Свята мастацтва. Пра выставу пісьменніцы Таццяны Каленік

Date 11.04.2024 Man
Comment 602
Свята мастацтва. Пра выставу пісьменніцы Таццяны Каленік

У Мінскую абласную бібліятэку імя Аляксандра Пушкіна завітаў трэці красавіцкі дзень. Ён няспешна прайшоўся па фае другога паверха, аблашчыў позіркам чараду карцін на сцяне з верлібрамі і графічнымі малюнкамі, залюбаваўся афармленнем вокладак кніг і паштовак у шкляной шафе… Гэты дзень прывітаў наведвальнікаў літаратурна-мастацкай выставы “Каб не спыніўся РУХ”, аўтар якой – ураджэнка горада Беразіно Мінскай вобласці, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, паэт, мастачка Таццяна Каленік. Выстава, адметная арыгінальнасцю, створана па матывах аднайменнай кнігі, што пабачыла свет зусім нядаўна, а яе назва гарманіруе з сённяшнімі з’явамі ў прыродзе: рухам, абуджэннем, вясной.

Вясна гаспадарыла не толькі ва ўтульных бібліятэчных пакоях, але і ў сэрцах людзей. У межах выставы, урачыста адкрытай дырэктарам бібліятэкі Наталляй Вашчыла, ладзілася імпрэза. Яе бліскуча правял Таццяна Рыгораўна. Пісьменніца дарыла прысутным чароўную прыгажосць верлібраў з глыбокім філасофскім сэнсам, уласныя кнігі, сувеніры.

Цёплымі віншаваннямі адгукнуліся вядомыя беларускія літаратары Тамара Бунта, Валянціна Быстрымовіч, Тамара Залесская, Ірына Карнаухава, Аліна Легастаева, Рагнед Малахоўскі, Галіна Нупрэйчык, Лізавета Палеес, Таццяна Цвірко, Аляксей Шаўцоў, Таццяна Шурынава. Памятныя падарунакі – карціны – зрабілі мастачкі Святлана Раманава і Наталля Жыгамонт, а паэтэса-песенніца Алена Маслоўская чаравала выкананнем уласных твораў пад акампанемент гітары.

З добрымі пажаданнямі і падарункамі завіталі калегі па творчым цэху і працы, чытачы, сябры. Выступілі з вершамі і члены літаратурнага аб’яднання “Слова”, якім кіруе Таццяна Каленік пры бібліятэцы № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага.

Выдатны настрой, радасць сустрэчы, высокі эмацыянальны пад’ём не адпускалі прысутных на працягу ўсяго мерапрыемства. Асабліва кранальнымі сталі ўспаміны аб родным горадзе Таццяны Рыгораўны, які глядзіцца ў люстра найпрыгажэйшай ракі Беразіны, альбо, як казалі ў народзе, Бярозы.

«Прахапілася.

Разгарнула сцяблінкі

прытуманеных прасцягаў,

а паміж купінамі дахаў ‒

рознакаляровае свята

цукровых пеўнікаў!

 

Бягу да іх!

Бягу…

Дазнацца хачу: «Ну, як там…

як…

у краіне Дзяцінства?..»»

 

Такімі радкамі звярнулася віноўніца ўрачыстасці да бярэзінцаў. На гэта трапяткое пытанне ёй адказалі Вольга Рацэвіч – пісьменніца, перакладчыца, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, аднакласніцы Надзея Сусекава, Людміла Усікава, Вольга Баброва, аматары паэзіі. Нават з горада на Сожы Гомля, дзе калісьці жылі продкі пісьменніцы па матчынай лініі, прыехала самая юная госця мерапрыемства ‒ Юлія Кавальчук, аўтар праекта “Новинки литературных журналов”. Анатацыя да кнігі “Каб не спыніўся РУХ”належыць яе ж пяру.

Тры гадзіны праляцелі імгненна. Свята майстэрства пяра і алоўка, шчодра аздобленае паэзіяй, музыкай, водарам кветак, памятнымі дарункамі, атрымалася прыгожым, змястоўным, непаўторным.

Сапраўднае свята мастацтва!

Выстава працягнецца да 22 красавіка.

 

Галіна ПЛАКСА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER