З «Харвестэра» – за штурвал камбайна

Date 10.08.2026 Man
Comment 7
З «Харвестэра» – за штурвал камбайна

У гарачую пару жніва ў сельскай гаспадарцы кожная пара рук ніколі не лішняя. У дапамогу аграрыям прыходзяць не толькі супрацоўнікі сілавых структур, але і работнікі з іншых сфер, у тым ліку Бярэзінскага лясгаса.

Напрыклад, машыніст лесагарыхтоўчай машыны «Харвестэр» Валерый Стасевіч рупіцца ў бітве за ўраджай на палях ААТ «Брадзец». Чалавек жвавы, увішны, са складанай тэхнікай на «ты» ўжо доўгія гады. Працаваў на «Харвестэры» яшчэ ў часы існавання вядомай бярэзінскай арганізацыі «Профітсістэм» на працягу каля трох з паловай гадоў. Потым, калі арганізацыі не стала, уладкаваўся ў Бярэзінскі лясгас па той жа спецыяльнасці. Заўважым, што ўменне кіраваць «Харвестэрам» патрабуе моцных асабістых якасцей і спрыту, далёка не кожны здольны вывучыцца на такую прафесію, таму вопытнага спецыяліста прынялі з радасцю ў лясную гаспадарку.

Уласна сам Валерый Валер’евіч родам з Брадца. Што такое ўбіраць збожжа – ведае з дзяцінства, няпростая праца хлебароба знаёмая з малых часоў, бо і бацька, і дзядзька шчыравалі на камбайнах на палях роднай гаспадаркі. І сам Валерый да тэрміновай службы ў арміі працаваў некалькі сезонаў у якасці памочніка камбайнера. І хоць зараз жыве з сям’ёй у Беразіно, аднак родныя мясціны не забывае. І калі наспявала гарачая пара ўборачнай, вырашыў прапанаваць гаспадарцы ўласную дапамогу.

– Яшчэ раней, у час адпачынку, мне хацелася падзарабіць. Прыехаў сюды, звярнуўся да галоўнага інжынера Мікалая Крука, і на нейкі час стаў трактарыстам, – расказвае Валерый Стасевіч. – Папрацаваў – добра, спадабалася. Пасля разгаварыліся, даведаўся, што камбайн свабодны ёсць, а тут якраз не за гарамі ўжо быў пачатак уборачнай кампаніі, то я і прапанаваў дапамогу, такім чынам і патрапіў на камбайн. І працую з самага пачатку ўборачнай кампаніі.

Дарэчы, сёлетні сезон – першы ў жыцці Валерыя Стасевіча, калі ён удзельнічае ва ўборачнай кампаніі ў якасці камбайнёра. Працоўны дзень ў яго пачынаецца рана. Прыязджаюць у гаспадарку да сёмай раніцы. Адразу – заправіцца палівам, правесці прафілактычнае абслугоўванне тэхнікі, дзе трэба – пачысціць і змазаць агрэгаты, потым, калі спадзе раса, – марш у поле. На момант нашай сустрэчы ён быў задзейнічаны ва ўборцы пшаніцы. Шмат тут залежыць ад надвор’я, калі яно спрыяе, то працоўны дзень можа доўжыцца і да дзясятай, і нават адзінаццатай гадзіны вечара, бо ўбраць зерне трэба хутка і якасна.

Наогул, прадукцыйнасць залежыць і ад культуры, якую ўбіраеш. Аднойчы за дзень уборкі Валерый налічыў, што запоўніў «пад завязку» васямнаццаць бункераў камбайна. Добры намалот. Шмат гэта, асабліва калі невыносная спёка пануе ў полі. І хоць кабіна камбайна абсталяваная кандыцыянерам і для хлебаробаў створаны максімальны камфорт, усё ж працаваць ад рання да заходу сонца дадзена не ўсім. Гэта прызванне для сапраўдных герояў. Цікаўлюся, пасля «Харвестэра» садзіцца за штурвал камбайна ўжо не страшна?

– Шчыра кажучы, камбайн значна прасцейшы, – з усмешкай прызнаецца Валерый Стасевіч. – На «Харвестэры» столькі вузлоў і кнопак, хоць пра ўсе ведаеш, усімі ўмееш кіраваць, але ж, там свая спецыфіка. На камбайне прасцей, ён толькі крыху большы ў памерах.

Як далей гаворыць герой матэрыялу, работа звычная, даўно вядомая, нічога складанага ў ёй няма, бацька і дзядзька прывучалі яго да такой работы яшчэ з самага дзяцінства. І дзякуючы ім, з дзяцінства ён ведае, як працуюць і за што адказваюць усе вузлы камбайна. Так што ў полі перад усімі толькі адна задача – хутка і якасна ўбраць ураджай. І варта не сумнявацца: такія шчырыя, адкрытыя, працавітыя і добрыя людзі, якія працуюць у Бярэзінскім лясгасе і прыходзяць на дапамогу сельскай гаспадарцы ў гарачы час, сапраўды зробяць важкі ўнёсак у агульны раённы каравай.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Жнівень 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31