Пошта па-ранейшаму запатрабаваная

Date 08.10.2023 Man
Comment 1833
Пошта па-ранейшаму запатрабаваная

У сучасным свеце пошта па-ранейшаму застаецца запатрабаванай, нягледзячы на развіццё інтэрнэту, электроннай пошты, з’яўленне анлайн-магазінаў. Людзі, хоць і значна радзей, але пішуць лісты, абменьваюцца пасылкамі, выпісваюць газеты і часопісы.

Прафесія работніка паштовай сувязі – адна з самых неабходных для насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці паштальён да таго ж з’яўляецца не толькі дастаўшчыкам паштовых адпраўленняў і прэсы, але і гандлёвым, і страхавым агентам.

– Увесь пералік паслуг, якія пошта дае гараджанам, даступны і сельскім жыхарам, – гаворыць начальнік Бярэзінскага ўчастка паштовай сувязі Барысаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП “Белпошта” Вікторыя Лагоўская. – Пастаянна імкнёмся павысіць узровень абслугоўвання. Нягледзячы на з'яўленне мабільнай сувязі і інтэрнэту, праз рукі нашых работнікаў праходзіць вялізная колькасць лістоў і пасылак. Значыць, пошта не губляе сваіх пазіцый, а ідзе «ў нагу з часам».

Паштовыя работнікі не толькі афармляюць падпіску і дастаўляюць чытачам перыядычныя выданні, паштовыя адпраўленні, але і прымаюць плацяжы ад насельніцтва, ажыццяўляюць электронныя пераводы, аказваюць паслугі па страхаванні, усё ў большым аб’ёме рэалізуюць тавары народнага спажывання. І гэта далёка не ўвесь пералік, які можа прапанаваць паштовая служба.

У спісе запатрабаваных паслуг РУП "Белпошта" – інтэрнэт-крама. Калі вы не можаце, або няма часу ці жадання ісці ў аддзяленне пошты, то дадзеная паслуга будзе вельмі дарэчы.

Сярод новых паслуг таксама “Ecomerce” – паскораная пошта па Рэспубліцы Беларусь. Адпраўшчыкі – у асноўным інтэрнэт-крамы, юрыдычныя асобы і, у тым ліку, індывідуальныя прадпрымальнікі. Таксама ўкараняецца ЭАР – электронны асабовы рахунак – для зручнасці кліентаў. Дарэчы, на ЭАР на Бярэзіншчыне пераведзены ўжо чатыры арганізацыі.

– У нашым дружным калектыве ўсе адзін аднаго падтрымліваюць, а калі трэба, прыходзяць на выручку, – дадае начальнік гарадскога аддзялення паштовай сувязі №1 г. Беразіно Наталля Сіняк. – Дзякуючы добрасумленнай працы ўсяго калектыву, усе паказчыкі поўнасцю выконваюцца. Прыходзяць да нас маладыя работнікі, якія добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Сярод іх – аператар паштовай сувязі гарадскога аддзялення Кацярына Ермаловіч. Сярод ветэранаў працы паштовай сувязі, стаж якіх перавышае 20 гадоў, – паштальён 4 разраду мотадастаўкі аддзялення паштовай сувязі №1 г. Беразіно Ганна Аблётава, арганізатар рознічнага продажу Наталля Цэдрык, паштальён 5 разраду Наталля Сакава, і я таксама ў іх ліку.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER