У руках майстра і жалеза паслухмянае

Date 29.05.2026 Man
Comment 84
У руках майстра і жалеза паслухмянае

Беларуская народная прымаўка пра тое, што “каваль куе, жалеза пяе” вядомая з далёкіх часоў. Як і сама кавальская справа. З таго часу яна, як і многія іншыя віды ручной працы, страціла былую значнасць, як неабходная ў гаспадарцы і ў цэлым у жыцці. Таму не-не, ды ўзнікае пытанне: ці не знікне рамесніцтва ўвогуле? Адказ напрошваецца сам сабой: напэўна, у нашых генах ад далёкіх продкаў зашыты код майстэрства і таленту.

Інакш як растлумачыць, што чалавек, бацькі якога не маюць дачынення да кавальства, ды і сам гэтаму нідзе не вучыўся, раптам пачаў ствараць сапраўдныя шэдэўры з металу.

– Гэта спачатку было маё хобі, – гаворыць член народнага калектыву майстроў народнай творчасці Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Уладзімір Косцін. – Заўсёды падабалася працаваць з жалезам.

Напэўна таму першую прафесію звязаў з тэхнікай – працаваў у філіяле ДЭУ-6 РУП “Мінскаўтадар Цэнтр” вадзіцелем, якому, як вядома, даводзіцца не толькі абаранку круціць, нярэдка і рамонтам займацца. А тут метал круціць і гнуць таксама патрэбна.

– Аднак мне хацелася займацца мастацкай коўкай, – адзначае Уладзімір Валер’евіч. – А першай спробай у гэтым стаў турыстычны злёт дарожных арганізацый, які тады праходзіў у Старых Дарогах і быў звязаны з ваеннай тэматыкай. Менавіта на гэты злёт вырабляў самалёт, танк і гармату з металу. Не ўсё атрымалася, як хацелася, але ўрок не прайшоў дарэмна. Бо, як і ў любой іншай справе, усё прыходзіць з вопытам. Таму спачатку штосьці вырабляў для сябе. Як бачыў, так і рабіў.

Не адразу Уладзімір Косцін адважыўся пакінуць звыклую, стабільную работу вадзіцелем, звольніцца і пайсці “на свой хлеб”. Разважаў: ці зможа, ці атрымаецца? Таму канчаткова з дарожнікамі не парваў, уладкаваўся працаваць вартаўніком, праўда, у іншую арганізацыю – філіял ДРБУ-192.

У вольны час спачатку займаўся коўкай у сваім гаражы, ды і першыя інструменты былі самаробныя. Вядома, жаданне – вялікая справа, але ж і без спецыяльных прылад не абысціся. З цягам часу ўладкаваў майстэрню ў падсобным памяшканні на падворку, набыў інструменты, чатыры “балгаркі”, накавальню, станок для мастацкай коўкі…

– Ды і на станку ўсяго не зробіш, – разважае майстар, – у асноўным гэта нарыхтоўкі. Мастацкія элементы, якія нараджаюцца ў галаве, даводжу рукамі. Я займаюся халоднай коўкай. Гарачая больш цікавая, адначасова больш працаёмістая і дарагая.


Даведка

Мастацкая коўка халодным метадам – спосаб вырабаў з металу без нагрэву. Халодная коўка дазваляе займацца кавальствам без паўнацэннай кузні. Па-сутнасці, гэта механічная дэфармацыя металу – абточванне, згібанне, раскрутка, зварка элементаў пры звычайнай тэмпературы. У той час як пры гарачай коўцы неабходна працаваць з раскаленым металам.


У даўнія часы каваль быў на вагу золата, пра яго ведалі не толькі аднавяскоўцы, але і ўся акруга. Ды і вучыцца справе патрэбна было даволі доўга пад наглядам добрага майстра. Пасля чаго неабходна было “вырабіць штуку”, так бы мовіць, здаць экзамен на прафесіяналізм.

Уладзімір Валер’евіч называе сябе самавучкай. Бо да ўсяго даходзіў самастойна, і прафесіяналізм хутка і даўно даказаў. Справа гэта наколькі фізічна цяжкая і карпатлівая, настолькі і захапляльная. Ды і працэс наколькі працяглы, настолькі і творчы. Бывае, падчас работы, на хаду, мяняе ўжо намаляваны ў галаве элемент або ўзор. А іншы раз ужо загадзя ведае, якім будзе той ці іншы выраб, неаднойчы пракручвае ў галаве. А потым амаль цэлы дзень на нагах. І заўсёды стараецца, каб выраб спадабаўся, каб паспець выканаць заказ своечасова.

– Раней прапаноўваў свае вырабы, зараз людзі просяць, – гаворыць Уладзімір Косцін. – Іншы раз часу на ўсе заказы не хапае. Заказваюць у асноўным дачнікі або тыя, хто мае свае сядзібы. Казыркі над ганкам, веснічкі, мангалы, камінныя рашоткі, вешалкі, якія ўстанаўліваюцца на падлозе, падстаўкі або аркі для кветак, арэлі садовыя… Адразу ўсё цяжка пералічыць.

Кожны элемент у сваіх вырабах Уладзімір Валер’евіч стараецца да драбніц прадумаць і выверыць. Таму рэклама яму не патрэбна, усё часцей спрацоўвае “сарафаннае радыё”, кожны выраб – ужо дэманстрацыя майстэрства. Сёння работу каваля можна ўбачыць у многіх месцах Беразіно, і не толькі. І не абавязкова па заказах. Патрэбай душы стала дапамога Нікольскаму храму, для якога змайстраваў спачатку падстаўку, лаўкі, поручні. Пэўны час тут жа рамантаваў уваходныя вароты на тэрыторыю царквы, а потым прапанаваў зрабіць новыя. Ацэнкай такой работы стала Архіерэйская грамата, якую літаральна на днях уручыў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Амвросій.

Лаўка з арфай для роднага горада, якая летась размясцілася каля раённага цэнтра культуры – таксама яго рук справа. І лыжка на будынку раённага цэнтра рамёстваў, што засвяцілася мінулай зімой, і чароўная папараць-кветка на Купальскае свята. Можна было пабачыць работы Уладзіміра Косціна на раённых святах, на абласных мерапрыемствах каля Кургана Славы…

Ужо па заказах дапамагаў абнаўляць паклонныя крыжы ў некаторых вёсках раёна – Сялібе, Капланцах, Жорнаўцы. І некаторыя арыгінальныя лаўкі для арганізацый, якія сёлета паявіліся на вуліцах нашага горада, створаны не без удзелу бярэзінскага каваля.
Вядома, ёсць ва ўсім гэтым матэрыяльны стымул, не менш важны стымул маральны, задавальненне ад працы. Напэўна, няма нічога больш прыемнага, чым займацца любімай справай, якая, да ўсяго, прыносіць даход.

Хаця і клопатаў нямала, шмат неабходна сіл і часу. Патрабуе кавальства ўважлівасці і дакладнасці, не даруе бяспечнасці. Работа з “балгаркай” ці зваркай не церпіць абыякавасці, ды і задуманы выраб не даруе пралікаў.

Творчасць – асобная тэма. А адсюль мангал у выглядзе прывіднага гоншчыка, які ў свой час “завітаў” на адкрыццё Маладзёжнага цэнтра ў нашым горадзе. І цэлы сюжэт, дзе абыграны і дэкарыраваны звычайны пажарны апавяшчальнік у дзіцячым пакоі. І мудрагелістыя ўзоры на любым з вырабаў...

– Думак заўсёды многа, – гаворыць майстар, – нярэдка вобразы паяўляюцца ў працэсе работы.

І нараджаюцца ўнікальныя аўтарскія вырабы. Умелымі рукамі майстра з дапамогай, можна сказаць, грубых інструментаў ствараюцца практычна ювілерныя ўзоры. Яны, у сваю чаргу, дапамагаюць надаваць зачараванне не толькі самому прадмету, але і дому, двару, саду, вуліцы… усяму наваколлю.

 

 

 

 

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара і з архіва героя матэрыялу.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER