Дата нараджэння – 22 чэрвеня...

Date 22.06.2026 Man
Comment 12
Дата нараджэння – 22 чэрвеня...

Лета 1944 года. Гэтыя словы для мяне доўгі час былі проста датай у падручніку гісторыі. Мы праходзілі ў школе аперацыю «Баграціён» – грандыёзнае наступленне Чырвонай Арміі, у выніку якога Беларусь была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў.

Я ведала лічбы, назвы гарадоў, умела распавядаць пра стратэгічнае значэнне гэтага наступлення. Але толькі нядаўна я зразумела, што гісторыя можа быць не толькі ў падручніку. Яна можа жыць у тваёй сям'і, у старым альбоме з пажоўклымі фотаздымкамі, у ціхім голасе бабулі, якая раптам пачынае гаварыць пра мінулае.

Усё пачалося з пытання. Я спытала ў бабулі Аляксандры: «Чаму цябе часам называюць Бежанкай?» Я чула гэтае слова ад суседак, калі была маленькай, але потым яно неяк забылася. Бабуля памаўчала, а потым пачала расказваць. І тое, што я пачула, перавярнула маё ўяўленне пра вайну.

– Гэта было ў сорак чацвёртым, - сказала бабуля. – Немцы адступалі. Нашы ўжо ішлі, вызвалялі Беларусь. Фашысты разумелі, што вёска Красная Паляна хутка будзе нашай, і вырашылі знішчыць усё, што маглі.

Тое лета стала для Беларусі часам надзеі і адначасова жаху. Надзея была на вызваленне, а жах – у тым, што вораг, адчуваючы сваю слабасць, дзейнічаў з асаблівай жорсткасцю. Вось тады і здарылася бамбёжка ў нашай вёсцы. Людзі выбягалі з дамоў, хапаючы дзяцей і самае неабходнае. Сярод іх была мая матуля – тады яшчэ маладая жанчына. На руках у яе быў скрутак – нованароджаная дзяўчынка. Гэта і была я. Дзяўчынка, якая нарадзілася ў мітусні і ніхто не запомніў дакладную дату. Было не да гэтага.

З успамінаў маёй бабулі - побач з яе матуляй беглі дзве старэйшыя сястры–Роза і Лена. Шлях для ўцёкаў быў адзіны – у лес, на балоты. Гэтыя мясціны жыхарам вёскі былі добра знаёмыя, бо здаўна яны хадзілі туды ў ягады, ведалі кожную купіну, кожную сцяжынку.

У звычайны час балота здавалася негасцінным месцам, але ў той страшны дзень яно стала выратаваннем. Жанчына, маці траіх дзяцей, бегла, прыціскаючы да грудзей захутаную ў коўдру маленькую дачку. Лена, якая была старэйшай і ўжо многае разумела, раптам закрычала: «Мама, кіне! Кіне!». Яна ўбачыла ў небе варожыя самалёты і ведала, што хутка яны скінуць бомбы і пачнуцца выбухі. Сям’і ўдалося схавацца за дрэвам, і выбухі прагрымелі дзесьці ўбаку, нікога не параніўшы.

Праз які час жыхары вярнуліся ў разбураную, але ўжо вызваленую вёску. Настала доўгачаканае мірнае жыццё. Пасля вайны дзяўчынку зарэгістравалі і выдалі метрыкі. Датай нараджэння было ўказана 22 чэрвеня, хаця нарадзілася яна напярэдадні. Ды хто ж у той дзень думаў пра паперы. А ў вёсцы за ёй замацавалася мянушка «Бежанка». Так яе называлі доўгія гады, таму што яна была сярод тых, хто бег ад апошняй нямецкай бамбёжкі ў лясы і балоты.

Калі бабуля скончыла распавядаць сваю гісторыю, я доўга сядзела моўчкі. У маёй галаве не ўкладвалася: як можна было бегчы з немаўляткам на руках па лесе, калі навокал рвуцца бомбы? Як можна было захаваць розум, каб не спатыкнуцца, не ўпасці, не выпусціць з рук гэтае маленькае дзіцятка ў коўдры?

Я глядзела на бабулю Аляксандру – спакойную, мудрую, з добрымі зморшчынкамі вакол вачэй. У ёй не было нічога ад таго жаху, які яна перажыла ў першы месяц свайго жыцця. Але я ведала цяпер: яна – жывы напамін пра тыя падзеі. Яе мянушка – не насмешка, а сведчанне. Сведчанне таго, што наша сям'я выжыла, што мая прабабуля здолела выратаваць сваіх дзяцей у такі цяжкі час. Цяпер я разумею, чаму бабуля ніколі не крыўдзілася на слова «бежанка». У ім няма прыніжэння. Ёсць сіла. Сіла тых, хто, нягледзячы на бамбёжкі, смерць і адчай, здолеў захаваць жыццё і перадаць яго далей. Мне здаецца, у тым і ёсць галоўны ўрок вайны: памятаць, каб такое ніколі не паўтарылася. І называць рэчы сваімі імёнамі. Бежанка – гэта слова, якое адлюстроўвае лёс цэлага пакалення, якое, уцякаючы ад смерці, здолела выжыць.

PS. За гэты расказ пра сваю бабулю Любоў Верына была адзначана дыпломам ІІ ступені ва ўзроставай групе 12-13 гадоў на абласным этапе сачыненняў “У вайны не жаночы твар”, які праводзілі Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінская абласная арганізацыя ветэранаў.

Любоў ВЕРЫНА,
вучаніца Паплаўскай сярэдняй школы.
Фота прадастаўлена аўтарам матэрыялу.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER