Бярэзінцы адзначылі свята працы

Date 10.03.2023 Man
Comment 1387
Бярэзінцы адзначылі свята працы

Сёння ў раённым цэнтры культуры адбылося ўрачыстае ўшаноўванне бярэзінцаў, якія ўнеслі свой важкі ўклад ў сацыяльна-эканамічнае развіццё Бярэзіншчыны па выніках работы за 2022 год. Пачатку мерапрыемства папярэднічала арганізаваная ў фае РЦК, а таксама побач з яго будынкам выстава новай тэхнікі, якая сёння стаіць на ўзбраенні нашых калектываў, і прэзентацыя шэрагу вытворчых і сацыяльных калектываў нашага рэгіёна. Была таксама наладжана і выстава-дэгустацыя харчовай прадукцыі, якая выпускаецца ў нашым горадзе. Гасцей свята сустракала жывая музыка ў выкананні аркестра дзіцячай школы мастацтваў.

Адкрыў урачыстасць старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук прывітальным словам.

- Паважаныя ўдзельнікі і госці нашага мерапрыемства! – звярнуўся ён да прысутных. -  Стала добрай традыцыяй кожны год ва ўрачыстай абстаноўцы падводзіць вынікі мінулага года, адзначаць заслугі людзей, якія сваёй карпатлівай працай і адказнымі адносінамі да справы папаўняюць скарбонку нашага раёна.

Якім быў мінулы год? Лёгка не бывае ніколі. Тым не менш, мы не стаім на месцы, дасягаем новых поспехаў і развіваемся. Індэкс прамысловай вытворчасці за 2022 год склаў 113,5%. У сельскай гаспадарцы нас парадаваў ураджай збожжавых – атрымана 48 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці амаль 31 цэнтнер з гектара. Больш, чым на 82% у параўнанні з леташнім павялічылася вытворчасць рапса.

Больш камфортнымі становяцца ўмовы працы і жыцця бярэзінцаў. Значнай падзеяй, пра што мы неаднаразова гаварылі, стала рэканструкцыя будынка бібліятэкі і адкрыццё маладзёжнага цэнтра, увядзенне ў строй новага пажарнага дэпо і будаўніцтва першага электрадома. Паступова, па меры магчымасці, мы рамантуем дарогі і вуліцы, у тым ліку давялі да канца праезныя часткі самых старэйшых вуліц горада – Кастрычніцкай і Інтэрнацыянальнай.

Развіваюцца наша медыцына, культура, адукацыя, спорт. Улічваючы абстаноўку ў свеце, асаблівую ўвагу мы надаём патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі.

Прадстаўнікі ўсіх галін раёна становяцца пераможцамі розных рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і спаборніцтваў. Ад паспяховай дзейнасці кожнага прадпрыемства залежаць упэўненасць у заўтрашнім дні, якасць жыцця і аснова стабільнасці ў раёне і ў краіне ў цэлым.

Наша задача на гэты год – Год міру і стварэння – не апусціць узятую планку і сваёй добрасумленнай працай дасягаць новых вышынь. Усе вы, хто сабраўся ў гэтай зале, хто знаходзіцца на працоўных месцах, маладыя спецыялісты, ветэраны – і ёсць тая апора, дзякуючы якой жыве наш раён і наша краіна. Дзякуй вам за працу, за жыццёвую мудрасць, за захаванне традыцый і ўкараненне новых тэхналогій. Упэўнены, што ваша майстэрства, вопыт і адданасць справе і надалей будуць служыць прымнажэнню лепшых традыцый і дасягненню новых поспехаў. Няхай гэтае свята надасць вам новых сіл і натхнення для далейшай дзейнасці. Моцнага здароў, шчасця і дабрабыту вам, вашым сем’ям, самае галоўнае – міру. Без міру не бывае тварэння. Толькі пад мірным небам можна развіваць эканоміку, будаваць жыццё і быць шчаслівым. Са святам!

Затым са словамі падзякі за сумленную працу выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Яўген Булойчык. Не з пустымі рукамі прыбыў на сваю малую радзіму Яўген Васільевіч. За значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінскай вобласці ён уручыў Ганаровыя граматы Мінаблвыкаанкама дырэктару ЗАТ “Клявіца” Мікалаю Крыўцову і ўрачу-кардыёлагу Бярэзінскай райбальніцы Дзмітрыю Цітову. Акрамя таго, падзякі старшыні аблвыканкама былі ўдастоена дырэктар Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўсаюза Валянціна Барысевіч і выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Пагосцкая сярэдняй школы Надзея Новікава. А дырэктар Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Наталля Маеўская была ўдастоена Ганаровай граматы галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама.

Затым лепшых працаўнікоў Бярэзіншчыны ўшанаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук. Ён уручыў дыпломы райвыканкама з занясеннем на раённую Дошку гонару кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў розных галін народнай гаспадаркі, якія найбольш вызначыліся па выніках работы за 2022 год. Такога ж гонару заслужылі і 24 бярэзінцы, фотаздымкі якіх таксама ўпрыгожаць Дошку гонара (пра гэтыя арганізацыі і пра людзей мы ўжо расказвалі). Таксама дыпломамі райвыканкама былі адзначаны і некаторыя іншыя прадстаўнікі калектываў раёна за свой важкі ўклад у развіццё нашага рэгіёна.

Але на гэтым спіс асоб, якія ўшаноўваліся ў гэты дзень, не быў вычарпаны. У ліку лепшых членаў аглядавых камісій былі названы намеснік дырэктара Паплаўскай сярэдняй школы Наталля Севярын, памочнік урача Дзмітравіцкай сельскай участковай бальніцы Марына Камінская, выхавацель Багушэвіцкай школы Вольга Дубовік. З ліку работнікаў сферы забеспячэння законнасці і правапарадку, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных здарэнняў былі адзначаны маёр міліцыі старшы оперупаўнаважаны раённага аддзела ўнутраных спраў  Павел Кавалёў і прапаршчык унутранай службы вадзіцель аварыйна-варатавальнага паста №12 Бярэзінскага РАНС Міхаіл Гулевіч. Традыцыйна за высокія дасягненні ў алімпіядным руху, творчай дзейнасці і спорце ўшаноўваліся лепшыя школьнікі раёна.

Былі падведзены і агучаны вынікі асобных раённых конкурсаў і спартакіяды. Так, пераможцамі круглагадавой раённай спартакіяды сярод прадпрыемстваў і арганізацый сталі: упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама (1 месца), каманда РАНС(2 месца) і прадстаўнікі Бярэзінскага лясгаса (трэцяе месца). Пераможцамі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму названы сярод прадпрыемстваў вытворчай сферы – торфапрадпрыемства “Бярэзінскае” УП “Мінскаблгаз”, сярод прадпрыемстваў АПК – ААТ “Уша”, сярод арганізацый невытворчай сферы – СШ №2 г. Беразіно.

Эстафету шанавання і ўнагароджвання лепшых прадстаўнікоў раёна падхапілі затым старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан і старшыня раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Алена Жолудзева, крытэрыем ацэнкі дзейнасці ў якіх былі актыўная грамадзянская пазіцыя, удзел у прафсаюзным руху і асабістая ініцыятыва.

Шмат цёплых слоў і віншаванняў пачулі прысутныя і ад ганаровых гасцей свята - першага намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама Мікалая Швайбовіча, намесніка старшыні Крупскага райвыканкама Юліі Камаровай, намесніка кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска Леаніда Балаболава, кіраўніка справамі Бялыніцкага райвыканкама Наталлі Сіманавай, намесніка старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандра Ганчарова. Сярод ганаровых гасцей свята быў таксама і старшыня Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Навіцкі.

Завяршылася свята вялікім канцэртам, удзел у якім прынялі не толькі самадзейныя артысты Бярэзіншчыны, але і госці са сталіцы.


Водгукі:

 

Алена Дэніс, дыспетчар аварыйнай службы раёна газазабеспячэння:

 

- Сёння ва ўсіх пануе добры настрой, ззяюць усмешкі. Ва ўсім адчуваецца свята. Вельмі прыемна, што праводзяцца такія мерапрыемствы і не забываюць пра людзей. У лік узнагароджаных трапіла і я, атрымала дыплом райвыканкама. У газавай службе працую вось ужо 23 гады, больш за дваццаць з’яўляюся старшынёй цэхавага прафсаюзнага камітэта, арганізоўваем розныя мерапрыемствы і з задавальненнем удзельнічаем у іх. Жывём паўнацэнным жыццём.

 

Уладзімір Самец, інжынер тэхнагляду ўпраўлення капітальнага будаўніцтва:

 

- Да сённяшняга свята працы наша служба прыйшла не з пустымі рукамі, бо летась мы ўдзельнічалі ў будаўніцтве такіх аб’ектаў, як будынак пажарнага дэпо, новы электрычны дом, а таксама не без нашага ўдзелу ішла рэканструкцыя будынка бібліятэкі. Так што мінулы год лічу паспяховым. Думаю, што і сёлета нам таксама ўдасца парадаваць бярэзінцаў новабудоўлямі. Ва ўсякім разе зараз мы шчыльна працуем дзеля таго, каб горад наш квітнеў і прыгажэў.

 

Дмітрый Цітоў, урач-кардыёлаг Бярэзінскай райбальніцы:

 

- На падобнага роду мерапрыемстве я ўжо не першыню. Раней пабываў ужо і на раённай Дошцы гонару. А вось Ганаровую грамату Мінскага абласнога выканаўчага камітэта атрымліваю ўпершыню. Радуе, што не забываюць у час ушаноўвання не толькі прадстаўнікоў вытворчай галіны, а і сацыяльнай сферы, сельскіх дактароў, да разраду якіх сябе з гонарам адношу. Прыемная гэтая ўзнагарода яшчэ і таму, што атрымліваю яе напярэдадні свайго 50-годдзя. У гэты ж дзень, 1 красавіка, у мяне яшчэ адна памятная дата: споўніцца роўна 15 гадоў, як я прыступіў да работы ў Бярэзінскай райбальніцы.

 

Арцём Ізмер, вучань 10 класа бярэзінскай гімназіі:

 

– Вельмі прыемна, што падчас такіх мерапрыемстваў не забываюць і пра нас, моладзь. Мы таксама імкнёмся ўславіць родны раён. Няхай сабе не працай, а пакуль што паспяховымі выступленнямі на прадметных алімпіядах. І ўвага да нас з боку мясцовых органаў улады надае нам сілы і ўпэўненасць у тым, што мы ідзём правільным шляхам у авалоданні навукі.

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER