Студатрад адпрацаваў у «Истоке»

Date 01.08.2023 Man
Comment 610
Студатрад адпрацаваў у «Истоке»

Пытанне, чым заняць сябе летам, перад старшакласнікамі і студэнтамі так абвострана не стаіць, як, напрыклад, у пару майго юнацтва.

Калі ты член БРСМ, то дакладна пашанцава мець магчымасць патрапіць у студатрад, а гэта не толькі магчымасць падзарабіць грошай перад далейшай вучобай і проста на кішэнныя расходы, але і цудоўная спроба апынуцца ў віры сапраўднага дарослага жыцця.

У моладзі маецца магчымасць папрацаваць у летні перыяд на розных прадпрыемствах і ў арганізацыях Бярэзіншчыны. Адна з іх – ТАА “Исток”, дзе з 17 па 28 ліпеня працаваў студатрад з 8 чалавек – студэнтаў і абітурыентаў.

Калі я сюды завітаў, юнакі рыхтаваліся да працоўнай змены. Работа тут пачынаецца а 17.00. Удзельнікі студатрада апранаюць спецвопратку, якую арганізацыя выдае на перыяд работы, і адразу ўключаюцца ў вытворчы працэс, якім занятыя да 22.00. Разгружаюць сыравіну, складаюць на вазок важкія скрынкі з чарніцамі і перапраўляюць у спецыяльнае памяшканне, дзе падтрымліваецца нізкая тэмпература. Лайдачыць асабліва няма часу. Акрамя разгрузкі, яшчэ трэба прыбрацца на тэрыторыі ды і рабіць шмат чаго іншага, напрыклад, мыць тару. Кіраўнік гаспадарскім вокам пільна сочыць за парадкам і пры неабходнасці заўсёды падкажа маладым работнікам, чым лепш заняцца ў дадзены момант часу.

– Работы ў нас усім хапае, – гаворыць дырэктар Аляксандр Грунько. – Працуюць юнакі някепска, дружна і зладжана, але ж трэба назіраць і часам падказваць. Ды яны малайцы, спраўляюцца. Заўсёды працуе 3-5 чалавек, якія ўжо пастаянна з намі не першы год, правераныя часам памочнікі.

На пытанне, ці будзе сёлета новы набор у студатрад, Аляксандр Васільевіч пакуль пераканаўча сказаць не можа. Сёлетняе засушлівае надвор’е паўплывала на ўраджай чарніц, паспелі нарыхтаваць пакуль амаль 200 тон, што ўдвая менш запланаванага. У мінусе арганізацыя дакладна не застанецца, але і плюс невялікі. Так што пытанне, ці завяршаць сезон, пакуль застаецца адкрытым.

– Такое за 18 гадоў упершыню здарылася, каб давялося выключыць камеру для замарозкі ягад ужо 27 ліпеня, – шчыра дзеліцца начальнік цэха Таццяна Яромін, якая на прадпрыемстве самы важны спецыяліст – праводзіць кантроль якасці прадукцыі, адсочвае ўзровень радыяцыі і правільнасць выканання тэхналагічнага працэсу.

Што датычыцца саміх удзельнікаў студатрада, яны аптымізму не губляюць.

– Студатрад у “Истоке” дае добрую магчымасць падзарабіць, гэта своечасовая падмога. Таму настрой на работу – выдатны. Заробленыя грошы няхай пакуль паляжаць, пачакаюць, іх шмат не бывае, – дзеліцца камандзір студатрада Ігар Скамейка, які ўжо не першы год шчыруе летам у арганізацыі.

Калі ёсць магчымасць, чаму не папрацаваць? – так думаюць іншыя. Хтосьці з іх ужо вучыцца, як, напрыклад, студэнт факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Дзмітрый Мілько, хтосьці толькі збіраецца паступаць.

Што ж, застаецца толькі пажадаць студатрадаўцам і калектыву, у якім знайшлася магчымасць прыняць моладзь на падпрацоўку, далейшага руху дружнай камандай – да пастаўленых мэт, а таксама жыццёвых поспехаў і здзяйсненняў.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER