У пачэсным спісе - У пачэсным спісе - каманда вучняў ДУА "Сярэдняя школа №3 г. Беразіно" пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Цімафея Татаронка і Марыны Немагай, якая атрымала дыплом І ступені.
Гэты конкурс даўно ўпадабаны школьнікамі за магчымасць прадэманстраваць усім свой творчы пошук, канструктарскае мысленне і канчатковы праграмны прадукт. Аднак сёлета ён сабраў неверагодную колькасць удзельнікаў і творчых работ. Уявіце сабе, у заключным этапе мерапрыемства прынялі ўдзел 60 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 116 устаноў прафесійна тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 113 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы якіх прадставілі аж 607 экспанатаў па наступных намінацыях "Дызайн-елка, "Альтэрнатыўная елка", "Хайтэк-елка", "Рэтра-Елка", "Елка-трансформер", "Калядная кампазіцыя", "Сімвал 2022 года", "Год народнага адзінства", "Мультымедыяелка "Краінай сваёй ганаруся". У якой з гэтых намінацый бярэзінскія вучні сталі пераможцамі?
- Па выніках заключнага этапу сярод каманд мы занялі першае месца ў намінацыі "Калядная кампазіцыя", - тлумачыць педагог, - а калі гаварыць прасцей, да поспеху нас даімчаў "Калядны экспрэс".
Аўтары гэтага каляднага цуда - вучні дзявятага класа Раман Блізнюк і Пётр Руднік.
Яны, як высветлілася, зусім і не чакалі пабачыць сваю каманду ў ліку пераможцаў.
- Мы ўжо з пятага класа займаемся ў гуртку па робататэхніцы, - гаворыць Раман. - Наведваць заняткі вельмі падабаецца, бо тут заўсёды творчая атмасфера, патрабуюцца добрыя навыкі канструявання і праграмавання. А гэта тое, што абавязкова спатрэбіцца ў далейшым, бо мы плануем стаць праграмістамі.
- Праўда, не магу сказаць, што тут у нас усё атрымліваецца з першага разу, - дадае Пётр, - пакарпець і панервавацца даводзіцца шмат. Вы нават не ўяўляце, колькі разоў мы перараблялі і ўдасканальвалі сваю калядную кампазіцыю, бо ёлачка павінна была зіхацець рознакаляровымі агеньчыкамі, а экспрэс з падарункам - надзейна рухацца.
Трэба аддаць належнае, папрацавалі над сваёй работай юнакі шмат і вынікам задаволены.
- Ідэя прыйшла практычна адразу, а вось выраблялі мы яе даволі доўга, - расказвае педагог, - ды і вынік парадаваў. А перамога абавязкова натхніць на новыя адкрыцці, бо ў нашай каманды нямала крэатыўных ідэй і таленавітых юнакоў.
Цімафей Татаронак
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.