Ізноў у ліку першых у вобласці

Date 11.04.2024 Man
Comment 816
Ізноў у ліку  першых у вобласці

Не так, здавалася б, і даўно, 13 сакавіка, наша газета расказвала аб тым, што ААТ «Пагосцкі» адным з першых у вобласці распачало яравую сяўбу. І вось сёння ізноў мы ўзгадваем гэтую гаспадарку з аналагічнай нагоды і з падобнай прычыны: сельгаспрадпрыемства, у ліку першых у вобласці, прыступіла да сяўбы кукурузы.

Відаць, дырэктар ААТ Наталля Сокал, узяўшы эфектыўны старт правядзення палявых работ з самага пачатку сезона, не збіраецца зніжаць тэмпаў кампаніі і нацэлена правесці яе ў самыя сціслыя аптымальныя тэрміны.

Валерый Ермаловіч

На жаль, рэдакцыя на гэты раз аказалася не першай з ліку тых, хто назіраў за ходам сяўбы кукурузы ў гаспадарцы. Яшчэ раней на палетках ААТ «Пагосцкі» пабываў старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі, які азнаёміўся з ходам і тэмпамі работ, а таксама ўмовамі арганізацыі працы, пагутарыў з механізатарамі. Яны падзяліліся сваім бадзёрым настроем, расказалі пра свае поспехі, пра працягласць рабочага дня, пра распрацаваныя напярэдадні кампаніі ўмовы аплаты працы, якія задавальняюць удзельнікаў сяўбы. А Мікалай Піскун, які заняты непасрэдна на пасяўным агрэгаце, калі размова пайшла пра арганізацыю харчавання, паведаміў:

Старшыня Бярэзінскага райвыканкама Андрэй Сакалоўскі цікавіцца ўмовамі працы механізатараў, аплаты працы на пасяўной, працягласцю працоўнага дня

– На гэты раз у нас замест гарачага харчавання, якое традыцыйна наладжвалася падчас усіх асноўных палявых кампаній, вырашылі ўкараніць выдачу грашовых талонаў. Такая форма таксама мае свае станоўчыя бакі: атрыманыя сумы стануць добрай прыбаўкай да зарплаты, а што тычыцца харчавання, то прыгатаванае ў дамашніх умовах і па сваім гусце, яно нічым не горш за зробленае ў сталоўцы. Ды і танней абыходзіцца для ўласнай кішэні. Так што такі варыянт нас задавальняе. Ды і на тэмпах работ не адбіваецца ніякім чынам. А працуецца ў радасць і ахвоту.

Артур Дудко

 Дарэчы, Мікалай Піскун – не адзіны механізатар, які вядзе гэтымі днямі сяўбу «царыцы палёў». Яго калегам з’яўляецца не менш паважаны ў гаспадарцы працаўнік Валерый Ермаловіч. Засталі мы яго за справай непадалёк ад вёскі Вяззе. Тут жа сустрэлі і яшчэ аднаго добра вядомага вадзіцеля, неаднаразовага тысячніка ў час жніва Аляксандра Жукоўскага. На гэты раз у яго таксама вельмі адказная місія: ён забяспечвае бесперабойную работу сеялкі і Валерыя, своечасова дастаўляючы і запраўляючы тэхніку насеннем.

Васілій Палянскі

– Кукуруза ў нашай гаспадарцы даўно і трывала прапісалася як адна з важнейшых кармавых культур у рацыёне жывёлы, – расказваюць мужчыны. – Таму і надаюцца ёй вялікая ўвага і пашана. Кукурузны сянаж вельмі карысны ў рацыёне жывёлы. Да таго ж, частку кукурузы запланавана выкарыстаць на зерне, якое таксама з’яўляецца добрым кормам. Усяго сёлета ў гаспадарцы запланавана пасеяць кукурузы на зялёны корм больш за тысячу гектараў і 200 – на зерне. Аб’ёмы вялікія, так што працаваць ды працаваць. А наконт аптымальных тэрмінаў – павінны ўкласціся ў іх, не першы ж год на сяўбе.

Аляксандр Жукоўскі і Артур Дудко

Аднак нельга думаць, што ўсе работы ў «Пагосцкім» завязаны толькі на сяўбе. Спраў хапае і іншым механізатарам. Так, Васіль Палянскі, напрыклад, заняты на ворыве. Вядзецца хімапрацоўка палеткаў. Гэта адказная справа даверана кіроўцу «Расы» Артуру Дудко. За кадрам засталося шмат іншых працаўнікоў гаспадаркі. У кожнага – свой участак работы, свае абавязкі, свой уклад у агульную справу і закладку будучага ўраджаю. Хочацца верыць, што сёлета ён акажацца багатым і важкім, і намаганні аграрыяў акупяцца багатым намалотам. Верыць у гэта і малады аграном сельгаспрадпрыемства Аляксей Гоман, які робіць першыя крокі сваёй самастойнай біяграфіі. А ўпэўненасць яго множыцца майстэрствам механізатараў, іх спрактыкаваным вопытам, працавітасцю і тымі дасягненнямі, якія ААТ «Пагосцкі» штогод запісвае на свой рахунак.

Аляксей Гоман

Аляксандр Жукоўскі

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і Юліі БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER