Што для вас Дзень Незалежнасці?

Date 05.07.2022 Man
Comment 449
Што для вас Дзень Незалежнасці?

Сяргей ЧЭМКА:

- 1944 год стаў знакавым у лёсе беларускага народа. Менавіта 3 ліпеня сталіца нашай рэспублікі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праз шмат гадоў, у 1996 годзе, гэты дзень стаў галоўным дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 3 ліпеня - сімвал міру і стабільнасці, мужнасці і гераізму, пераемнасці пакаленняў і павагі традыцый. У гэты дзень кожны з нас усведамляе, што з'яўляецца часткай незалежнай і суверэннай дзяржавы, краіны, дзе ёсць магчымасць працаваць, а галоўнае - упэўнена глядзець у заўтра. Паважаныя бярэзінцы, віншую вас з Днём Незалежнасці! Здароўя на доўгія гады, дабрабыту і шчасця, невычэрпнай энергіі і дабра, стабільнасці і поспехаў у працы на карысць Радзімы.

Таццяна ТАЛОЧЫНА:

- У першую чаргу, Дзень Незалежнасці - гэта на самой справе вялікае свята, свята для ўсяго беларускага народа. 9 мая адзначаем са слязамі на вачах, а вось 3 ліпеня з радасцю ў душы. Калі ў мяне сын служыў у роце ганаровага каравула, то мы заўсёды 3 ліпеня былі на парадзе, прымеркаваным да свята.

Эмоцыі і пачуцці не перадаць словамі!..

У гэты светлы і радасны дзень ад усёй душы жадаю жыхарам нашага раёна моцнага здароўя і вялізнага чалавечага шчасця! Няхай над нашай роднай краінай заўсёды будзе чыстае мірнае неба, пануюць спакой у сэрцах людзей і дабрабыт у дамах!

Мікалай ГОМАН:

- Дзень Незалежнасці - самае галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Для мяне Дзень Незалежнасці — знак нашага гераічнага мінулага, сімвал свабоды. Свята заваявана цаной вялізных страт. Калі бацькі былі жывыя, то мы заўсёды ў гэты дзень збіраліся ўсёй сям'ёй у вёсцы. Успаміналі тых, хто не вярнуўся з вайны. Зараз традыцыю таксама працягваем, бо забыць подзвіг, які здзейснілі нашы дзяды і прадзеды, немагчыма!

Міхаіл і Людміла ФЯСУН:

— Мірнае блакітнае неба, урадлівыя залатыя палі, усмешлівыя твары беларусаў — менавіта з такімі карцінамі асацыіруецца гэты дзень. Дзень Незалежнасці — самае дарагое свята нашага народа, якое выклікае найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю сваёй Радзімы і верыць у яе годную будучыню.

Анастасія КОТАВА, Сяргей МІЛЬКО:

- Дзень Незалежнасці - гэта значная дата для ўсіх беларусаў. Акрамя таго, як і любое свята, 3 ліпеня аб'ядноўвае народ, дорыць станоўчыя эмоцыі і ўсмешкі, што таксама вельмі важна.

Гэта выдатная нагода правесці час з сям'ёй або сябрамі ў святочным асяроддзі.

 

 

 

 

 

Яніна КЛІМОВІЧ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER