Як не памерці ў 30 гадоў?

Date 02.08.2022 Man
Comment 651
Як не памерці ў 30 гадоў?

У лідарах – смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту! 

Пытанні дэмаграфіі актуальныя для нашай краіны і, вядома ж, для раёна. Распрацавана і дзейнічае Дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021-2025 гады. Штомесяц праходзяць каардынацыйныя саветы па дэмаграфічнай сітуацыі. Гэта пытанне разгледзелі і на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Засяродзіла ўвагу на прычынах смяротнасці і як з гэтым змагацца галоўны ўрач райбальніцы Крысціна КРУК.

– Якія прычыны смяротнасці? На першым месцы “традыцыйна” хваробы сістэмы кровазвароту. На жаль, многія бярэзінцы не клапоцяцца пра сваё здароўе, не кантралююць ціск, думаюць, што павышаны ціск – гэта таксама норма. Вынік – такая вялікая смяротнасць ад гэтай хваробы. Іншы раз пытаемся, чаму не наведваецеся да спецыяліста, не выконваеце рэкамендацыі? У адказ – маўчанне.

Хочацца, каб людзі больш адказна адносіліся да сябе, свайго здароўя: прыходзілі на медыцынскія агляды, і калі ўрач назначае прэпараты, то абавязкова іх прымаць вызначаны тэрмін. У нас у паліклініцы можна зрабіць эхакардыяграфію, электракардыяграфію, холтэрскае манітарыраванне, велааргаметрыю. Усе ўмовы, абсталяванне для таго, каб вызначыць захворванне, назначыць правільнае лячэнне, ёсць.


Як не памерці ў 30 гадоў?

• Не адкладваць зварот да ўрача-спецыяліста на потым – звяртацца своечасова;
• Выконваць рэкамедацыі ўрача;
• Весці здаровы лад жыцця;
• Калі ёсць “душэўныя праблемы” – не саромецца, звяртацца да спецыяліста;
• Праходзіць своечасова медыцынскі агляд.


– Хочацца адзначыць, што гэта хвароба не выбірае ўзросту. Могуць хварэць і маладыя людзі. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, што хварэюць менавіта маладыя людзі працаздольнага ўзросту.

Калі звярнуцца да статыстыкі, то за 6 месяцаў бягучага года памерла 38 чалавек працаздольнага ўзросту. Большасць (32) – мужчыны. І сярод прычын смяротнасці на першым месцы – хваробы сістэмы кровазвароту.

На другім месцы сярод прычын – знешнія. Так, на жаль, за справаздачны перыяд здзейснена 3 самагубствы. Тут галоўная парада: не замоўчвайце свае праблемы, звяртайцеся да спецыялістаў, якія вам падкажуць і дапамогуць.

Калі вы бачыце, што ў вашых знаёмых, суседзяў, сяброў, таксама з’явіліся праблемы, яны выказваюцца наконт самагубстваў, звяртайцеся за дапамогай. Не будзьце раўнадушнымі – гэтым вы, магчыма, выратуеце камусьці жыццё.

На трэцім месцы сярод прычын смяротнасці – новаўтварэнні. І тут таксама самае галоўнае – своечасова праходзіць медыцынскія агляды, каб заўважыць хваробу на ранніх яе стадыях.

Таму зараз, да чарговай хвалі каранавіруснай інфекцыі самы час прайсці абследаванне, каб выявіць своечасова захворванні. У райбальніцы ідзе і планавая шпіталізацыя: можна прайсці абследаванне. Не ігнаруйце гэта, бо ваша жыццё і здароўе залежыць толькі ад вас саміх!

– І яшчэ мне хочацца звярнуцца да бацькоў! – працягвала Крысціна Аляксандраўна. – Будзьце ўважлівымі да сваіх дзяцей. Нядаўна ў Бярэзінскім раёне здарыўся жахлівы выпадак: ледзь не ўтапілася маленькае дзіця. Здаецца, бацькі на хвіліну пакінулі яго без нагляду. А такі страшны выпадак. Будзьце пільнымі і асярожнымі! Беражыце сябе і сваіх родных, блізкіх. Будзьце здаровымі!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER