Савецкі ўрад прыняў рашэнне – працягнуць руку братняй дапамогі працоўным Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія працяглы час знаходзіліся пад уладай буржуазна-памешчыцкай Польшчы. 17 верасня 1939 года савецкія войскі перайшлі граніцу былой польскай дзяржавы і пачалі свой вызваленчы паход. У школе адбыўся мітынг, на якім выступалі настаўнікі і старшакласнікі. Усе мы з радасцю ўспрынялі гістарычную падзею, у канчатковым выніку якой былыя заходнебеларускія і заходнеукраінскія землі ўз’ядналіся з Савецкай сацыялістычнай дзяржавай. Тэме ўз’яднання і быў прысвечаны Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся ў Беластоку ў кастрычніку 1939 года.
Тым часам у школе ішлі нармальныя заняткі. З перыядычнага друку, з палітінфармацый настаўнікаў мы даведаліся аб падзеях, што адбываліся на вызваленай тэрыторыі Заходняй Беларусі. Мне не снілася і не думалася, што і на маю долю выпадзе шчасце ўдзельнічаць у будаўніцтве новага жыцця гэтай тэрыторыі нашай рэспублікі.
Пасля заканчэння 9 класа мне і некаторым маім аднакласнікам прапанавалі набыць спецыяльнасць настаўніка. Мы згадзіліся і па накіраванні Крупскага райана паступілі на курсы пры Барысаўскім педагагічным тэхнікуме. Праграма была насычанай і нам за два месяцы давялося асвоіць увесь матэрыял, разлічаны на тры месяцы вучобы. Ужо 16 жніўня 1940 года я атрымаў накіраванне ў Мядзельскі раён былой Вілейскай вобласці. Увесь навучальны год працаваў загадчыкам і настаўнікам Мазалеўскай пачатковай школы Слабадскога сельсавета.
Нас, прыбыўшых на працу савецкіх людзей з Усходняй Беларусі, як перад гэтым і воінаў Чырвонай Арміі, мясцовыя жыхары сустракалі з радасцю. Нам верылі ва ўсім і глядзелі на нас, як на прадстаўнікоў першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы рабочых і сялян.
Вёска Мазалеўшчына была невялікая. Мясцовыя актывісты ўладкавалі мяне на кватэру да гасцінных гаспадароў. Ілья Лукіч і Ніна Іванаўна Карабейнікі прынялі мяне з радасцю, лічылі сваім сем’янінам, праяўлялі пастаянна клопат пра мяне, за што я ім выказаў вялікую ўдзячнасць. У іх сям’і быў дашкольнік Міша, з якім у мяне склаліся даволі цёплыя адносіны. Нярэдка я з ім арганізоўваў гульні, расказваў малому казкі, чытаў апавяданні беларускіх пісьменнікаў.
Працаваў з вялікай ахвотай. Школа была ў адной з палавін звычайнай сялянскай хаты, з’яўлялася двухкамплектнай. Усе 48 вучняў былі дысцыплінаваныя, імкнуліся да ведаў. Вучыў дзяцей у дзве змены, таму даводзілася шмат працаваць. І дома пры падрыхтоўцы ўрокаў, і ў школе. А вопыту не хапала. Ды і ведаў было малавата, папаўняў іх самаадукацыяй. Вялікую дапамогу аказваў калектыў Слабадской сярэдняй школы. Часта нас, настаўнікаў пачатковых класаў, запрашалі на метадычныя пасяджэнні. Тут я пазнаёміўся блізка з двума настаўнікамі, якія працавалі і пры панскай Польшчы. Прозвішча аднаго з іх Блажэвіч, другога, здаецца, Ніфрановіч. Пры Савецкай уладзе яны настаўнічалі ў старэйшых класах. Знаходзілі час, каб і мне, педагогу-пачаткоўцу, аказваць дапамогу ў методыцы правядзення ўрокаў. Я ім расказваў пра сябе, пра свае погляды на жыццё, дзяліўся ўражаннямі аб убачаным і пачутым. З захапленнем слухаў сам расказы ветэранаў школьнага жыцця.
Моладзь таксама любіла нас, прыбыўшых з Усходняй Беларусі. З павагай і я адносіўся да юнакоў і дзяўчат. Адносіны былі сяброўскімі ў поўным сэнсе гэтага слова.
На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні ў сельскай гаспадарцы. І мы былі вернымі праваднікамі палітыкі нашай партыі і Савецкага ўрада. Сталі стварацца калгасы. А сяляне Мазалеўшчыны па-ранейшаму пакуль вялі аднаасобную гаспадарку. Так было і ў чэрвені 1941 года, калі я атрымаў першы настаўніцкі водпуск. Мой гаспадар Ілья Лукіч запрог уласнага каня і прывёз мяне на чыгуначную станцыю Будслаў. На развітанне ён пажадаў мне шчаслівай дарогі, без перашкод дабрацца да роднай хаты і пасля водпуску зноў вярнуцца ў школу. Але гэтаму не суджана было здзейсніцца, праз два тыдні пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна і застала мяне ў роднай вёсцы Харчычы. Толькі праз 25 гадоў давялося мне пабываць у Мазалеўшчыне, дзе я пачаў свой нялёгкі шлях настаўніка.
“Сцяг Леніна”, №92 ад 1 жніўня 1989 года.
Падрыхтавала Ала Альфер.