А адправіцца, сапраўды, ёсць куды, бо магазінаў у нашым райцэнтры хапае на любы густ, кашалёк і запатрабаваны тавар. У асноўным гэта прыватныя крамы або фірменныя магазіны вядучых беларускіх вытворцаў. Так, большасць з іх – харчовыя, але ў гэтым шэрагу ёсць таксама будаўнічыя, гаспадарчыя, ёсць дзе апрануцца і набыць абутак, купіць штосьці для душы і актыўнага правядзення вольнага часу.
Адзенне
Асаблівых праблем з гэтым, здаецца, не існуе. Таннае адзенне можна набыць у магазіне “Мегапланета”, які размешчаны на другім паверсе ўнівермага. Тут прадстаўлены тавары з Кітая, Узбекістана, Расіі. У вялікім асартыменце рубашкі, штаны, байкі, майкі, таўстоўкі, курткі, нямала жаночага адзення, ёсць таксама абутак, пасцельныя рэчы, скургалантарэя. Як адзначыла прадавец Наталля, тут можна поўнасцю апрануцца, бо ёсць усё неабходнае. Істотны выбар прапануюць таксама і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць на рэчавым рынку. Цэны тут таксама невялікія.
Калі гаварыць пра фірменнае адзенне беларускіх вытворцаў, то яно прадстаўлена ў такіх магазінах, як “Марк Фармэль”, “Світанак” і “Беларускі трыкатаж”.
У “Марк Фармэль” - прадпрыемстве, якое займаецца выпускам уласнага адзення, знойдзіце адзенне ўсіх па-меравых радоў, да 60-га памеру. Ёсць што купіць як мужчынам, так і жанчынам, не забываюць тут і пра дзетак. Для іх, дарэчы, нядаўна завезлі партыю адзення да школы.
Гэтымі днямі ў магазіне існавала скідка на асобныя тавары да 50%. Але гэта не мяжа, неўзабаве тут аб’явяць пра скідку ў 70%, так што сачыце за рэкламай. Абнаўляецца і асартымент. На прадпрыемстве прыступілі да шыцця фірменных джынсаў-штаноў і джынсавых куртак.
Цэлую сістэму скідак мае і магазін “Світанак” (размешчаны ва ўнівермагу на першым паверсе). Яны ўстанаўліваюцца штодзённа на тую ці іншую катэгорыю тавараў. Максімальны іх памер – 33%. Тут, як і ў “Марк Фармэль”, прадстаўлены толькі трыкатажныя вырабы - спартыўныя штаны, гольфікі, майкі, фуфайкі, халаты, ніжняя бялізна. У магазіне прадстаўлены таксама і іншыя вытворцы – той жа “Марк Фармэль”, фабрыка імя 8 Сакавіка, брэсцкі і баранавіцкі трыкатажы. Нямала яго знойдзеце вы і ў магазіне, што размешчаны на рэчавым рынку, які так і называецца “Беларускі трыкатаж”.
Абутак
За якасным скураным абуткам раю зайсці ў магазін прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Гамеза і К”, які размешчаны на другім паверсе аддзялення “Беларусбанка”. Выбар тавару задаволіць любы, нават запатрабавальны густ, ды і мадэлі абутку арыгінальныя, сучасныя. Тут прадстаўлены не толькі беларускія вытворцы “Марко”, “Белвест”, “Чевляр”, але і якасны кітайскі абутак. Ёсць і туфлі з замяняльніка скуры, але таксаманятанныя і якасныя – не на сезон. З-за высокага кошту тавару лінейка дзіцячага абутку тут крыху бяднейшая: нямногія бацькі купляюць баціначкі 32-га памеру за сто рублёў.
Больш танныя туфлі, бацінкі або сандалікі ці боцікі вы знойдзеце зноў жа ў “Мегапланете”, а таксама на рэчавым рынку горада. Безумоўна, якасць іх адпавядае кошту, але для штодзённага ўжытку такі варыянт згадзіцца.
А для душы?
Для душы і правядзення вольнага часу ў нашым горадзе таксама можна знайсці шмат рознага тавару – ад рыбалкі і агародніцтва да малявання і рукадзелля. Зразумела, што тавары для агародніцтва большай часткай знаходзяцца ў гаспадарчых магазінах і такіх гігантах, як “Мастак” і “Пазітыў”. У “Мастаку” да таго ж вялікі выбар рыбалоўных прыналежнасцей і нажывак. Для аматараў палявання з вудачкай у горадзе акрамя таго ёсць яшчэ некалькі спецыялізаваных магазінаў на рэчавым рынку, а таксама ў будынку гарадской лазні.
Аматарам малявання можна накіравацца ў магазін Белбланквыда і “Фікс-прайс”, дзе можна знайсці вялікую колькасць алоўкаў, фламастараў, фарбаў, альбомаў для малявання.
А вось для тых, хто любіць вязаць, шыць, займацца вышыўкай, раю зазірнуць у “Вязантию”, якая размешчана ў магазіне па вуліцы Перамогі (там жа знаходзіцца і магазін “Три цены”), да Валянціны Сіняк. Асноўны тавар тут, безумоўна, пража. Прадстаўлена яна воўнай як у чыстым выглядзе (трусік, норка, ангора), так і ў сумесі, бавоўнай, ангорай, махерам… Вялікі набор пруткоў – прамыя, кругавыя, панчошныя, для зняцця петляў – дазволіць вам звязаць любую, нават самую адмысловую, рэч. Вельмі прыемна, што гаспадыня магазіна пры неабходнасці можа даць свайму кліенту майстар-клас і падзяліцца сваім уменнем вязання. А аматараў гэтага занятку ў Беразіно нямала, у тым ліку і сярод мужчын.
Тыя, хто шые, таксама годна ацанілі гэты магазін, бо тут знойдзеш шырокі выбар нітак і іголак (у тым ліку для машын, як і масла для іх), гузікаў, замкоў-“маланак” (металічных і пластмасавых). Прадстаўлена тут і нямала гатовых ужо карункаў для аздаблення гатовых сукенак і касцюмаў. Ды і для аматараў бісерапляцення ў магазіне таксама знойдзецца адпаведны тавар шырокага асартыменту. Так што, зазірніце сюды.
І ўсё ж чагосьці не хапае…
Для прыкладу таго, наколькі насычаны наш рынак тым ці іншым таварам, мы ўзялі толькі некалькі магазінаў, найбольш вядомых і наведваемых. Некаторыя з іх засталіся па-за нашай увагай. Як бачым, выбіраць ёсць з чаго і выбар тавара прадстаўлены даволі шырокі. Калі ж самы запытальны попыт яны задаволіць усё ж не могуць, гэта таксама не бяда, бо ў Беразіно дзейнічае інтэрнэт-крама “Вайлдберыс”, праз якую кожны з нас можа атрымаць выбраны і заказаны праз інтэрнэт тавар з дастаўкай у родны горад. І такая паслуга карыстаецца ў бярэзінцаў папулярнасцю, як і магчымасць выходзіць напрамую на тую ці іншую краму і такім жа чынам заказаць з дастаўкай на дом неабходны тавар.
А знайсці ў сусветнай павуціне можна ўсё, што пажадаеш – і па колеры, і па памеры, і па кошце, і па гусце. Былі б грошы. Нават з дому выходзіць нікуды не трэба!
Так што ў цяперашнім свеце пры яго магчымасцях пра недахоп якоганебудзь тавару гаварыць не даводзіцца. Як крайні выпадак (калі вы не давяраеце інтэрнэт-магазінам і іх паслугам), можна проста адправіцца ў Мінск ці Барысаў і асабіста пахадзіць па магазінах. Праўда, пры гэтым ёсць невялікая рызыка патраціць грошай крыху больш, бо на вочы можа патрапіць штосьці яшчэ, звыш таго, што вы першапачаткова меркавалі купіць. Хаця, і ў гэтым ёсць свая асалода.
Стварыце краму самі
Апошняе, пра што хочацца сказаць. Калі вы адчуваеце недахоп якіх-небудзь тавараў у нашым горадзе і ведаеце, што яны будуць запатрабаваны ў мясцовых пакупнікоў, чаму б вам не заняць гэтую нішу і не стаць першаадкрывальнікам новага напрамку гандлю? Ваша жаданне, плюс вашы здольнасці - можна ажыццявіць у канкрэтным праекце. А дапаможа ў яго рэалізацыі сектар занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Прычым дапамога гэтая з‘яўляецца істотнай, фінансавай і выплачваецца на адкрыццё ўласнай справы жадаючым праявіць сябе на ніве бізнесу. Звярніцеся, там вам абавязкова дадуць адпаведную кансультацыю і рэкамендацыі.
Зрэшты, асабіста вам вырашаць, наколькі работнікі гандлю паспяваюць за нашымі запытамі і задавальняюць нашы патрэбы. Хочацца толькі нагадаць, што ў нядзелю ўсе яны будуць адзначаць сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў гандлю. А гэта яшчэ адна нагода ўзгадаць пра іх і падзякаваць за працу.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.