчымасці на месцы правільна і ашчадна выкарыстаць паступаючыя сродкі, укласці іх у развіццё рэгіёна.

З вялікай цікавасцю, дакладна расказвала Валянціна Раманоўская пра ўсе аспекты раённага бюджэту: з чаго ён складаецца, у адпаведнасці з якімі праграмамі і першачарговымі мэтамі расходуецца, якім чынам удаецца сэканоміць тую ці іншую суму і на якія патрэбы яна ідзе, куды паступаюць грашовыя сродкі, падаткі і адлічэнні тых ці іншых вытворчых прадпрыемстваў, калі яны з’яўляюцца філіяламі або вытворчымі ўчасткамі. І кожнай падобнай дэталлю, любым аспектам узнімаемай тэмы яна валодае не павярхоўна, а глыбока і да драбніц, як сапраўдны знаўца сваёй прафесіі: вопыт і веды, назапашаныя за гады работы, з часам толькі прымнажаюцца.

Да характарыстыкі гэтай жанчыны дабавім, што яна з’яўляецца пастаяннай падпісчыцай нашай газеты. Акрамя таго, захапляецца чытаннем (не толькі спецыяльнай літаратуры і нарматыўных дакументаў), а і белетрыстыкі – жаночых раманаў, класікі. А яшчэ

Валянціна Іванаўна – кветкавод-аматар, асаблівай яе любоўю карыстаюцца петуніі, фіялкі і астры, хаця вакол дачы, на якой праводзіць увесь летні вольны час, растуць таксама ружы і іншыя кветкі. Нярэдка яе можна застаць і за работай на невялікім агародзе. А вось летнім часам любіць Валянціна Іванаўна адправіцца ў лес. І не толькі ў ягады, а больш для адпачынку і зносін з прыродай. У перыяд міжсезоння яна вырашыла наведваць басейн, дзе займаецца аквааэробікай. Як сама прызнаецца, пасля таго, як сын з дачкой сталі дарослымі і выйшлі на самастойны шлях, вольнага часу стала болей для таго, каб заняцца сабой і любімымі справамі.

– Усіх бярэзінцаў віншую з наступіўшым новым годам, – дадае Валянціна Іванаўна. – Жадаю ўсім добрага здароўя, дабрабыту, ажыццяўлення мар і жаданняў, няхай вас чакае як мага менш расчараванняў і страт. А калегам у дзень свята жадаю дабра, прафесійнага росту, задавальнення ад выконваемай работы і павагі ад людзей.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER