Як выхоўваюць юных патрыётаў у СШ №3?

Date 06.05.2022 Man
Comment 979
Як выхоўваюць юных патрыётаў у СШ №3?

З гэтага навучальнага года ў школах краіны з’явіліся кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Яны, па словах настаўнікаў, значна дапамагаюць педагагічнаму калектыву ў выхаванні вучняў. Іх ацэнка - не пусты гук, ды і ў Год гістарычнай памяці заклікі да актывізацыі патрыятычнай работы сярод школьнікаў – не проста словы. 

Аб тым, што трэба зрабіць у плане паляпшэння дапрызыўной падрыхтоўкі і фарміравання патрыятычнай самасвядомасці вучняў, разважае кіраўнік патрыятычнага выхавання ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно” Васіль Кісель.

– Патрыятычнаму выхаванню юнага пакалення, лічу, варта заўсёды ўдзяляць вялікую ўвагу, бо дзяцінства і юнацтва – тая пара, калі зараджаецца пачуццё любові да сваёй Радзімы, да свайго народа. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дапамагае сфарміраваць пачуццё годнасці, упэўненасці ў сабе, павагі да гісторыі сваёй Айчыны, вернасці баявым і працоўным традыцыям, гатоўнасці да абароны сваёй Радзімы. У нашай краіне выхаванню юных патрыётаў адводзіцца значная ўвага, але, вядома, яшчэ ёсць да чаго імкнуцца ў гэтым накірун-ку, – падзяліўся сваім меркаваннем Васіль Віктаравіч.

Для яго ваенны доўг перад Радзімай – не пустыя словы. У свой час Васіль Кісель праходзіў тэрміновую службу ў ваенна-паветраных войсках на Далёкім Усходзе – у Прыморскім краі. Настаўнік, як сапраўдны патрыёт, захоўвае і шануе памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны, бо яго дзядуля, кавалер ордэна Славы Васіль Майсеевіч Кісель, служыў сапёрам. Слаўную Перамогу сустрэў у Прусіі.

Сёння ваенна-патрыятычным выхаваннем ахоплены практычна ўсе вучні школы. Безумоўна, адзначаюць у школе, з'яўленне новай пасады – кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання – дапаможа далучыць да патрыятычнага руху школьнікаў усіх жадаючых вучняў.

Настаўнікі адзначаюць, што ўдзел у ваенна-патрыятычных конкурсах, форумах, наведванне гістарычных мясцін Беларусі – відавочна вельмі станоўча ўплываюць на паводзіны вучняў. З гэтым пагаджаюцца і бацькі навучэнцаў. Вучні становяцца больш дысцыплі-наванымі, ёсць станоўчыя зрухі ў вучобе, многія лічаць, што цяпер знайшлі арыенцір для будучай прафесіі. Асабліва такая работа ў калектыве карысная для падлеткаў, што трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў.

Дарэчы, новая школьная пасада не выклікала ў педагогаў установы ніякіх адмоўных эмоцый, бо яшчэ ў памяці большасці захаваліся ўрокі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і вобраз выкладчыка ПВП. У свой час менавіта яны фарміравалі ў вучняў патрыятычную свядомасць і пачуццё вернасці сваёй Радзіме.

У школе №3 заўсёды надавалася вялікая ўвага патрыятычнаму выхаванню, дзейнічаюць грамадскія арганізацыі.

Дарэчы, навучальная ўстанова размешчана на вуліцы, якая носіць імя Марыі Рамановіч. Гэта жанчына родам з вёскі Ягадка, працавала настаўніцай і была актыўнай удзельніцай партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Добра вядома, што ў маі 1943 года дыверсійная група, выканаўшы баявое заданне непадалёку ад вёскі Ліскі Рагачоўскага раёна, адыходзіла ў лес. Гітлераўцы дагналі партызан, завязаўся бой. Марыя была паранена ў плячо, але адстрэльвалася да апошняга, адбівалася гранатамі. Апошнюю кулю выпусціла ў сваё сэрца. Пра яе подзвіг ведае ў школе кожны вучань і педагог.

– Мне асабіста падабаліся заняткі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў сваёй школе №2 і тое, чым мы займаліся, – дадае Васілій Віктаравіч, – ды і дагэтуль мне не забыць урокаў пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Уладзіміра Паўлавіча Дыбаля. Светлая яму памяць! Тут мы вучыліся дысцыплінаванасці і адказнасці, паважліваму стаўленню адзін да аднаго і старэйшага пакалення. У многіх у памяці захаваліся страявая падрыхтоўка, якая праводзілася ў гульнявой форме, агляды-конкурсы песні. Гэта быў спаборніцкі працэс, які падабаўся ўсім без выключэння. Я думаю, што гэта варта адраджаць, нават калі выпускнікі не будуць працягваць вучобу ў ваеннай акадэміі. Веды, атрыманыя на занятках, вядома, цяпер спатрэбяцца, я і сам служыў. Патрыятычнае выхаванне ў дадзены момант патрэбна, каб выхаваць маладога чалавека, які зразумеў бы, што такое Радзіма. А яе разуменне ў кожнага сваё.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER