Хто збудаваў сядзібу Патоцкіх

Date 01.04.2024 Man
Comment 634
Хто збудаваў сядзібу Патоцкіх

Здаецца, пра дом графаў Патоцкіх ведаюць усе бярэзінцы. Але мала каму вядома, што пабудаваны вядомы палац па распараджэнні графіні Ганны Патоцкай-Вансовіч. Між іншым, у свой час імя графіні Ганны было вядома ва ўсёй Еўропе, бо яна гуляла ў карты з самім Напалеонам, аб чым пакінула ўспаміны. Дарэчы, мемуары графіні цікавыя тым, што распавядаюць пра настрой польскага грамадства напярэдадні нашэсця напалеонаўскіх войск у Расію ў 1812 годзе і многае іншае. Дык што ж мы ведаем пра асобу графіні, пакінуўшай нам успаміны і гісторыка-архітэктурны помнік?

Ганна-Марыя-Ева-Апалонія нарадзілася ў Варшаве 26 сакавіка 1779 года ў сям’і графа Людвіка Скумін-Тышкевіча. Маці – княжна Канстанцыя Панятоўская, пляменніца апошняга польскага караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага.

Пасля апошняга падзела Рэчы Паспалітай у 1793 годзе воляй імператрыцы Кацярыны ІІ землі Любашанскага староства (у той час пісалі - Любашаны), у склад якіх уваходзіла Беразіно, былі адпісаны графу Людвіку Скумін-Тышкевічу. Юнай Ганне на той момант было чатырнаццаць гадоў, а Беразіно мелася быць бацькоўскай спадчынай.

27 мая 1805 года ў Вільні Ганна пабралася шлюбам з графам Аляксандрам-Станіславам Патоцкім. У маладым сямействе нарадзіліся трое дзяцей: Аўгуст, Маўрыкій і Наталля. Але, як сведчаць крыніцы, гэты шлюб быў па разліку. Дарэчы, у 1821 годзе муж і жонка разышліся.

Другім мужам Ганны стаў палкоўнік граф Станіслаў Дунін-Вансовіч, які ў 1812 годзе ў чыне лейтэнанта 1-га палка шэвальжэр-пікінёраў Імператарскай гвардыі значыўся перакладчыкам пры паходнай канцылярыі Напалеона. У гэтым шлюбе ў Ганны нарадзілася дачка Мацільда.

* * *
Мемуары графіні Ганны былі выдадзеныя ў 1897 годзе ў Парыжы. Яны адразу прыцягнулі ўвагу ўласнай неадназначнасцю. Графіня распавядае пра Напалеона, цара Аляксандра І, малюе захапляльныя партрэты імператрыцы Марыі-Луізы, маршала Мюрата, вялікага князя Канстанціна, Талейрана і іншых вядомых гістарычных персанажаў. Многія сучаснікі абвінавацілі аўтара ў пляткарстве, але ж гэта быў выключна жаночы погляд на палітыку, на жыццё, на падзеі ў тагачасных уладных колах і асабістае стаўленне да ўласных пачуццяў.

У мемуарах Ганна Патоцкая - звычайная хатняя гаспадыня, вось толькі прыналежная да польскай эліты на хваравітым пераломе эпох. У такім сацыяльным статусе звычайная жанчына-маці можа наглядзецца ўсякага. Вось і Ганна – спачатку рамантычная дзяўчынка, затым шлюб па разліку, халодныя адносіны з мужам, непаразуменні са свекрывёй, роды-хрэсьбіны, свецкія прыёмы-рауты. Яна не пляла палітычных інтрыг, не скаланала царствы, але як кожная полька марыла аб адраджэнні сваёй нядаўна падзеленай радзімы. Ганна была дастаткова прыгожай, каб вабіць увагу мужчын, і дастаткова разумнай, каб іх слухаць і запамінаць. Некалькі разоў сядзела з Напалеонам за абедзенным і картачным сталамі. Сябравала з вядомай мадам Валеўскай, каханкай Напалеона.

Апрача ўсяго, у прыдворных жанчын таго часу існавалі свае цяжкасці. Ганна пісала: “Пасля трох рэверансаў следам была самая цяжкая частка цырымоніі: трэба было, выходзячы з кабінета, зрабіць ізноў тры рэверансы, але не абарочваючыся, а адступаючы да дзвярэй, што было вельмі нялёгка з-за непамерна доўгага прыдворнага шлейфа, які трэба было адкідваць непрыкметным рухам нагі, прычым у гэтым руху міжволі праяўляліся грацыя і вытанчанасць дамы. Я спасцігла гэтую мудрагелістасць не больш чым за тры ўрокі”. Цікавыя заняткі былі ў маладых жанчын той эпохі…

Яшчэ Ганна распавядае пра ўласнае платанічнае каханне да загадкавага графа Ф. Каментатары мемуараў імгненна разгадалі ў таямнічай асобе Шарля де Флао, якога асобныя сучаснікі лічылі пазашлюбным сынам Талейрана. Па словах першага выдаўца мемуараў Казіміра Стрыенскага, рамантычнае сяброўства Ганны і графа Ф. доўжылася ўсё жыццё, і ён быццам бы прысутнічаў на пахаванні графіні.

Першая частка ўспамінаў была перакладзена на польскую мову, а другую частку не перакладалі, бо сучаснікі напісанае палічылі лухтой – так засведчыў гісторык Марыян Брандыс у сваёй кнізе “Пляменнік караля”.

* * *

Што ж датычыцца бярэзінскіх спраў, то ў 1803 годзе па рашэнні графіні Ганны Патоцкай-Вансовіч цалкам абнавілі касцёл Маці Божай Шкаплернай, нанова паставілі сцены і зрабілі ўнутранае аздабленне. У 1844 годзе касцёл быў перабудаваны канчаткова.

Асобныя крыніцы сведчаць, што па ўказу графіні ў 1805 годзе была пабудавана драўляная царква Прэабражэння Гасподня для праваслаўных вернікаў. Аднак дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што згодна з іншымі крыніцамі, названая царква ўзведзена на сродкі прыхаджан.

Па распараджэнні графіні ў Беразіно адбылося будаўніцтва сядзібна-паркавага комплексу. З той нагоды ў кнізе Рамана Афтаназі “Польскія сядзібы на крэсах” можна прачытаць: “Прыгожы двухпавярховы дом з цудоўнымі садамі пабудавала каля 1850 года Ганна Патоцкая-Вансовіч з мэтай выкарыстання яго як адной з летніх рэзідэнцый”.

З 1851 года і да самай смерці графіня Ганна Патоцкая-Вансовіч жыла ў Парыжы, яе салон лічыўся самым бліскучым ў часы Другой імперыі.

Адправілася ў лепшы свет графіня 16 жніўня 1867 года ў Парыжы. Народжаная ў бурлівы час, сведка эпахальных падзей у Польшчы і Расіі, яе насычанае падзеямі жыццё, сапраўды, варта мастацкага твора.

Падрыхтаваў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER