Служба хуткага рэагавання

Date 24.03.2023 Man
Comment 1138
Служба хуткага рэагавання

Жыллёва-камунальная гаспадарка, сапраўды, з‘яўляецца службай хуткага рэагавання, якая паралельна з выкананнем планавых задач і мерапрыемстваў павінна штодзённа адгукацца на экстранныя званкі жыхароў рэгіёна, дапамагаць вырашаць узніклыя праблемы і аператыўна ліквідоўваць сітуацыі, якія парушаюць наш быт і размераны ўклад жыцця. А аб’ём прыкладання такіх намаганняў вельмі вялікі.

Асноўныя віды дзейнасці

Іх у бярэзінскіх камунальнікаў намнога больш, чым падаецца на першы погляд. І гэта не толькі навядзенне парадку на вуліцах і прыдамавых тэрыторыях і своечасовы вываз смецця. Гэтыя справы ў нас навідавоку часцей за ўсё. Аднак гэты спіс намнога большы. У абавязках Бярэзінскай ЖКГ і пад яе пачаткам – цеплазабеспячэнне бярэзінцаў, тэхнічае абслугоўванне і бягучы рамонт жыллёвага фонду, санітарная ўборка горада і прыдамавых тэрыторый, дзейнасць жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка, добраўпарадкаванне і азеляненне, абкошванне травы і пустазелля ў летні перыяд, нарыхтоўка дроў да наступнага ацяпляльнага сезона, земляныя работы. На балансе ЖКГ таксама знаходзяцца гарадская лазня, гасцініца, тры інтэрнаты, палігон для захоўвання адходаў, кацельная гаспадарка, свой істотны аўтапарк, які налічвае 38 адзінак тэхнікі…

Работнікі камунальнай службы адказваюць за стан не толькі горада, а і сельскіх населеных пунктаў, размешчаных на іх тэрыторыі вуліц. З нядаўняга часу ім пад аператыўнае кіраванне былі перададзены сельскія могілкі (іх агульны лік дасягнуў 116-ці).

Бухгалтар Марына Дземідовіч

 

Клопаты сённяшняга дня

Найпершы з іх, які да таго ж вымагае і немалых сродкаў, – гэта рамонт рухомага саставу прадпрыемства. Транспарт, нягледзячы на цяжкасці і істотны стаж эксплуатацыі, даводзіцца да ладу, праходзіць тэхагляд, аднаўляецца і істотных затрымак з-за яго паломак няма. Заслуга ў гэтым механікаў ЖКГ Дзмітрыя Самца і Уладзіміра Шурухайлава. Колькасць нараканняў на нясвоечасовы вываз смецця або зрыў графіка істотна скарацілася.

Тым не менш, праблема збору і ўтылізацыі бытавых адходаў па-ранейшаму застаецца актуальнай: на кантэйнерных пляцоўках шмат буйнагабарытных і будаўнічых адходаў (ім там не месца), а таксама адходаў, якія могуць быць утылізаваны ўладальнікамі домаўладанняў самастойна (галлё і сучча абрэзаных дрэў, трава і леташняе лісце), не захоўваюцца нормы раздзельнага збору адходаў (шкло, макулатура, пластык, анучы). Сёння прымаюцца захады па ліквідацыі стыхійных звалак, пераводзе асобных вуліц і мікрараёнаў на вываз бытавых адходаў транспартам ЖКГ без пакідання іх на кантэйнерных пляцоўках, па забеспячэнні кантэйнерамі для смецця жыхароў прыватнага сектара.

Кантралёр па добраўпарад-каванні населеных пунктаў Наталля Калеснік

Клопатам з’яўляецца і праблема своечасовай аплаты за спажытыя жыллёва-камунальныя паслугі і ліквідацыя сум запазычанасці, захаванне ў належным стане зоны адпачынку каля штучнага возера, якая ператварылася ў месца збору ў вячэрні час актыўнай, не ў самым лепшым напрамку прыкладання сіл, моладзі і забароненага тут выгула сабак.

Актуальным пытаннем застаецца навядзенне парадку ў горадзе пасля заканчэння зімы і далейшага азелянення райцэнтра (для гэтай мэты ва ўласнай цяпліцы ЖКГ упершыню вырошчваецца расада 10 тысяч кветак, якія будуць цвісці да позняй восені).

Нямала і іншай планавай работы, якая паўтараецца з году ў год для таго, каб мы адчувалі сябе камфортна і ўтульна.

Уладзімір Цішкевіч

Яны ствараюць камфорт Кожны на даручаным участку клапоціцца адначасова аб утульнасці бярэзінцаў і аб падтрыманні іміджу свайго калектыву. Выдатных працаўнікоў, старажылаў і сапраўдных патрыётаў тут нямала. У іх ліку і ветэран вытворчасці, механізатар трактара з маніпулятарам Уладзімір Цішкевіч. Гэтымі днямі ён удастоены звання з ганаровага работніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Толькі шчырых слоў заслугоўвае і адзіны ў калектыве, а таму заўсёды запатрабаваны, машыніст экскаватара Ігар Чайчыц. Яго ўклад у справу сёлета адзначаны падзякай галіновага міністэрства.

Ігар Чайчыц

Наогул, як трапна заўважыла намеснік дырэктара ЖКГ па эканоміцы Вікторыя Гайнутдзінава, кожны спецыліст, які працуе на тым ці іншым відзе тэхнікі, – людзі гіперадказныя. Такая характарыстыка адносіцца ў першую чаргу да механізатараў Аляксея Булойчыка (яго фротаздымак занесены на раённую Дошку гонару) і Аляксандра Шапара, грэйдарыста Мацвея Аўтуховіча, вадзіцела МАЗа Сяргея Вілянава. Сваёй адказнасцю, працавітасцю і стараннем вызначаюцца і работнікі брыгады па добраўпарадкаванні, якую ўзначальвае Наталля Дабранская. Менавіта за кошт намаганняў 10 гэтых работнікаў і падтрымліваецца чысціня гарадскіх вуліц і двароў улетку і зімой.

Кацярына Красоўская і Вікторыя Гайнутдзінава

У ліку тых, хто да прафесійнага свята сёлета адзначаны граматамі і падзякамі абласнога аб’яднання, раённага выканаўчага камітэта і адміністрацыі прадпрыемства, начальнік аддзела юрыдычна-кадравай работы Кацярына Красоўская, сакратар прыёмнай кіраўніка Ала Ермашкевіч, універсальны зваршчык з багатай фантазіяй Юрый Баярынас, слесар-сантэхнік Мікалай Валькевіч, майстар дрэваапрацоўкі Уладзімір Красікаў, спецыяліст па кадрах, якая з’яўляецца і галоўным ідэолагам калектыву, Вольга Янкоўская, майстар кацельні лазні Юрый Зяневіч, вадзіцель Вячаслаў Асташонак і многія іншыя. Іх агульны ўклад у справу, вопыт шматгадовай работы і ўменне працаваць з людзьмі заўсёды даюць свой станоўчы вынік і спрыяюць стабільнасці калектыву, яго паспяховаму развіццю і дзейнасці.

Юрый Баярынас

 

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER