Дзе куюць чэмпіёнаў?

Date 20.05.2022 Man
Comment 976
Дзе куюць чэмпіёнаў?

Традыцыйна ў трэцюю суботу мая наша краіна ўрачыста адзначае Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Гэта свята аб’ядноўвае прафесійных спартсменаў, трэнераў і тых, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных узростаў, прафесій і інтарэсаў. Ды і кожны з нас мае да яго самае прамое дачыненне, бо хто ж у дзяцінстве не займаўся спортам, не марыў аб перамогах і дасягненнях, ды і аб бліскучай спартыўнай кар’еры.

 

Праўда, рака жыцця такая няпростая і на яе хвалях не кожнаму ўдаецца ажыццявіць мару і не здрадзіць юнацкім амбіцыям. Таму ў лепшым выпадку на памяць аб тых часах павінна застацца яшчэ жаданне займацца фізічнай культурай і прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. А яшчэ вялікая павага да сваіх выкладчыкаў фізічнай культуры і спорту. Яны асобна стаяць у нашай школьнай памяці. Цалкам гэта пацвярджае дырэктар ДУА “Турыстычны цэнтр “Юнацтва” Дзмітрый Ванькевіч.

Усе пачынаецца з кіраўніка

Ён вялікі і па-сапраўднаму апантаны аматар спартыўнага арыентавання, які марыць і шчыра спадзяецца, што некалі яго любімы від спорту абавязкова ўвойдзе ў праграму алімпійскіх гульняў. Гэтай верай ён заразіў не толькі сваіх дачушак, якія па слядах бацькі і сёння падтрымліваюць сябе ў выдатнай фізічнай форме, каб выступаць на розных спаборніцтвах, але і сотні бярэзінскіх юнакоў і дзяўчат.  Дзмітрый Мікалаевіч – сапраўдны кумір некалькіх пакаленняў бярэзінцаў і вялікі аматар спартыўнага арыентавання, які сабраў вакол сябе вялікую армію аднадумцаў.

– Сёння спартыўным арыентаваннем у раёне займаюцца звыш 400 юнакоў і дзяўчат, – расказвае ён. – Для іх наладжаны трэніроўкі не толькі непасрэдна ў цэнтры і ў нашым філіяле ў вёсцы Высокая Гара, але і ў шэрагу навучальных устаноў раёна. Нашы педагогі дадатковай адукацыі з ахвотай займаюцца з дзецьмі і самі пастаянна ў розных умовах і мясцовасцях удасканальваюць фізічную форму і навыкі.

Акрамя таго, мы вядзём актыўную краязнаўчую і турыстычную работу, што ў разы памнажае плён нашых намаганняў у паўнацэнным выхаванні дзяцей.

Дзмітрый Мікалаевіч вось ужо больш за пятнаццаць гадоў нязменна ўзначальвае турыстычны цэнтр “Юнацтва”. Толькі ў першы год работы ўстановы дадатковай адукацыі 9 груп сабралі амаль 120 жадаючых, а сёння гэта лічба пастаянна прырастае. Тут штогод набірае моц не толькі секцыя спартыўнага арыентавання, але і велатурызм і краязнаўчы гурток “Мой родны кут”. Яго першымі педагогамі былі Мікалай Самец, Віталій Пянкрат, Надзея Глотава.

Свая фішка

Пятнаццаць гадоў – узрост па ўсіх мерках юнацкі, але за гэты час зроблена калектывам цэнтра вельмі шмат. Так, сёння ў яго склад уваходзіць не толькі будынак ў вёсцы Жорнаўка, а яшчэ і філіял, які размясціўся ў будынку былой Высакагорскай школы. Тут знайшлося месца не толькі для наладжвання спаборніцтваў, але і захаванага са школьных часоў краязнаўчага музея.

– Гэта своеасаблівая фішка нашага філіяла, – дадае педагог дадатковай адукацыі Алена Васілевіч, – бо набірае моц адукацыйны турызм. Ён дазваляе нашым спартсменам пашыраць кругагляд, дакрануцца да гісторыі і каштоўнасцей
роднага краю, спрыяе якасці ведаў і развіццю дзіцячых здольнасцей.

На тэму турызму і краязнаўства гатова часамі гаварыць метадыст Алена Вінцарэвіч. Яна лічыць, што асноўнымі напрамкамі выкарыстання тэхналогіі адукацыйнага турызму альбо турыстычнымі маршрутамі з’яўляюцца культуралагічны, адукацыйны, прафарыентацыйны і здароўезберагаючы турызм. Таму і распрацавала сама з іншымі педагогамі Бярэзіншчыны некалькі відаў самых розных маршрутаў.

– Гэта можа быць аўтобусна-пешаходнае падарожжа альбо велапрагулка, – гаворыць яна, – якія аднолькава падыдуць як для вопытнага турыста, так і пачынаючага. Ды і вабяць аматараў такога актыўнага адпачынку нашы маршруты “Горад лыжкі над Бярэзінай”, “Па святых мясцінах Бярэзінскага краю”, “Прамысловы турызм горада Беразіно”, “Маякі памяці Бярэзіншчыны”, “Багацце зямлі бярэзінскай”.

На іх мы шчыра запрашаем гасцей раёна і бярэзінцаў, якія ўлюбёны ў родны край і яго гісторыю.

Перамог не злічыць

Але пакуль краязнаўства і турызм набіраюць у цэнтры сапраўдную моц, тут цалкам валадарыць спартыўнае арыентаванне. Тыдня не праходзіць, каб яго юныя аматары не абвяшчалі аб сваіх перамогах у спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Вось нядаўна бярэзінская каманда па спартыўным арыентаванні вярнулася з другім месцам з абласных спаборніцтваў у Слуцку. Яна саступіла ва ўпартай барацьбе толькі гаспадарам мерапрыемства. У асабістым заліку сталі трэцімі Кірыл Буры, Лізавета Тушынская, Кіра Ждановіч, Аляксандр Акуліч, Ілья Крушны. Другое месца занялі Вадзім Лаўрэновіч, Дзяніс Буры і Паліна Ермаловіч. Дарэчы, Ілья Крушны слыве не толькі выдатным “арыентавальшчыкам”, але і аматарам бегу.

– Я – першакурснік універсітэта фізічнай культуры і спорту, – гаворыць юнак, – і заўсёды ахвотна бяру ўдзел у спартыўных спаборніцтвах у складзе роднай каманды. Гэта для мяне як выдатная трэніроўка перад будучымі больш адказным і сур’ёзнымі стартамі.

Поспехі навучэнцаў турыстычнага цэнтра спрыялі таму, што ўстанова стала ўпадабаным месцам правядзення спартыўных спаборніцтваў самага рознага ўзроўню. Вабіць сюды спартсменаў і аматараў актыўнага адпачынку не толькі вялікае хараство жорнаўскіх лясоў з дубровамі і хуткаплыннай ракой Бярэзінай, але і яшчэ даволі сур’ёзны падыход да арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў.

– Так сумленна і з душой ставіцца да ўсяго, што робіш, нас прывучыў Дзмітрый Мікалаевіч, – гаворыць Антаніна Звоннікава. – Дзякуючы яму, мы атрымліваем сапраўднае задавальненне ад сваёй працы. І гэта нягледзячы на тое, што мы амаль кожную суботу і нядзелю працуем, мерзнем на спаборніцтвах і дамоў вяртаемся прыцемкам.

Падабаецца работа педагога дадатковай адукацыі ў турыстычным цэнтры і яго напружаны графік работы і Алегу Басько. Ён шмат гадоў адпрацаваў выкладчыкам фі-зічнай культуры ў сельскай школе, а цяпер навучае дзяцей спартыўнаму арыентаванню і адказвае за іх фізічную падрыхтоўку.

– Наша галоўная задача – не выхаваць чэмпіёна і не памножыць скарбонку медалёў, грамат і кубкаў, – гаворыць педагог, – а закласці ў сэрцы дзіцяці на доўгае жыццё патрэбу ў неабходнасці фізічнай культуры і падтрыманні прынцыпаў здаровага ладу жыцця.

Па выніках работы за 2021 год ДУА “Турыстычны цэнтр “Юнацтва” прызнаны лепшай установай дадатковай адукацыі ў раёне. 


Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER