Падарылі радасць бабулям і дзядулям

Date 06.05.2024 Man
Comment 660
Падарылі радасць бабулям і дзядулям

У Мінскай вобласці ўжо стала добрай традыцыяй правядзенне дабрачыннай акцыі “Падары радасць бліжняму”. Яе арганізатары – Мінскі абласны выканаўчы камітэт і Беларуская Праваслаўная царква.  Далучыліся да яе прадстаўнікі мясцовай улады і духавенства Бярэзіншчыны.

Старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі, намеснік старшыні Вольга Калячка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вераніка Джыгера, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцва Алена Жолудзева, дабрачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі протаіерэй Ілля Ганчарук, сёстры міласэрнасці завіталі з віншаваннямі і падарункамі да бабуль і дзядуль, якія пражываюць у аддзяленні кругласутачнага прыбывання ў Дулебах.

– Віншуем вас з такім цудоўным, светлым днём – Вялікаднем, – павіншаваў усіх Андрэй Валянцінавіч. – Моцнага вам здароўя, цярпення і даўгалецця! Няхай Вялікдзень прыносіць добры настрой, радасць і толькі станоўчыя эмоцыі. Усміхайцеся, радуйцеся жыццю!

Старшыня райвыканкама ўручыў кожнаму імянныя паштоўкі і велікодныя кулічы.

Таксама і сертыфікат на набыццё пральнай машыны. 

– Хрыстос Уваскрэс! Хрыстос Уваскрэс! Хрыстос Уваскрэс!, – вітаў прыстуных айцец Ілля.

Усе разам далучыліся да малебна.

Вы б бачылі радасць, якая “свяцілася” ў вачах гэтых пажылых людзей! Яны як дзеці радаваліся, што да іх завіталі госці. Разглядалі пасвенчаныя кулічы, велікодныя яйкі, падарункі.

… Працуе гэтае аддзяленне з пачатку 2009 года і разлічана на 40 месцаў. Але колькасць жыхароў мяняецца амаль кожны тыдзень. У кожнага з іх, адзінокіх і адзінокапражываючыхлюдзей, свая нялёгкая дарога да новага дома ў Дулебах. На сёння тут пражывае  17 чалавек. Было больш, але некаторыя на лета едуць дадому. 

– Мы заўсёды рады, калі да нас прыязджаюць госці, – заўважылі пастаяльцы. – Нам прыемна ўвага, добрае слова. Дзякуй, што не забываеце нас!

Бачна, што бабулі і дзядулі, сапраўды, атулены клопатам і любоўю.

– Але дамоў усё роўна хочацца, - расказвае адна жанчына. – Тут добра, ёсць з кім перакінуцца словам. Але цягне ў родную вёску.

– Мы, сапраўды, імкнёмся бабулям і дзядулям стварыць належныя ўмовы, каб яны адчувалі сябе тут, як дома, – гаворыць Вераніка Джыгера.

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER