Тандыр, бружмель і саляныя цагліны

Date 02.08.2025 Man
Comment 490
Тандыр, бружмель і саляныя цагліны

26 ліпеня ў сям’і Мікалая і Наталлі Саўкіных – адбылася выключная падзея: вяселле старэйшага сына Івана. Чалавек ён самастойны і мае за плячыма не толькі 24 гады (дарэчы, нарадзіўся ён на Купалле), а і дыплом аб заканчэнні ВНУ, трывалую работу дарожнага майстра аднаго з дарожных прадпрыемстваў г. Бабруйска, дзе адбываецца яго адпрацоўка.

Радасць ад свята не хаваюць ні сам жаніх, ні яго бацькі, якія зусім не супраць «прымерыць» у хуткім часе на сабе новыя тытулы бабулі і дзядулі. Хаця яны і самі яшчэ даволі маладыя, поўныя энергіі, і налета будуць адзначаць сярэбранае вяселле. Уражвае, колькі перамен (станоўчых і прыемных) адбылося з імі за гэты час. Прычым яны не зваліліся з неба і не адбываліся па загадзе чароўнай палачкі, а былі створаны ўласнымі намаганнямі і рукамі.

Сакральная лічба «13»

Менавіта такой з’яўляецца яна для сям’і Саўкіных і асабліва – для Мікалая. Па-першае, менавіта 13-14 студзеня 2001 года згулялі маладыя сваё вяселле. Гэтая ж дата з’яўляецца і днём нараджэння галавы сямейства (нарадзіўся ён у ноч з 13 на 14 студзеня, падчас сустрэчы Старога новага года). Па-другое, нумарок з №13 выпаў сям’і пры размеркаванні ўчасткаў для будаўніцтва індывідуальнага дома ў г. Беразіно. Па-трэцяе, наваселле ва ўзведзеным гмаху Саўкіны адзначылі ў снежні 2013-га года. Няцяжка здагадацца, што адбылася гэтая падзея… канечне ж, 13-га чысла. Такім чынам, налета споўніцца зноў жа 13 гадоў пражывання ў гэтай сядзібе.

 

За гэты час намаганнямі членаў сям’і тут адбылося шмат перамен, якія дазволілі ўчастак дапоўніць многімі надворнымі пабудовамі і ператварыць яго ў квітнеючы сад.

– Калі мы адразу пасля вяселля жылі ў кватэры, то і не думалі спачатку аб уласным доме і аб тым, што давядзецца стаць актыўнымі агароднікамі-кветкаводамі, – расказвае Наталля Саўкіна. – Але з часам работа на зямлі так захапіла, што яна стала для нас подобнай на хобі. Відаць, у генах засталіся карані сялян: муж нарадзіўся ў в. Мікулічы, а мая маці паходзіць з Багушэвіч. Даглядаць і ўпрыгожваць наш «райскі куток» нам абодвум прыносіць вялікае задавальненне.

Экскурсія па ўчастку

Убачыць такую вялікую колькасць самых разнастойных раслін на невялічкім пятачку ў 10 сотак даводзіцца вельмі рэдка. І тут якраз атрымліваецца такі выпадак. Нягледзячы на тое, што ўвесь палісаднік засаджаны газоннай травой, дальняя яго частка аддадзена пад невялікія градкі. Тут красуюцца агуркі, бурачкі, цыбулька, капуста, гарбузы, бульба-скараспелка (як жа без яе?!). Побач – парнік з памідорамі. Гэтую агародную частку адразу ўбачыць цяжка, бо перад ёй пасаджаны цэлы рад мяцёлкападобных гартэнзій (іх кветкі спачатку белыя, а потым набываюць чырвоны колер), якія ў час цвіцення поўнасцю закрываюць сабой зону ўчастка.

Гонарам сям’і з’яўляюцца разведзеныя садовыя буякі, журавіны, маліны, ажыны, бружмель, шаўкоўніца вадаспадная ампельная. Уявіце сабе: з аднаго куста ажыны гаспадары здымаюць да 40 кілаграмаў ягад! Прыкладна такі ж ураджай дае і вінаград. А яго на ўчастку – шэсць сартоў, большай часткай дэсертны, як чырвоны, так і зялёны. Не забытыя і пладовыя дрэвы. Акрамя традыцыйных яблынь і сліў тут можна сустрэць персікі і лясныя арэхі.

Побач з мангальнай зонай высаджаны кусты мяты з розным адценнем паху, лімоннік, бергамот, рамонак, эхінацэя, якія выкарыстоўваюцца ў якасці прыправы як у свежым, так і сушаным выглядзе.

І, канечне ж, на ўчастку вялікая колькасць кветак і экзатычных раслін, якія ўпрыгожваюць сядзібу з ранняй вясны да позняй восені. Так, пры ўваходзе ў веснічкі вы трапляеце ў сіметрычную зону туй, навокал шмат руж. У ліку іншых упрыгожванняў – рададэндраны, лаванда, півоні, прымулы, гартэнзіі, нельга не замілавацца горнай сасной, юкай, вярбой хакурай,  гібіскусам… Пад многімі кустамі прыхаваліся невялічкія фігуркі лясных насельнікаў – вожыка, лісічкі. Увечары своеасаблівае адценне прыгажосці дадае святло сонечных ліхтарыкаў.

Нягледзячы на вялікую колькасць раслін, размешчаных на ўчастку, размеркаваны яны з перспектывай, каб праз год-другі тут не ствараліся непраходныя зараснікі, усё своечасова абразаецца, а пры неабходнасці і чаранкуецца. Некаторыя з дрэўцаў гаспадар нават прыладзіў на зялёнай зоне за межамі свайго падворка. Відаць, там хутка з’явяцца і новыя парасткі.

Мангал, казан, тандыр, лазня…

Расказ пра падворак руплівых гаспадароў быў бы няпоўным без узгадання існуючых там пабудоў і створанага ўнутры і вакол іх хараства, дзе паўсюдна адчуваецца гаспадарлівая рука і дагледжанасць. Перш-наперш гэта такія неабходныя будынкі, як гараж, памяшканне для захоўвання інструментаў, варыўня і дрывотнік.

А вось пра яшчэ адзін аб’ект – лазню – хочацца расказаць асобна. Спачатку гаспадары і не думалі пра яе, бо ў доме ёсць душавая кабінка, што больш патрэбна? Але зараз без яе – аніяк.

Узводзілі будынак Мікалай Мікалаевіч з Іванам удваіх па ўласным праекце.  Ён увабраў у сябе шмат цікавага. Напрыклад, вялікую крытую альтанку пад навесам, дзе на свежым паветры можна сабрацца вялікай кампаніяй. Побач размяшчаецца і мангальная зона для прыгатавання шашлыкоў і іншых прысмакаў. Прычым мангал гэты своеасаблівы, шматфункцыянальны (яго, да прыкладу, можна выкарыстоўваць і ў якасці капцільні) і створаны паводле інжынернай думкі гаспадара, які аказаўся вялікім рацыяналізатарам. Шмат новаўвядзенняў унёс Мікалай Мікалаевіч і ў казан (у ім, дарэчы,  прадугледжана ніжняе гарэнне), які таксама вельмі запатрабаваны. Да таго ж ён перасоўны – на калёсіках.

У лазні пад адным дахам размясціўся і пакой  адпачынку з абсталяванай у ім кухоннай зонай. Тут перш за ўсё кідаецца ў вочы вялікі абедзенны стол і драўляныя дубовыя крэслы, зробленыя па спецыяльным заказе гаспадара з натуральай драўніны. Побач – камін, на сценах – тэматычныя керамічныя пано, невялічкія свяцільнікі-свечкі ў дадатак да асноўнага асвятлення, святло якіх нагадвае сапраўдныя агеньчыкі. У асобнай зоне – посуд і іншы кухонны інвентар. У сумежным пакойчыку адшукаўся незвычайны для нашых мясцін агрэгат – тандыр. Паводле вікіпедыі, гэта печка-жароўня, мангал асаблівага шарападобнага або жбанападобнага выгляду для прыгатавання розных страў у народаў Азіі, Каўказа, Балканскага паўвострава. Звычайна ў ім гатуюць праснакі, годны ён і для запякання мяса, сушкі грыбоў, рыбы і ішых прадуктаў. Тандыр гаспадар абсталяваў спецыяльным вентыляцыйным адводам.

Прадугледжана сістэма вентыляцыі і ў лазневай парылцы, дзе акрамя ўсіх звычайных атрыбутаў Мікалай Мікалаевіч вырашыў забяспечыць аматараў лёгкай пары салянымі цаглінамі, якія ствараюць у пакоі непаўторную атмасферу. Вось такі лазнева-адпачывальны комплекс атрымаўся ў Саўкіных. Хоць ты яго ў арэнду здавай.

А навошта ім аўто?

Легкавы аўтамабіль, як і самі яго ўладальнікі, таксама з’яўляецца ў сям’і вялікім працаўніком і рэдка які год падоўгу прастойвае ў гаражы: яшчэ адно захапленне Саўкіных – вандроўкі і падарожжы. Да 2019 года, надыходу пандэміі, яны паспелі наведаць аж 12 еўрапейскіх краін. Падчас адной з такіх вандровак, узгадваюць Мікалай і Наталля, выбраўшыся толькі ў Літву, не спыніліся на першачарговым маршруце і аб’ехалі за месяц аж сем краін. Пасля кожнай паездкі афармляецца альбом з фотаздымкамі. Вось адлюстраваны віды Балгарыі, Чарнагорыі, Босніі, Харватыі, Польшчы, Абхазіі…

– Арганізаваныя экскурсійныя турнэ – не для нас, – сцвярджаюць муж і жонка. – Ну што можна ўбачыць з борта самалёта або з акна аўтобуса, які едзе і робіць прыпынкі толькі ў вызначаных месцах. Іншая справа – вандроўка на ўласным аўто: дзе захацеў – спыніўся, куды захацеў – звярнуў. Таму ўражванняў заўсёды значна больш, чым у экскурсантаў. Выбіраемся за мяжу часцей за ўсё спантанна. Муж садзіцца за камп’ютар, перабірае карцінкі з цікавымі мясцінамі, збірае інфармацыю пра краіну і яе асаблівасці, а потым, атрымаўшы дастатковую колькасць інфармацыі, можа нават сярод ночы ўсіх разбудзіць, загрузіць у легкавушку, і вось – мы ўжо ў дарозе…

Насычанае і яркае жыццё, якое бруіць у сям’і Саўкіных, для кагосьці можа падацца зайздросным. Маўляў, во даюць, і як яны толькі спраўляюцца!? Нам бы так! А што вам, уласна, перашкаджае пераняць такі вопыт, быць лёгкімі на пад’ём, наводзіць прыгажосць і ўтульнасць у сваім жытле, быць гаспадарамі сваёй зямлі і свайго лёсу? Ніхто ж не распарадзіцца ім лепш, чым вы самі. Памятаеце, што адбываецца з ляжачым камнем? Не паўтарайце яго нерухомасць, не абрастайце мохам, тады і жыццё заззяе самымі яркімі фарбамі.

 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Кто же победил в “TourFest-2025”?  Выполняют госзаказ »