Пражыць Вялікдзень, каб убачыць Хрыста, які ўваскрасае, і чалавека, дзеля якога ён гэта робіць

Date 19.04.2025 Man
Comment 680
Пражыць Вялікдзень, каб убачыць Хрыста, які ўваскрасае, і чалавека, дзеля якога ён гэта робіць

Вялікдзень – свята непазбежнага росквіту прыроды, перамогі жыцця над смерцю, аднаўлення ў Богу грэшнага чалавека, у асноўных канфесіях Беларусі – праваслаўя і каталіцызма, сёлета выпадае ў адзін дзень – 20 красавіка.

У новапабудаванай святыні Маці Божай Міласэрнай, Пасху бярэзінскія каталікі будуць адзначаць ужо ў другі раз. Для ўсіх парафіянаў важна сумесна перажыць Вялікі пост, удзельнічаць у падрыхтоўчых набажэнствах і агульна сустрэць уваскрэсенне Хрыста, без веры ў якое, бадай, і жыццё хрысціяніна не мае сэнсу.

– Сапраўды, хоць каталіцкі касцёл выкарыстоўвае ў літургіі Грыгарыянскі каляндар, а Праваслаўная Царква – Юліанскі, мы, хрысціяне, паважаем традыцыі адно аднаго, – сцвярджае настаяцель Бярэзінскага касцёла ксёндз Юзэф Сярпейка. – Таму цешуся, што ў гэтым годзе мы, хрысціяне, ушануем уваскрэсенне Хрыста разам.

– Ксендз Юзэф, якое значэнне мае Вялікдзень для вернікаў?

– Лічу, што Пасха – гэта не свята натоўпаў, а ўрачыстасць кожнага асобнага чалавека, за якога памёр Хрыстос. Таму найбольш праўдзіва святкаваць Вялікдзень будуць тыя, хто годна вытрымаў Вялікі пост, набожна яго пражыў. Па-першае, даваў міласціну тым, хто яе патрабуе. Па-другое, хто ўдасканальваў сваю душу, удзельнічаючы ў набажэнствах, прыступіўшы да Сакраманту споведзі і камуніі. І толькі пасля асабістага паяднання з Хрыстом, мы належна сустрэнем Пасху ў нашых парафіяльных і сямейных супольнасцях.

– Што Вы хацелі б пажадаць напярэданні надыходзячага свята?

– Нашай парафіі Маці Божай Міласэрнай, усім хрысціянам, людзям добрай волі, я б хацеў пажадаць перажыць Вялікдзень не надта зважаючы на матэрыяльныя прыгатаванні. А яшчэ раз прыкласці старанне, каб удасканаліць сваё жыццё, падумаць пра чалавека побач з табой.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER