"У гэтай велізарнай зале пануе гонар, годнасць і адзінства. Таму што ў Мінск прыехалі людзі з усіх куткоў нашай прыгожай Беларусі. Людзі, не абыякавыя да будучыні нашай Радзімы, - сказаў кіраўнік дзяржавы ў пачатку сваёй прамовы. - Сёння завяршаецца першы этап "Марафону адзінства". Ён стаў яскравай старонкай сучаснага летапісу Беларусі, аб’яднаў дзясяткі беларускіх гарадоў і мільёны сэрцаў".
Марафон, быццам паўнаводная рака, штодзень набіраў моц, захапляў, прырастаў новымі акцыямі і гарадамі, заўважыў Прэзідэнт. Кожны рэгіён прэзентаваў самае лепшае, каб здзівіць краіну. "І трэба сказаць, здзівіў… Канцэртнымі заламі, вернісажамі, пляцоўкамі для дыялогу станавіліся заводскія цэхі, гандлёвыя цэнтры, вакзалы і нават саляныя шахты. Ад Брэста да Віцебска, ад Гродна да Гомеля і Магілёва гучала: "Мы разам! Час выбраў нас!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Марафон адзінства" паказаў: Беларусь - адна вялікая сям’я, дзе кожны гатовы падтрымаць другога. Вы падарылі людзям вялікую радасць. Даказалі, што мастацтва і асвета, памножаныя на жывыя чалавечыя адносіны, могуць ствараць цуды", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
















