Лёсы пад знакам “OST”

Date 11.04.2024 Man
Comment 449
Лёсы пад знакам “OST”

Вялікая Айчынная вайна аказалася жудаснай па памерах нанесеных страт нашаму беларускаму народу. Людзі гінулі не толькі на франтах і ў ходзе барацьбы з ворагам у партызанскіх атрадах. А колькі мірных жыхароў сталі ахвярамі фашысцкага генацыду! Аднак і гэтага ворагу было мала. Адной з форм знішчэння беларускай нацыі стаў вываз людзей на прымусовыя работы ў Германію, іх утрыманне ў канцлагерах, дзе многія, не вытрымаўшы голаду, здзекаў і непасільнай працы, гінулі і паміралі. Тыя ж, каму пашчасціла выжыць, назаўсёды захавалі ў сваіх сэрцах балючую памяць пра тыя жудасныя часы.

На сённяшні дзень, па інфармацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, на Бярэзіншчыне засталося толькі шэсць былых вязняў. Гэта Феафан Лемяшэўскі, Галіна Шмэрка, Сафія Барысевіч, Галіна Яфрэмава, Ніна Несцяровіч і Паліна Шаўцова. Усяго шасцёра з ліку 1336 маладых людзей, якія ў час вайны трапілі ў нямецкае рабства і чые лёсы яна пераламала. Сёння мы прыводзім фотаздымкі некаторых з іх, а таксама асобныя ўрыўкі з успамінаў, запісаных яшчэ пры жыцці бярэзінскіх вязняў.

Васіль ГРЫБКО:

– “Раніцай 14 лістапада 1942 года казакі і паліцаі, на чале з немцамі, недаехаўшы крыху да в. Капланцы з боку Беразіно, спынілся і акружылі вёску. Сагналі ўсіх маладзейшых жыхароў на сход у будынак воласці. Пасля адбору нам аб’явілі, што адправяць на работу ў Вялікую Германію і пад канвоем паліцаяў пагналі ў Беразіно. Там ужо многа такіх было. На трэці дзень падышлі машыны, нас пагрузілі і пад узброенай аховай павезлі ў Магілёў. Лагер быў абнесены калючым дротам з паставымі вышкамі. Праз некалькі дзён паставілі калонамі і пагналі на чыгунку, пагрузілі ў вагоны, як жывёлу, і павезлі.

Лёс закінуў мяне на базу металалому. Жылі ў падвальным памяшканні ў трох кіламетрах ад работы. Лагер Гессэ. На работу і з работы хадзілі ў суправаджэнні немца. Працавалі па 12 гадзін, толькі ў нядзелю па 10. У дзень давалі па 300 г хлеба і чарпак баланды (у абед і вечарам) з бручкі або шпінату. А работа была цяжкая, пад адкрытым небам. Сонечных дзён амаль не бачыў – усё туман і сырасць…”.

 

Марыя БАНДАРЧЫК:

– “Брэменскі лагер знаходзіўся за калючым дротам. Падняволеныя рабочыя вырабляюць нейкія дэталі. Ці то незвычайны драўляны абутак – “абіякі”, ці нязвыкла мясцовы клімат паўплываў, але пачалася ў мяне цяжкая хвароба ног. Не работніца я ўжо болей. З адчаем думала аб тым, што мяне чакае.

Але “гаспадары” пашкадавалі мяне, перавялі на лягчэйшую работу – у сталовую. Разлівала баланду для такіх самых гаротнікаў. Варголы (пустая вада) з паваранымі ў ёй для навару касцямі, гнілая капуста з чарвямі ў якасці натуральнай прыправы, ды без хлеба – вось што служыла дзённым рацыёнам для нас, небаракаў. Абед гэты займаў 30 мінут – і зноў за справу.”

 

Тамара ШАРКОЎСКАЯ:

– “Здавалася, гэты едкі пах навечна застанецца з намі - так даймаў ён нас, катаржанак нямецкай гумавай фабрыкі. Надта непрыглядны выгляд мелі барак, цэментная падлога, салома замест подсцілкі і падушак. Многія апускаліся, але я даводзіла дзяўчатам, што ў такіх умовах ад нас саміх шмат што залежыць. Кожны з нас лічыўся не чалавекам, а “рабочай адзінкай” са спецыяльным нумарам на драўлянай дошцы. Твой пашпарт-пасведчанне – адбітак вялікага пальца на гэтай дошцы. Знак ОСТ – абавязковая нашыўка на адзенні, які ўспрымаўся як знак нашай другасортнасці.

Недасыпанне, недаяданне, работа ў шкодных умовах знясільвалі нас. Ніколі б не паверыла, што можна спаць ідучы, але сама перажыла такое. Ідзём мы, дзяўчаты, пад рукі, і спім на хаду па дарозе ў цэх, у туалет…”.

Такіх лёсаў і жудасных успамінаў шмат. Нікому не пажадала б такога непамернага ярма і нечалавечага жыцця.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « 80 лет мира и созидания Дарогам быць камфортнымі »