Па кім так шапацяць бярозы?

Date 16.08.2022 Man
Comment 479
Па кім так шапацяць  бярозы?

У вёсцы Краснае Дзмітравіцкага сельскага Савета помнік ахвярам фашызму пастаўлены якраз на месцы дома, у якім былі расстраляны і спалены мужчыны.

“Бандыцкая вёска”

Дом стаяў на ўскрайку вёскі, дзе ўшчыльную праступаў лес, які абрамляў яго сваімі карункамі. Ды і побач было вялікае балота Голае. Лес і балота ў гады Вялікай Айчыннай вайны служылі народным мсціўцам надзейным домам і ахоўнікам, а вёска Краснае ўжо праз лічаныя месяцы пасля вайны стала партызанскімцэнтрам. Адсюль партызаны ішлі на заданні і сюды вярталіся. Партызанскі атрад №128, якім камандаваў В.П. Свістуноў, вырваўшыся з майскай 1942 года блакады, у жніўні гэтага года знаходзіўся ў вёсцы. Тут, дарэчы, быў абсталяваны аэрадром, каб прымаць самалёты з Вялікай зямлі. Сюды ж, пасля фашысцкай карнай аперацыі часова перабазіраваўся з Клічаўскага раёна 277-ы партызанскі атрад. Немцы і іх памагатыя-паліцэйскія з суседніх гарнізонаў даведаліся аб гэтым. Нездарма ж Краснае называлі “бандыцкай вёскай”і рыхтавалі над ёй расправу…

 

Першы налёт

Першы налет на вёску Краснае датаваны кастрычнікам 1942 года. Гэта занатаваў на падставе матэрыялаў жывых сведкаў краязнаўца Мікалай Любецкі. Тады фашысты-карнікі ўварваліся ў вёску і выклікалі на допыт у дом Алісея Антонавіча Крыварота ўсіх вяскоўцаў. Цікавіліся, дзе партызаны, хто з жыхароў ім дапамагае і мае зброю. Вялі сябе гітлераўцы груба і жорстка.Тых, хто маўчаў і адмаўляўся адказваць на пытанні, білі, не шкадавалі ні малых, ні старых, настаўлялі на людзей кулямёты, аўтаматы, пагражалі або расстраляць іх або спаліць жывымі ў гэтым доме.

- Рабілася гэта такім чынам, - успамінала Лілія Крачкоўская, - няшчаснага прывязалі да доўгай лаўкі і катавалі, пакуль ён не страціў прытомнасць. Потым яго адвязвалі і кідалі на падлогу, лілі на паўжывога халодную ваду. І гэтак кожнага па некалькі разоў.

Асабліва ў маю памяць запала пытка аднаго маладога хлопца. Білі яго жудасна. Я бачыла, як з яго спіны пасля кожнага ўдара лілася кроў, на целе заставаліся глыбокія раны. Але ён не сказаў ніводнага слова, толькі ціха стагнаў. А калі хлопец перастаў падаваць прыкметы жыцця, яго, як і іншых, кінулі на падлогу. Сярод жанчын і дзяцей, якіх прымусілі глядзець на мучэнні сваіх родных, падняліся паніка, крык, плач…

Слова сваё немцы стрымалі. Пакуль людзі знаходзіліся ў няволі, фашысты разграбілі вёску. Жывёлу, птушку і іншае нарабаванае дабро адправілі ў гарнізоны. Ды і знайшоўся сярод вяскоўцаў здраднік, які выдаў людзей, што падтрымлівалі сувязь з партызанамі. Вечарам таго ж дня людзей адпусцілі, але не ўсіх. Чатыры сям’і, а гэта 23 чалавекі, карнікі расстралялі, спалілі іх дамы. Па-зверску былі забіты сем’і Вікенція Бабіцкага, дзе кватараваў камандзір аднаго з партызанскіх атрадаў і Ядвігі Зяленскай, у доме якой размяшчалася санітарная часць. Былі расстраляны сем’і Мікалая Варановіча і Канстанціна Сіняка. Першы, як стараста вёскі, не даносіў у гарнізон, што ў вёсцы бываюць народныя мсціўцы, другі ляснік не паведаміў фашыстам, дзе ў лесе знаходзяцца партызаны.

 

Праз тыдзень ізноў

Роўна праз тыдзень на д-світку ў вёсцы ізноў з‘явіліся карнікі.

На гэты раз атрада Дзерлівангера, а партызаны ў гэты час прыйшлі за хлебам і знаходзіліся ў крайняй хаце. Паперадзе карнага атрада ехала разведка на матацыклах. Партызаны адкрылі агонь і забілі двух матацыклістаў.

– Спачатку прыехала разведка немцаў, - успамінала Ніна Фёдараўна Пышная. – У гэты час у вёсцы былі два партызаны. Яны адкрылі па немцах агонь, але сілы былі няроўныя.

Немцы пачалі страляць, акружылі вёску. Хапалі ў першую чаргу мужчын і гналі па вуліцы да дома Алісея Антонавіча Крыварота. У гэты час менавіта з-пад куль удалося ўцячы

Паўлу Антонавічу Крывароту. Фашысты наўздагон паранілі яму плячо і твар. Яшчэ да таго, як вёска была канчаткова акружана, з яе ўцяклі Марыя Пятроўна Кляшчонак і яе сусед Адам Іванавіч Крыварот з сям’ёй.

– Майму старэйшаму брату Альфрэду, як і мне, тады было дзевяць гадоў, – успамінае Лілія Пятроўна Крачкоўская, – ён непрыкметна выбег з дому і схаваўся, астатніх чатырох малых маці прыціснула да сябе і нікуды не адпускала. Некалькі разоў немцы заходзілі ў хату, пераварочвалі ўсё і забіралі тое, што спадабалася. Маці спрабавала бараніць нажытае, але фашыст моцна стукнуў ёй прыкладам аўтамата, яна павалілася і страціла прытомнасць.

Потым з’явіўся эсэсавец, які страляў з аўтамата. Не памятаю, як я апынулася у спальні пад ложкам. Вокны тут былі завешаны і мяне, напэўна, не заўважылі. Калі я ачуняла і вырашыла выпаўзці са сховішча, у хаце было поўна дыму, пахла гарэлым. Фашыстаў не было. Непадалёк на падлозе ляжаў мой брат. Я памацала рукой яго галаву, яна была ліпкая, з раны цякла кроў.

Далей ляжала матуля. Яна ціхенька адкрыла вочы, падняла галаву, потым села. Мне хацелася да яе падбегчы, але тут у хату ўвайшоў эсэсавец. І некалькі разоў выстраліў па матулі. Яна ўпала, белая хустка на галаве пачала чырванець, а вакол галавы збірацца лужына крыві.

Калі забойца пайшоў, я пачула плач і знайшла сваю трохгадовую сястрычку Раю. Яна была паранена ў жывот і хутка памерла Я выйшла ў пярэдні пакой. Вокны былі выбіты. Рэчы раскіданы, а на падлозе ляжаў паўтарагадовы брацік Алік. Ён быў яшчэ жывы, аднак часта дыхаў і маргаў вочкамі, а пад ім была лужына крыві.

Хацелася бегчы ў двор і там схавацца, але зграя у хату ўварвалася цэлая зграя карнікаў. У спальню зайшоў адзін фашыст. Я бачыла з-пад ложка, як ён кідаў на забітых падушкі, коўдры, пярыну, а потым абліў іх бензінам. Хутка полымя ахапіла ўвесь дом.

Дзяўчынка выскачыла на вуліцу і ўбачыла, што ў канцы вёскі стаяла шмат людзей і вакол іх хадзілі фашысты з аўтаматамі. Яна пабегла да суседзяў і ўбачыла жудасную карціну – на падлозе гарэла вогнішча, у якім ляжалі абгарэлыя трупы дарослых і дзяцей. Так дзве сям’і загінулі ад рук крывавых катаў. Пераступіўшы парог дома, нехта з эсэсаўцаў паклікаў па-руску:

- Девочка, иди сюда.

Яна кінулася бегчы, пачалася страляніна. Параненая ў руку Лілія спачатку хавалася ў сушні. Там прасядзела да вечара і калі ўсё сціхла, выйшла на вуліцу. Вельмі хацелася піць. Але немцы абарвалі вёдры на ўсіх калодзежах. Яна моўчкі пайшла да сваёй хаты, але яе ўжо не было - дагаралі апошнія бярвенні. Паўсюдна стаяла такая карціна.

 

Цудам выжылі 8 чалавек

Цудам застаўся ў жывых і брат Ліліі - Альфрэд. Ён разам з Настассяй хаваўся ў доме цёткі Яніны ў шафе. Як толькі немцы пайшлі і хата стала поўніцца дымам, яны кінуліся ўцякаць у лес. Фашысты іх заўважылі і пачалі страляць. Настассю забілі, а Альфрэд паваліўся разам, трапіўшы пад яе труп. Затым дапоўз да лесу і ўвечары дабраўся да суседняй вёскі Міхеевічы.

Пашчасціла застацца ў жывых і Надзеі Рыгораўне Крыварот.

- Нас у доме было чацвёра, - расказвала яна, - маці, два браты і я. Немец выбіў акно, выстраліў. Маці ўпала, потым былі забіты і мае браты. Я сядзела на ложку. Першая куля праляцела міма. Фашыст стрэліў другі раз, але прамахнуўся. Ад страху я ўпала на падлогу. Эсэсавец зайшоў у хату, рассыпаў пер’е з падушак, падпаліў і пайшоў. Я хацела ўцячы, але карнік вярнуўся, каб запаліць шпалеры на сценах. Калі хату ахапіла полымя, я выбегла ў двор і схавалася на агародзе, а затым перабралася да цёткі ў Міхеевічы.

Сведкам крывавай трагедыі стала і маленькая Амілія Ануфрыеўна Дудко. Ёй жыццё выратавала матуля, якая закрыла яе сваім целам пасля выбуху. З палаючай хаты яна выбралася праз акно.

 

Не даюць забыць трагедыю бярозы

Вёска Краснае была поўнасцю знішчана, згарэлі 33 дамы не стала 86 вяскоўцаў.

У жывых засталося 8 чалавек. Рэшткі згарэўшых людзей пахавалі жыхары суседняй вёскі Міхеевічы. Тут на могілках знайшлі апошні прытулак забітыя немцамі вяскоўцы.

Выжыўшыя пасля трагедыі жыхары вёскі не забыліся пра подзвіг сваіх вяскоўцаў. Краснае паступова аднаўлялася і ў пачатку 60-ых гадоў тут на месцы расстрэлу паставілі помнік і школьнікі пасадзілі парк.

– Я добра памятаю гэты дзень адкрыцця помніка, – расказвае 84-гадовая жыхарка вёскі Краснае Лідзія Нічыпараўна Любецкая, – людзей было шмат, школьнікаў, дзятвы. Ніхто не хаваў сваіх слёз. Такой незагойнай была рана на сэрцах вяскоўцаў. Ды і не даюць пра гэта мне забыцца і бярозы, якія ўжо вымахалі пад самае неба. Словамі не перадаць, як пранізліва шумяць яны, калі гуляе вецер. Ды і стойкасць дрэў неверагодная, не раз яны былі пашкоджаны ўраганам, але працягваюць надзейна стаяць і нагадваць нам аб жудаснай трагедыі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER