Бярэзінцы развіталіся з калядой

Date 21.01.2026 Man
Comment 236
Бярэзінцы развіталіся з калядой

У Новіснкім сельскім доме культуры адбыўся традыцыйны народны абрад “Цягнуць каляду на дуба”. І хоць з года ў год абрад не мяняе свайго раскладу, вядзецца па старадаўнім сцэнарыі, гэта ніколькі не зніжае цікавасць да яго, бо дазваляе кожнаму з удзельнікаў дакрануцца да шматвекавых народных традыцый і культурнай спадчыны нашага народа.

Яшчэ да таго, як адправіцца ў шлях да запаветнага дуба, дзе адбываецца кульмінацыя свята, у  мясцовым Доме культуры распачаліся падрыхтоўчыя работы. Трэба было стварыць і належным чынам упрыгожыць саламяную ляльку – Каляду, прыбраць у прыгожыя стужкі коней і вазкі, якія на чале калоны адправяцца да месца правядзення абраду.

А пакуль што прыбываючых гасцей у СДК віталі музыкі вясёлымі найгрышамі, былі тут і народныя танцы, у скокі пускаліся і малыя, і старыя. Гаспадыня свята Святлана Клімовіч цікавіцца ў прысытных, наколькі тыя старанна прытрымліваліся калядных традыцый, ці не грашылі ў гэтыя святыя дні, а тым, хто займеў за гэты час нейкія правіннасці, прапанавала зняць з  сябе гэтыя грахі, перасёкшы на ганку венік-галяк, а потым яго рэшткі высыпаць на перкарыжаванні дарог.

 

Вось пад гучныя спевы нараджаюць каляду (сноп жыта, прымацаваны да невялікага кола) – у спаднічку, сукенку, нібы дзяўчыну. Даставіць яе да дуба давяраюць самай старэйшай удзельніцы свята, якую усаджваюць на сані  з калядой і чыгунком куцці, каб адправіцца ў дарогу. На працягу ўсяго шляху не сціхаюць святочныя песні і жарты.

 

Наступная дзея свята адбываецца ля падножжа вялікага дуба, што расце непадалёк ад вёскі Марціянаўка. Яшчэ здалёк заўважаеш сярод яго ветак падобную ж ляльку-каляду, якая была прымацавана там мінулай зімой. Настаў час памяняць яе на сёлетнюю. Устанавіць каляду бярэцца Аляксей Клімовіч і даволі шпарка спраўляецца са сваёй задачай. Дарэчы, існуе павер’е, што малады чалавек, які выконвае гэтую місію, ужо на працягу года можа стаць чалавекам сямейным і знайсці сваё шчасце. Не выключае такога варыянту і Аляксей. Яму 25 гадоў і на прыкмеце ў яго ўжо ёсць падыходзячая для шлюбу кандыдатура. Так што павер’е, відаць, апраўдае сябе і на гэты раз.

 

А тым часам каля дуба разводзіцца вогнішча, на якім згарае старая каляда. Удзельнікі мерапрыемства водзяць карагод і частуюцца кашай, гарачым чаем, аладкамі, салам, сальцісонам, каўбасамі і іншымі дамашнімі прысмакамі. Але больш багата розных блюд і пачастункаў, у тым ліку і традыцыйных калядных, чакае ўдзельнікаў абраду ў памяшканні Дома культуры. Тут не толькі спраўляюць багатае застолле, а ладзяць таксама скокі, конкурсы і шматлікія гульні. І сумаваць у такой кампаніі нікому не даводзіцца.

Што ж, бывай, каляда-калядзіца, зыч нам шчасця і абяцай багатага ўраджаю ў гэтым годзе, бо мы слаўна адзначылі цябе і годна праводзілі, каб налета ізноў сустрэцца і правесці з табой нямала вечароў.

Адзначым, што каляда добра рассыралася па снезе. Значыць, будзем з ураджаем!

 

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць