Адпачынак каля вады не даводзьце да бяды!

Date 07.07.2022 Man
Comment 740
Адпачынак каля вады не даводзьце да бяды!

Па звестках таварыства выратавання на водах (ТРВОД) сёлета з пачатку года на 4 ліпеня ў рэспубліцы адзначаны 196 выпадкаў патаплення людзей, у ліку якіх 16 – няпоўнагадовыя, у Мінскай вобласці гэтыя лічбы склалі адпаведна 31 і 1 чалавек.

 

Адзначаны адзін выпадак патаплення і на тэрыторыі Бярэзінскага раёна. Адбыўся ён 30 красавіка ў в. Бычын. Пацярпеў мужчына, які ў нецвярозым стане займаўся рыбнай лоўляй забароненымі сродкамі рыбалкі.

Прыведзеныя факты і сумныя лічбы, тым не менш, ніякім чынам не ўплываюць на змяншэнні колькасці адпачываючых каля вады людзей, якія імкнуцца знайсці тут паратунак ад летняй спякоты. Вунь іх колькі на гарадскім пляжы! Асобна, кампаніямі, разам з дзецьмі. Гутарым з некаторымі адпачываючымі.

Валянціна:

– Мы мінчане, але вось ужо каля дзесяці гадоў назад як набылі ў Беразіно дом (муж быў тут неяк у камандзіроўцы і захапіўся мясцовымі краявідамі). З таго часу наша любімае месца адпачынку – бераг Бярэзіны. Памятаем гэтае месца яшчэ калі тут не было ніякага пляжа. Цудоўна, што гэты ўчастак берага так добраўпарадкавалі, абгарадзілі акваторыю буйкамі – за іх не заплываюць маторыя лодкі і гідрацыклы, захоўваецца бяспека для купання, асабліва дзяцей. Вось і я прыйшла не адна – з дзеткамі Мішам, Сашам і Варачкай. Пры такім багацці сонца, вады і прыгажосці мне ніякія заморскія курорты не патрэбны.

Алена:

– А мы з Данілкам і Цімафеем тут сёння ўпершыню. Адкуль у мяне ў такім выпадку такі загар? Дык гэта – вынік сонечных ванн, якія я прымала на беразе возера, што на вуліцы Перамогі. Таксама цудоўны куточак для адпачынку. А сёння выбраліся заадно і пакупацца. Настрой цудоўны. А для таго, каб ён не сапсаваўся, выконваем усе патрабаванні мер бяспекі каля вады. Дзяцей трымаю ў пастаянным полі зроку, ды і сама за межамі пляжа не купаюся.

Зураб:

– Я таксама прыйшоў сюды не адзін. Вунь, дзеці купаюцца непадалёк. Сачу за імі, не пакідаю без увагі: меры бяспекі ў такой справе павінны абавязкова захоўвацца. Дзетак у мяне двое. На пляж прыходзім штодзённа. Гэта ж добры адпачынак, і для здароўя вялікая карысць. Цудоўна, што ў нашым горадзе ёсць такое ўтульнае месца.

Думаю, падобныя ж меркаванні мы пачулі б і з вуснаў іншых адпачываючых. А іх на гарадскім пляжы, па словах старшыні раённага таварыства ТРВОД Юрыя Палянскага, бывае чалавек па 200 ў буднія дні і звыш пяцісот – у выхадныя. Але ж гэта толькі частка тых людзей, хто бавіць свой вольны час каля вады. А як жа абстаяць справы на іншых участках ракі, дзе купанне забаронена? Адпраўляемся разам з Юрыем Міхайлавічам у рэйд-падарожжа па Бярэзіне.

У раёне другой гарадской школы, на абрывістым беразе бачым некалькі падлеткаў. Пра якое-небудзь суправаджэнне іх дарослымі гаворкі няма. А як жа кантроль за паводзінамі сваіх чадаў з боку бацькоў? Прычаліваем. Ю. Палянскі нагадвае купальшчыкам правілы паводзін на вадзе і просіць пакінуць небяспечны ўчастак вадаёма. Інфармацыя, здавалася б, прынята да ведама. Але на адваротным шляху нашага рэйса мы зноў бачым той самы малюнак. Тут ужо даводзіцца прымаць больш строгія меры і ў загадавым парадку патрабаваць пакінуць бераг. Чакаем, пакуль выказаная прапанова не будзе выканана. Вось толькі пытанне, ці надоўга гэтыя падлеткі пайшлі з рэчкі?

Па меры нашага рэйда яшчэ некалькі разоў пад’язджаем бліжэй да берага і Юрый Міхайлавіч ужо каторы раз даводзіць адпачываючым інфармацыю таварыства ратавання на водах аб захоўванні бяспекі ў час адпачынку каля вады, прыводзіць і свежыя мясцовыя факты і прыклады, якія знаходзяць жывы водгук у людзей. Канечне, побач з кожным купальшчыкам назіральніка не паставіш і не пракантралюеш яго паводзіны. Але агучаная інфармацыя павінна ўсё ж мець свой станоўчы прафілактычны вынік і прымусіць задумацца, штосьці са сказанага ўзгадаць пры ўваходзе ў ваду або пры ныранні з берага.

– У цэлым, – дзеліцца сваімі меркаваннямі Ю. Палянскі, – заўважыў, што за апошнія гадоў пяць колькасць асоб, што знаходзяцца каля вады ў нецвярозым стане значна і значна скарацілася. Гэта радуе. Значыць, людзі ўсведамляюць небяспеку і імкнуцца не дапускаць яе.
Прычына такіх перамен не толькі ў павышэнні асабістай адказнасці людзей, а і ў тых сумесных мерапрыемствах, якія рэгулярна ладзяць актывісты ТРВОД, супрацоўнікі РАНС, РАУС, райбальніцы, раённага выканаўчага камітэта, у пільным кантролі за паводзінамі і пастаяннай прафілактычнай рабоце па захаванні правілаў паводзін каля вады.

– З пачатку актыўнага адпачынку людзей на рэках і водасховішчах, а гэта, лічы, з чэрвеня месяца, – працягвае Ю. Палянскі, – толькі службай ТРВОД было праведзена звыш 70 асабістых гутарак з адпачываючымі, мы былі арганізатарамі і ўдзельнікамі сямі сумесных рэйдаў, пастаянна дзейнічае наш выратавальны пост. Акрамя таго, мы рэгулярна адсочваем сітуацыю, якая складваецца ў зонах адпачынку на азёрах у аграгарадку Паплавы і вёсцы Мачаск, а таксама на іншых водных аб’ектах Бярэзіншчыны. Вялікую работу па папярэджванні ня-шчасных выпадкаў на вадзе праводзяць і члены мабільнай групы райвыканкама ў месцах стыхійнага адпачынку людзей каля вады.

Як бачым, для таго, каб ваш адпачынак быў спакойным і бяспечным, многія людзі і прадстаўнікі шэрагу служб нясуць сваю варту. У стане павышанай гатоўнасці будуць яны знаходзіцца аж да канца купальнага сезона – да кастрычніка месяца. Але і вы, шаноўныя бярэзінцы, таксама павінны клапаціцца пра сваю бяспеку і ўласнае жыццё, не даваць лішніх повадаў пастукацца бядзе ў вашы дзверы. Няхай абміне яна вас і гэтым летам.

 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER