Вырасла дапамога на дзяцей, або Што ніколі не купіш за грошы?

Date 31.01.2023 Man
Comment 669
Вырасла дапамога на дзяцей, або Што ніколі не купіш за грошы?

З 1 лютага павялічваецца памер дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.

У сям’і Марыі і Сяргея Смаляковых яна будзе прызначана на дваіх дзяцей – 8-месячнага Піліпа і 2-гадовага Сямёна і налічвае звыш 1400 рублёў. Але ў гэтай сям’і не два, а ажно сем анёлкаў: яшчэ падрастае дванаццацігадовы Леанід, радуе сваімі творчымі схільнасцямі адзіная дзесяцігадовая дачушка Дар’я, а яшчэ ёсць гарэзы – васьмігадовы Давід, шасцігадовы Андрэй і чатырохгадовы Ілья.

Марыя родам з Косцюковіч, прыехала ў Беразіно па размеркаванні пасля Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі зааінжынерам у ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”. Сяргей мясцовы. Пазнаёміліся яны выпадкова, але з весяллем цягнуць не сталі. У гэтую нядзелю будзе вось ужо 12 гадоў, як яны разам. Пакуль сям’я жыве ў доме з трыма пакоямі, дзе ўся прастора аддадзена дзецям.

Марыя – адкрытая, неверагодна спакойная, прывабная маладая жанчына, з твару амаль не знікае шчаслівая ўсмешка. У яе доме – чысціня і, нягледзячы на маленькіх дзяцей, парадак, смачна пахне. На халадзільніку шмат сямейных фота, а яшчэ ў пакоі стаіць піяніна і каля акна захоўваюцца адразу два акардыёны. Здагадацца няцяжка, што тут усё падпарадкавана інтарэсам дзяцей.

Але як жанчыне ўдаецца даглядаць дом, выхоўваць дзяцей і быць такой знешне прывабнай і спакойнай?

– Вы марылі пра такую вялікую сям’ю?

– І я, і муж выраслі ў шматдзетных сем’ях. Я гадавалася ў сям’і, дзе было пяцёра дзяцей. З маленства бачыла прыклад вялікай сям’і, дзеці ў якой заўсёды дапамагалі і стаялі гарой адзін за аднаго. Так і мы выхоўваем сваіх дзетак. Марыла з дзяцінства, што мая асабістая сям’я будзе вялікай. Так і атрымалася. Мы не планавалі нарадзіць сем дзяцей, але задаволеныя кожным. Яны –  самае каштоўнае, самае святое. Усё ў жыцці аддам, каб бачыць іх здаровымі і вясёлымі.

–  Ці цяжка быць шматдзетнай маці? Хто Вам дапамагае?

–  А па-іншаму я свайго

 жыцця не ўяўляю. Можа, з першым было крыху цяжка, бо ён першы. Аднак я ўжо і не памятаю тых цяжкасцей. Зараз вось ужо ўсё ведаю і нават магу даваць парады іншым па выхоўванні дзяцей. Стараюся кожнаму надаваць аднолькавую ўвагу, выдзяляць час.

– Ведаеце, мы ніколі ні на каго не спадзяёмся, толькі на свае сілы. І нараджалі дзяцей не для дзяржавы, а для сябе. Калі патрэбна, з малымі можа пасядзець старэйшы. Значна дапамагае муж. Ён у мяне самы лепшы памочнік, бо я смела на яго магу пакінуць дзяцей: ён і прыбярэ, і нагатуе, і ўрокі ў дзяцей праверыць. За ім я як за каменнай сцяной.

– Зразумела, у сямейным жыцці здараецца ўсякае, але мы ніводнага разу не апусціліся да крыку і абраз у адрас адзін аднаго. Вядома, матэрыяльнае пытанне ў гадаванні дзяцей заўсёды ўзнікае, але мы ніколі не скардзімся і не просім грошай. Ды і прызвычаіліся жыць сціпла, па сродках, мудра падыходзіць да ўсіх пакупак і патрэб. Вось я не карыстаюся касметыкай, няма ў нашых дзяцей крутых смартфонаў, затое ў мяне на кухні цэлы набор бытавой тэхнікі: ад мультываркі да міксера.

–  Якім павінен быць бацька у шматдзетнай сям’і?

–  Сапраўдным мужчынам. Лічу, што мне вельмі пашчасціла з мужам і дзецям з татам. Працуе ён сырасолам на сырзаводзе, заўсёды знаходзіць час мне з хатнімі справамі дапамагчы і з дзецьмі пазаймацца. Вось наша Дар’я хоча навучыцца іграць на флейце і бацька разам з ёю. Для дзяцей ён самы лепшы сябар і прыклад працавітага, уважлівага мужчыны! Ён у мяне –  самы лепшы муж і самы лепшы бацька!

–  Сярод клопатаў застаецца вольны час на сябе? Якія ў Вас захапленні?

–  Вольнага часу ў мяне практычна няма. Хіба толькі тыя хвіліны, калі я іду ў магазін за пакупкамі. Астатні час аддаю дзецям. Кожную нядзелю мы ўсёй сям’ёй ходзім у хрысціянскую царкву. Калі атрымоўваецца, разам з мужам возім дзяцей на атракцыёны, у заапарк, цырк, на прыроду. Калі казаць асабіста пра мае захапленні, то люблю кветкі. Хварэю імі! Шмат і пакаёвых, і вулічных. Таксама падабаецца песціць сваіх дамачадцаў –  гатаваць розную смакату. У апошні час цікаўлюся выпечкай.

–  Аб чым Вы марыце сёння?

–  Галоўная мара –  каб дзеці былі здаровыя і ім пашанцавала ў жыцці! Яшчэ плануем палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Хочацца, каб у кожнага з нашых гарэз быў свой уласны ўтульны куточак.

– А што Вы параіце маладым бацькам? Як ім упраўляцца з праблемамі, выхоўваць дзяцей і ўмацоўваць сям’ю?

– Мне падаецца ўсё вельмі проста: трэба ставіцца да сям’і як да самай галоўнай ў сваім жыцці работы, работы любімай, дзе не прынята падзяляць паміж сабой абавязкі. Ведаеце, гэта калі жонка сустракае мужа гарачай вячэрай і ўсмешкай, а не перапісваецца ў сацыяльных сетках гадзінамі, пакуль муж на кухні “здабывае” ежу. Ды і калі адзін аднаго шкадуюць і клапоцяцца. Дзеці гэта заўсёды заўважаюць і з маленства выхоўваюць у сваім сэрцы пачуцці любові. Яе за грошы не купіш. А без любові якое шчасце, якая сям’я?

Размаўляла Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER