Сэрца і ўсю дабрыню аддаю дзецям!

Date 30.09.2022 Man
Comment 424
Сэрца і ўсю дабрыню аддаю дзецям!

Прафесія выхавальніка дзіцячага садка ва ўсе часы лічыцца самай адказнай і складанай. Хто з нас пагадзіцца несці адказнасць, выхоўваць і навучаць некалькі гадзін запар у дзень з дзясятак, а то і болей малых гарэз? Напэўна таму ў дзіцячых садках працуюць толькі тыя, хто цалкам аддаў сваё сэрца дзецям і гатовы прысвячаць сябе іх інтарэсам. Менавіта такім чалавекам называюць выхавальніцу дзіцячага садка № 4 Аксану Кавяцінец.

Усе 33 гады ў адным садку

Стаць выхавальнікам яна вырашыла яшчэ ў школе. Тады ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя гэта прафесія перажывала сапраўдны бум. Шмат дзяўчынак марыла працаваць у школе і дзіцячым садку. Вось і Аксана Уладзіміраўна без ваганняў пасля школы паступіла ў Барысаўскае педагагічнае вучылішча. Дамоў вярнулася з дыпломам і яшчэ больш вялікім жаданнем выхоўваць малых дзяцей.

– Вось так і працую ўжо 33 гады, – гаворыць выхавальнік, – з 1989 года ў адным садку №4. Вядома ж, за гэты час магла не раз змяніць установу. Але навошта, калі мне і тут добра! На працу маладым спецыялістам мяне прымала яшчэ Соф’я Трусевіч. Удзячна я ёй і тагачаснаму калектыву нашай дашкольнай установы за іх першыя ўрокі і парады. Дзякуючы ім, літаральна з першых дзён зразумела: работа выхавальніка і ёсць тое, пра што я заўсёды марыла. З таго часу мой лёс непарыўна звязаны з садком і яго малымі выхаванцамі.

 

Фірменны брэнд выхавальніка – усмешка

Больш як за тры дзесяцігоддзі Аксана Уладзіміраўна выхавала і падрыхтавала да школы каля двухсот хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама зарэкамендавала сябе як выдатны педагог.

– Яна ў нас адзін з самых вопытных і аўтарытэтных выхавальнікаў, – говорыць пра сваю падначаленую загадчыца садка Святлана Сямашка, - валодае рознымі формамі арганізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу і пастаянна імкнецца да пошуку новых ідэй. Яшчэ яна ў нас наватар, заўсёды прагне знайсці нешта новае і цікавае. Ды бачыце самі, яна бясконца добрая, дабрыня і спагада адчуваецца ў бляску вачэй, ды і бярэ ў палон адкрытая ўсмешка. Гэта ўжо фірменны брэнд выхавальніка, які вядомы бацькам і дзецям.

На працу толькі з добрым настроем

У словах кіраўніцтва няма ніякага перабольшання, бо ў сваёй справе Аксана Уладзіміраўна - сапраўды прафесіянал. Яна чулая і бязмежна ўважлівая да кожнага выхаванца.

– А інакш ніяк нельга, – пераканана яна, – мы павінны дзяцей любіць па-бацькоўску, бо нам жа трэба іх навучыць і выхаваць, падрыхтаваць да першых школьных выпрабаванняў. А тут не ўсё проста, трэба атуліць дзіця ўвагай і клопатам, падабраць той патаемны ключык да дзіцячага сэрца і яшчэ не пакрыўдзіць яго фальшам і падманам. Таму мы ў опцыі настаўніка знаходзімся практычна ўвесь рабочы час.

У садку ўсё важна

Аксана Уладзіміраўна пераканана, што ў педагагічнай дзейнасці няма дробяззей. Так, яна заўсёды імкнецца ісці на працу з добрым настроем. Не шкадуе ўсмешкі і добрых слоў людзям, ды і не любіць канфліктаў. Нездарма ж некалькі гадоў педагагічны калектыў выбіраў яе старшынёй прафсаюзнага камітэта. Ды і ўсім вядома ва ўстанове яе асаблівае стаўленне да дысцыпліны ў групе. Яе могуць парушыць толькі шчаслівыя гукі дзіцячай гаманы і смеху.

– Ведаеце, я роўна дваццаць гадоў адпрацавала з нянечкай Раісай Акулевіч, – говорыць яна, – і ў нас ніколі не было паміж сабой нават спрэчак. Мы пра ўсе гаварылі шчыра і адкрыта, разумелі адна адну з паўслова.Такое ўзаемаразуменне дапамагала нам у выхаванні дзяцей, устанаўленні даверлівых адносін з бацькамі, ды і наладжванні рамонту ў групах. Выхавальнікі гэта ж універсалы, бо ўсё павінны ўмець рабіць.

 

Кожны дзень павінен быць шчаслівым

Таму АксанаУладзіміраўна сёння практычна ўсё ўмее і не стамляецца вучыцца новаму. На яе працоўным стале разам з абавязковым журналам заўсёды мноства метадычных дапаможнікаў і хрэстаматый.

– Вядома ж час не стаіць на месцы, – дадае яна. – на змену старым метадам і методыкам прыходзяць новыя. Таму я заўсёды ў курсе ўсіх педагагічных навінак, не цураюся нешта пераймаць у моладзі. Хаця інфармацыйныя навацыі ў выхаванні дашкольніка паважаю не вельмі. Дзяцінства ж – гэта час сапраўдных адкрыццяў і перамог, а не віртуальных. Я вось дагэтуль у свае гады не стамляюся адкрываць у сабе нешта новае. Нядаўна навучылася маляваць па падручніку, гавораць, атрымліваецца нядрэнна, ды і дзецям мае “карціны” падабаюцца.  

Па яе меркаванні, галоўная задача выхавальніка – напаўняць кожны дзень дзяцей у садку радаснымі, шчаслівымі падзеямі. Да сваіх падапечных яна ставіцца з бязмежнай любоўю і клопатам, цалкам прысвячае сябе разуменню іх патрэб і інтарэсаў, прыняццю іх маленькіх праблем. Таму бацькі паважаюць яе і кожны раз на дзень настаўніка дораць выхавальніку вялікі букет кветак. Падрыхтаваў сюрпрыз і родны калектыў - аднадушна выбраў яе кандыдатуру для ўзнагароджвання на прафесійнае свята.

– Мая сённяшняя плённая праца – як вялікая ўзнагарода за маю вернасць дашкольнай справе, – лічыць Аксана Уладзіміраўна, – свайму садку, свайму калектыву і сваім дзецям, якім я падарыла часціну сваёй душы. Мяркую, што яны захаваюць яе доўга. Ведаеце, як бывае цяжка развітвацца з кожным выпускам, здаецца, што ўжо ўсё сказаў і зрабіў, і ніколі не абудзіш у сабе жаданне дарыць іншым хлопчыкам і дзяўчынкам радасць, а пачынаеш набіраць новую ясельную групу, глядзіш у даверлівыя дзіцячыя вочы і адкуль што бярэцца – усё пачынаецца па-новаму. А гэта ўжо прафесійная вернасць выхавальніка свету дзяцінства і дзіцяці, яго вялікае прызванне.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER