Хто да прысмакаў ласы – таму кумпячкі і кілбасы

Date 04.05.2026 Man
Comment 214
Хто да прысмакаў ласы – таму кумпячкі і кілбасы

Калі на хвіліну забыцца пра духоўна-культурныя здабыткі ды задумацца, якія ж яны яшчэ, сапраўдныя беларускія каштоўнасці, што першае прыйдзе на розум? Дык правільна, страўнік падказвае: выгадаваць парсючка, а лепш не аднаго, начыніць кілбас, зрабіць каўбушок, сальцісон, халадзец наварыць… Карацей, думкі пачынаюцца з парсючкоў і смачных кумпячкоў. Вось чым яшчэ багатая Бярэзіншчына, што настолькі стала побытавым, што адразу і не падумаеш, – гэта вырошчваннем свінак, і доказам таму служыць вопыт ЗАТ “Клявіца”, прадукцыя якога вядомая не толькі ўсім бярэзінцам, але і далёка за межамі раёна.

Усе законы логікі падказваюць, што найбольш выгадна ўласную прадукцыю перапрацаваць і тут жа на месцы адправіць на продаж: і арганізацыі прыбытак, і людзям на карысць. Тым больш, што прадукцыя якасная, даўно карыстаецца попытам сярод насельніцтва.

Хто з бярэзінцаў ніводнага разу не наведваўся ў “Мяско”? Гандлёвы аб’ект існуе з 2007 года і з’яўляецца адным з самых папулярных магазінаў на Бярэзіншчыне. І прадукцыя тут прадстаўлена натуральная, якасная, без “хіміі”: выразкі, рулькі, паляндвіцы, паўфабрыкаты, перапрацаваная прадукцыя ў выглядзе кілбас і мяса, прыгатаванага па “старых рэцэптах”, і многае-многае іншае. 

– Найперш прадаём прадукцыю ўласнай вытворчасці, якая паступае з цэха перапрацоўкі: “колбаски деревенские”, “рёбрышки в маринаде”, сыравяленая прадукцыя, іншае. Некалькі дзясяткаў найменняў. Наконт свежага мяса, як гаворыцца, у нас “з нажа” усё, з бойні адразу на продаж. Важная адметнасць – гэта вельмі зручна ў тым плане, што ўсё знаходзіцца на тэрыторыі аднаго раёна, не трэба ніадкуль здалёк прывозіць, – расказвае кіраўнік гандлёвай кропкі Таццяна Лемер. – Мы несупынна адсочваем сітуацыю, як толькі заканчваецца што-небудзь на прылаўку і вітрыне, адразу тэлефануем, і зараз жа ідзе пастаўка мясных вырабаў.

Пра тое, што бярэзінцы – вялікія аматары смачна паесці, сведчыць той факт, што прадукцыя пастаўляецца, як мінімум адзін раз на дзень. Дарэчы, мы патрапілі сюды ў першай палове дня, калі да прылаўкаў выстраілася чарга пакупнікоў.

– Мне падабаецца сюды прыходзіць за мясам, і сала ўжо засоленае з прыправамі можна купіць, – падзяліўся адзін мужчына.

– Падабаецца найперш тое, што ўсё натуральнае і якаснае, – зазначае жанчына побач. – Няма тут гэтых дабавак “Е”, усялякіх кансервантаў і фарбавальнікаў. Калі бярэш свіную печань ці рэбры, дык дакладна ўпэўнены, што яшчэ ўчора жывёла бегала недзе ў загоне. Прадукт свежы і смачны!

У асаблівыя “гарачыя” дні, перад выхаднымі і на святы прадукцыя сюды пастаўляецца і па два-тры разы за дзень. Калі словамі сухіх лічбаў, то па словах загадчыцы, у буднія дні завозіцца тавараў агульным коштам на 3-4 тысячы рублёў, у выхадныя – на 9-10 тысяч, а бывае, што і на 23-25 тысяч рублёў. 200-300 пакупнікоў за дзень – гэта стабільна.

Адзначым, што калектыў магазіна складаецца з 11 супрацоўнікаў. Цякучкі кадраў няма. Акрамя прадаўцоў ёсць яшчэ прыбіральшчыца, грузчык. Уласна ж Таццяна Лемер на пасадзе дырэктара ўжо 15 гадоў, а працуе тут з самага адкрыцця магазіна. На работу кожны дзень спяшаюцца з добрым настроем. Якаснае абслугоўванне пакупнікоў – таксама брэнд магазіна, як наогул стаўка, зробленая на якасць, з’яўляецца даўнім брэндам ЗАТ “Клявіца”.

Практыкуецца тут і выязны гандаль: прадукцыя стабільна прадстаўляецца на масавых святах у горадзе, а таксама бывае ў Клічаве, Ялізаве, а часам нават у Мінску на “Чыжоўка-Арэне”.

Цікавы момант: у Беразіно за свежай прадукцыяй “Клявіцы” прыязджаюць госці са сталіцы і розных іншых куткоў Беларусі.

Спрыяе таму і тое, што магазін размешчаны побач з трасай Мінск-Магілёў і накірункам на Бабруйск, а таксама і тое, што людзі дзеляцца меркаваннямі паміж сабой ужывую і ў сацыяльных сетках. Тут і лішніх слоў не трэба, каб зразумець, што бярэзінцам ёсць яшчэ адна нагода ганарыцца здабыткамі працаўнікоў роднага раёна, бо прадукцыю з Бярэзіншчыны характарызуе найперш якасць.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER