На Бярэзіншчыне ўшаноўвалі першых тысячнікаў

Date 31.07.2023 Man
Comment 2000
На Бярэзіншчыне ўшаноўвалі першых тысячнікаў

У панядзелак на палетку ААТ “Пагосцкі”, які размечаны непадалёк ад вёскі Рудзенка, дзе ў гэты дзень поўным ходам ішла ўборка збожжа (дзякаваць богу, надвор’е спрыяла гэтаму ў поўнай меры), адбылося сапраўднае свята: тут ушаноўвалі лепшых хлебаробаў, якія на гэтую дату дасягнулі высокіх вынікаў працы і першымі змаглі пераадолець тысячны рубеж. І такіх людзей тут было ажно чатыры чалавекі: камбайнавы экіпаж у саставе Вячаслава Кашлачова і яго памочніка Арцёма Татаронка, а таксама вадзіцелі на адвозцы збажыны – Аляксандр Зязюля і Віталь Семашкевіч. Усе яны – працаўнікі ААТ “Пагосцкі”.

Як адзначыла начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Карына Аруцюнян, гэтая гаспадарка традыцыйна славіцца тым, што менавіта тут з’яўяюцца першыя тысячнікі. Так атрымалася і на гэты раз. Тым не менш, уборачная кампанія яшчэ толькі ўваходзіць у сваю сілу: пакуль што ўбрана толькі 37 працэнтаў плошчаў збожжавых культур (уся плошча складае 10840 гектараў). Старанна рупяцца ўсе занятыя на жніве працаўнікі і пастаянна нарошчваюць тэмпы работ. На жаль, сярэдняя ўраджайнасць сёлета складае толькі 26 цэнтнераў з гектара, што менш леташняга паказчыка. Прычына таму вядомая: неспрыяльны ўмовы надвор’я, якія не дазволілі сабраць больш багаты ўраджай. Тым не менш, атрад тысячнікаў з цягам часу будзе прырастаць. Так, ужо сёння ёсць вадзіцель ААТ "Багушэвічы", які пераадолеў гэты рубеж, на падыходзе да запаветнай лічбы яшчэ адзін камбайнавы экіпаж з “Пагосцкага”. Людзі стараюцца працаваць і мы ім за гэта вельмі ўдзячны.

Менавіта са слоў падзякі пачаў у час віншавання віноўнікаў урачыстасці старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук.

– Вельмі прыемна тое, што на Бярэзіншчыне нарэшце з’явіліся першыя тысячнікі, – падкрэсліў ён. – З году ў год адкрываюць гэтую кагорту доблесныя працаўнікі ААТ “Пагосцкі”: выдатныя спецыялісты, якія ведаюць сваю справу ад “а” да “я”. І мне вельмі прыемна віншаваць вас сёння. Хацелася б пажадаць, каб ваша праца была без траўматызму, бо сёння вельмі адказная і напружаная пара, а зрабіць яе трэба годна. Я ўпэўнены, што гэта толькі пачатак вялікай перамогі, і пасля першай тысячы на рахунках камбайнераў і вадзіцеляў з’явяцца і другая, і трэцяя. Дзякуй вам за працоўную перамогу!

Са словамі віншаванняў і ўдзячнасці да герояў жніва звярталіся таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч, першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Аўрамчык (сапраўды, ёсць чым ганарыцца, бо сярод лідараў жніва два прадстаўнікі моладзі), спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Бурая. Граматы і грашовыя прэміі разам з нізкім паклонам за адданую працу ўручыла сваім працаўнікам дырэктар ААТ “Пагосцкі” Наталля Сокал. Дадаткам да віншаванняў былі шчырыя спевы ў выкананні Міхаіла Папругі і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Любушанскага сельскага Дома культуры.

Як адзначыла Наталля Сокал, на сёння ў гаспадарцы ўбрана 46 працэнтаў плошчаў збожжавага кліна. Тут ужо поўнасцю завяршылі ўборку азімага ячменю і азімага рапсу і прыступілі да сяўбы азімай свірэпіцы і азімага рапсу для таго, каб закласці перадумовы будучага ўраджаю. Вельмі ўдзячна сваім працаўнікам і схіляецца перад іх намаганнямі, у выніку чаго яны пастаянна ўтрымліваюць пальму першынства спаборніцтва ў раёне. Сёлета ў гаспадарцы павялічылі  на сто гектараў плошчы пад азімым ячменем і атрымалі дастойны ўраджай у 55 цэнтнераў з гектара (хаця гэта далёка не мяжа з-за надвор’я гэтага года), таму і налета тут плануюць таксама прыбавіць яшчэ сто або дзвесце гектараў гэтай культуры, каб сабраны каравай аказаўся больш важкім.

 

 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER