За моцнымі ўражаннямі на вялікім экране

Date 27.11.2026 Man
Comment 2
За моцнымі ўражаннямі на вялікім экране

У шэрагу паслуг, якія аказваюць бярэзінскія ўстановы і арганізацыі, прагляд кіно займае сваё пачэснае месца. І хоць камп’ютары, інтэрнэт, хатнія кінатэатры дазваляюць не выходзячы з дому аддаваць належнае аднаму з самых прагрэсіўных відаў мастацтва, але ж паход у сапраўдны кінатэатр на вячэрні сеанс у выхадны дзень да гэтай пары застаецца запатрабаваным спосабам бавіць вольны час і, як кажуць, развівацца культурна.

Знаёмы бярэзінцам з даўніх часоў кінатэатр “Юбілейны” зараз абсталяваны належным чынам, каб паказваць навінкі кінавідэапракату ў фармаце 3Д і 2Д, зала разлічана на 91 месца. І хоць усе гэтыя месцы запоўнены не заўсёды, але ж, як сведчаць работнікі аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Бярэзінскага раёна, на вячэрнія кінасеансы, асабліва падчас паказу вядомых блокбастэраў, часцяком збіраюцца стабільна па 25-30 чалавек. Прычым гэта людзі рознага ўзросту: ад дзетак, якія прыходзяць разам з дарослымі, да ўжо пенсіянераў – даўніх заўзятараў кіно, якія пачыналі сюды наведвацца яшчэ ў часы ўласнай маладосці ў савецкую эпоху.

Працуе кінатэатр па пятніцах, суботах і нядзелях – тыя самыя дні, калі людзі аддаюць перавагу адпачынку. У астатнія дні тыдня – толькі па заказе.

– У нас наладжана даўняе шчыльнае супрацоўніцтва з упраўленнем па адукацыі, мы праводзім для дзетак кіналекторыі рознага накірунку, напрыклад, на тэмы бяспекі, грамадзянскага выхавання, патрыятызму, дзяржаўнай сімволікі, а таксама па прафілактыцы алкагалізму, курэння і наркаманіі і іншыя - усяго больш за дваццаць тэм, - расказвае дырэктар установы Ірына Рамановіч.

– Паказваем шмат кіно ў час летніх канікул: і мастацкага, і дакументальнага. Наогул жа, стараемся быць у трэндзе і знаёміць гледачоў з самымі новымі стужкамі, каб рэпертуар адпавядаў па магчымасці ўсім запатрабаванням і густам. Вось апошні раз удала прайшоў паказ “Чалавек-павук. Новы дзень”.

Калі падводзіць нейкую рысу, то відавочна заўсёды – людзям падабаецца прыходзіць на навінкі пракату. Усё ж, вялікая зала, вялікі экран, адпаведны гук надаюць такія ўражанні ад прагляду, якія нізашто не атрымаеш, калі глядзіш кіно дома на камп’ютары або іншым “маленькім” экране. У кінатэатры свая атмасфера, і людзі сюды ідуць у першую чаргу за пачуццямі, эмоцыямі, перажываннямі. І надта асаблівае ўражанне, калі кіно ў фармаце 3Д. А стужкі такога фармату займаюць прыкладна дваццаць працэнтаў ад агульнай колькасці фільмаў. Гэта вельмі захапляльна і зручна, атрымаць перад сеансам спецыяльныя акуляры і потым пагрузіцца амаль што ў атмасферу прысутнасці. Асабліва калі поўніцца спецэфектамі і насычана колерамі.

Дарэчы, каб ужо напоўніцу адпавядаць сусветнай культуры кінапрагляду і быць у нагу з часам, у кінатэатры маецца і асабісты бар. Для гледачоў заўсёды папкорн і цукарная вата ўласнай вытворчасці. Дзеці ад гэтай забавы ў поўным захапленні, дарослыя таксама часам не супраць.

У кінатэатры “Юбілейны” паказваюць кіно розных вытворцаў, айчынных і замежных: беларускае, расійскае, замежнае, і кожны сеанс перад вялікім экранам гэта нібыта партал у іншы свет, створаны адэптамі кінамастацтва. Фантастыка і рэалізм, драма і камедыя, кіно і мультфільмы, усё, што пажадае душа. Сёлета паказвалі сусветныя навінкі “Мандалорэц і Грогу”, “Звераполіс 2”, “Пачвара. Планета смерці”, “Валчок”, “Дзед Мабіль”. Шмат бярэзінцаў паглядзела драму вытворчасці “Беларусьфільм” – стужку “Адно на дваіх”, прысвечаную подзвігу беларускіх ваенных лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенка. А ў бліжэйшы час плануецца паказ “Галодных гульняў” і іншых новых фільмаў.

– Гледачу заўсёды хочацца добрых пачуццяў, часам надрыўных, часам вясёлых, і кіно дазваляе дакрануцца да іншай плоскасці па-за межамі паўсядзённасці, пражыць перад экранамі разам з героямі іншае жыццё, перазагрузіцца, нават навучыцца чамусьці новаму, адкрыць асабіста для сябе штосьці раней невядомае ці проста разняволіцца і адпачыць, - падкрэслівае напрыканцы Ірына Міхайлаўна. – Вось для гэтага і існуе кінатэатр!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

Падрабязна у гэтай катэгорыі: « Счастье - в детях
« Лістапада 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30