Надзвычайныя здарэнні – зона іх работы

Date 05.12.2024 Man
Comment 1100
Надзвычайныя здарэнні – зона іх работы

Пра гэты дружны калектыў, а правільней будзе сказаць каманду, расказваць можна шмат. Суправаджаюць яны нас па жыцці, апякаюць у час бяды і нястач, сталі неад’емнай часткай нашага побыту і надзейнай абаронай. Так, гэта супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Члены калектыва раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях не толькі прыходзяць нам на дапамогу ў час бяды, але і з’яўляюцца частымі гасцямі вытворчых калектываў, навучальных устаноў і прыватных домаўладальнікаў, дзе праводзяць вялікую выхаваўча-папераджальную работу, накіраваную на захаванне жыцця і маёмасці, мінімізацыю наступстваў тых ці іншых дзеянняў.

За час свайго існавання гэтая служба неаднойчы рэфармавалася і ўдасканальвалася. Спачатку гэта было добраахвотнае пажарнае таварыства (узнікла яно ў 1896 годзе пасля таго, як у нашым мястэчку ад пажару пацярпела 76 домаўладальнікаў) і створаныя не месцах, у сельскай мясцовасці пажарныя дружыны, якія хоць і выконвалі свае функцыі, былі слаба аснашчаны і мелі на сваім узбраенні толькі конскую цяглавую сілу і бочкі з вадой. Наступным крокам стала стварэнне пажарнай часці і будаўніцтва ў 1959 годзе будынка новай ППЧ. 1994 год адзначаны ваенізацыяй прафесійных пажарных часцей. У 1999 годзе ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ваенізаваная пажарная служба была выдзелена са складу Міністэрства ўнутраных спраў і ўключана ў састаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У адпаведнасці з ім загадам па МНС ад 31 мая 2001 года быў створаны Бярэзінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Такім чынам, памянялася не толькі ведамаснае падпарадкаванне, а і самі функцыі, якія сталі выконваць работнікі РАНС – ратаваць людзей не толькі ў час узнікнення пажару, а і іншых надзвычайных сітуацый, якія адбываюцца як па віне самога чалавека, так і па тэхнагенных прычынах: аварыі, падтапленні, дарожна-транспартныя здарэнні, ратаванне на водах, пошук людзей у лясных масівах…

Яшчэ адной важнай вехай у гісторыі развіцця цяперашняга РАНС стала адкрыццё ў 2022 годзе новага будынка пажарнага дэпо. Дакладней будзе сказаць, што сённяшняя база выратавальнікаў – гэта поўнасцю аўтаномны аб’ект, які ўключае ў сябе ўсе неабходныя ўмовы для нясення кругласутачнага дзяжурства, актыўнага правядзення вольнага часу і нават пражывання і здольны існаваць самастойна.

Узведзены гэты комплекс быў пры актыўным удзеле абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, які на працягу апошніх пяці гадоў актыўна вядзе будаўніцтва аналагічных сучасных пажарных дэпо і іх капітальную рэканструкцыю на тэрыторыі Міншчыны, пастаянна клапоціцца аб папаўненні і насычэнні райаддзелаў навейшай пажарнай тэхнікай і прыладамі для пошуку і выратавання людзей, стварэння для сваіх супрацоўнікаў належных умоў для нясення службы. Добра гэта відаць і на прыкладзе нашага РАНС, дзе поўнасцю абноўлены парк аўтамабіляў, да якіх летась быў далучаны аўтамабіль, аснашчаны высоўнай лесвіцай, што дазваляе даставіць байца разліку на высотны аб’ект вышынёй у сяміпавярховы будынак.

У цэлым, зараз Бярэзінскі РАНС уяўляе сабой наступную структуру і ўключае ў сябе сектар нагляду і прафілактыкі, сектар прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю, сектар дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных здарэнняў і грамадзянскай абароны, групу матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання, якія аб’яднаны ў пажарную аварыйна-выратавальную часць і 3 пажарных аварыйна-выратавальныях пасты, якія размешчаны ў вёсках Міхалёва, Любушаны і Брадзец.

З 2006 года ў радах супрацоўнікаў РАНС служыць Яўген Ермаловіч. Пачынаў з пажарна-аварыйнага паста в. Дзмітравічы, быў вадзіцелем аўтамашыны, а зараз, пасля праходжання спецыяльнага навучэння ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі МНС стаў афіцэрам і з’яўляецца начальнікам змены. Прымаў удзел у ратаванні многіх людзей, даводзілася рабіць гэта і ў пазарабочы час, па-ранейшаму вялікі фанат валейбола (захапленне гэта захавалася са школы), член каманды РАНС.

Як адзначыў у нашай гутарцы начальнік Бярэзінскага РАНС Іван Мазанік, райаддзел сення забяспечаны ўсёй неабходнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай і абсталяваннем і здольны выконваць задачы, якія стаяць перад Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Вялікі пласт работы, якая вядзецца ў аддзеле, грамадзяне не бачаць, і дай бог, каб не бачылі яе.

А вось такія напрамкі, як прафілактыка, ідэалагічная работа і работа з моладдзю якраз знаходзяцца на відавоку. Гэта сустрэчы ў вытворчых калектывах, візіты на бацькоўскія сходы, вялікая работа з падрастаючым пакаленнем, работа клуба юных выратавальнікаў «Сірэна», адкрыццё (якое павінна адбыцца на базе адной з дашкольных устаноў горада) групы юных выратавальнікаў, знешняя рэклама бяспекі жыццядзейнасці, рэйдавыя мерапрыемствы па жылым сектары… Гэта планавая і штодзённая работа, якая вядзецца не толькі сіламі РАНС, а ў садружнасці з іншымі структурамі – РАУС, інспекцыяй дзяржэнерганагляду, райбальніцы і г.д.

Вынікам такіх намаганняў з’яўляюцца такія факты: сёлета, як і ў мінулым годзе, у раёне не дапушчана гібелі людзей на пажарах, а іх колькасць за 11 месяцаў скарацілася з 28 леташніх да 24. Усяго па выкліках супрацоўнікі РАНС з пачатку года выязжалі 89 разоў. Пры гэтым, для больш аператыўнага траплення да месца ўзгарання (а на кожны пажар выязджае не менш 4 аўтамабіляў) паміж райаддзеламі рэспублікі існуе план узаемадзеяння – прыцягнення сіл і сродкаў падраздзяленняў МНС. Дададзім, што пасля паступлення паведамлення аб няшчасным выпадку на тэлефон 101 цэнтра аператыўнага кіравання каманда выратавальнікаў выязджае на месца здарэння менш як праз адну мінуту.

Робім невялікую экскурсію па міні-гарадку (іншай назвы гэтаму аб’екту падабраць не магу, бо яна найбольш яскрава адлюстроўвае існуючыя тут умовы) выратавальнікаў.

Першым на нашым шляху аказаўся вучэбны клас, пра які раней і гаворкі не было. Асноўная частка будынка аддадзена пад утрыманне пажарных аўтамабіляў, якія поўнасцю гатовы ў любы момант выехаць на выклік. Сёння аб’ём вады іх цыстэрнаў складае да 10 тон, пры тым, як яшчэ нядаўна ён дасягаў толькі тры тоны. Тут жа знаходзіцца і маторка для аказання дапамогі на водах. Ёсць і спецыяльная лодка для прасоўвання па тонкім лёдзе ў зімовы час і спецыяльныя гідракасцюмы для работы ў вадзе. Сярод іншага абсталявання халматар і спецыяльныя бензапілы для падняцця машыны, якая трапіла ў ДТЗ, і аказання дапамогі чалавеку, які аказаўся заціснутым у салоне аўтамабіля. Ёсць таксама квадракоптэр для пошукаў лясных «пацярашак».

За тым, каб транспарт заўсёды знаходзіўся ў спраўным стане, сочаць байцы чарговай дзяжурнай змены. Да іх паслуг таксама і невялікая абсталяваная майстэрня, дзе можна не толькі правесці тэх-агляд, а і дробны рамонт асобных вузлоў і дэталяў.

Сярод іншых памяшканняў нам дэманструюць газакамеру з апаратам для стварэння штучнага дыму (выкарыстоўваецца для трэніровак), кантрольны пост газа-дыма абароннай службы, дзе да таго ж можна заправіць кіслародныя балоны. Для стварэння спрыяльных умоў службы супрацоўнікаў, для іх ёсць месцы адпачынку (у тым ліку і ложкі), пакой для прыёму ежы (тут жа можна і згатаваць любое блюда), шыкоўная спартыўная зала з сучаснымі трэнажорамі (яна ніколі не пустуе, бо заняткі спортам з’яўляюцца абавязковымі для кожнага з мэтай падтрымкі належнай спартыўнай формы, без чаго сапраўднаму выратавальніку было б немагчыма выконваць свае функцыі).

Дарэчы, у спартзале змешчаны і нямала фотаздымкаў лепшых спартсменаў райаддзела. Сярод іх – Яўген Сігуеў, Аляксей Кушнер, Андрэй Варановіч, Лідзія Васількова, Яўген Ермаловіч… Многія з іх выступаюць і на рэспубліканскіх спаборніцтвах сістэмы МНС як члены абласной каманды.

Наогул, супрацоўнікі РАНС – людзі актыўныя, нераўнадушныя і ўдзельнічаюць не толькі ў шматлікіх спартыўных (прычым даволі паспяхова), а і грамадска-палітычных мерапрыемствах, акцыях, самі наладжваюць нямала конкурсаў і спаборніцтваў. Да таго ж, многія з іх з’яўляюцца членамі БРСМ.

Асобным будынкам з’яўляюцца ангары для захоўвання тэхнікі, і (таксама уцепленая) аўтамыйка, дзе вада закальцавана і выкарыстоўваецца для гэтых мэт некалькі разоў. Не проста ўпрыгожваннем, а аб’ектам для трэніровак з’яўляецца вежа-высотка РАНС. Са зваротнага боку яна ўяўляе сабой вежу для трэніровак і работы выратавальнікаў на вышыні.

А вось старшы сяржант Арцём Лапо ў радах выратавальнікаў усяго другі год. Спачатку меркаваў стаць ваенным-кантрактнікам, але потым аддаў перавагу МНС (службу можна праходзіць прама дома, а гэта вялікі плюс), стаў майстрам-выратавальнікам. Не так даўно ў яго лёсе адбылася істотная падзея: ён ажаніўся. Маладых па старой традыцыі ўшаноўвалі ўсім аддзелам, выстраіўшы ў рад пажарныя машыны і ўтварыўшы своеасаблівы вадзяны веер, арганізаваўшы сапраўдную фотасесію.

Так, рады выратавальнікаў не аскудзеюць, маладыя людзі з ахвотай ідуць служыць на гэты адказны ўчастак, каб быць заўсёды запатрабаванымі, несці дабро і спакой нашым грамадзянам.

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER