Пакараў Еўропу і Далёкі Усход

Date 09.05.2022 Man
Comment 566
Пакараў Еўропу і Далёкі Усход

У наступным годзе споўніцца 30 гадоў, як на 75-м годзе жыцця не стала майго бацькі. Шмат часу прайшло з таго дня, але і сёння мне помняцца яго працавітасць, гаспадарлівасць, дабрыня, якім ён вучыў нас, сваіх пяцярых дзяцей. А яшчэ ўзгадваюцца тыя сціплыя расказы пра вайну, якімі ён не вельмі ахвотна дзяліўся. Расказаць жа тату было пра што, бо ваеннымі дарогамі прайшоў ён не толькі палову Еўропы, а і паспеў прыняць удзел у разгроме квантунскай Японіі.

Мой бацька, Іосіф Дзмітрыевіч Барысевіч, у армію быў прызваны яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 9 верасня 1940 года. Да гэтага часу жыў на сваёй малой радзіме ў вёсцы Лучны Мост, што непадалёк ад Сялібы. Яшчэ юнаком працаваў на ўзвядзенні моста цераз раку Бярэзіну непадалёк ад Якшыц. Узарваны нашымі салдатамі пры адступленні напачатку вайны, ён так і не быў адноўлены. Напамінкам аб тых жорсткіх баях у 1941 годзе доўгі час быў затоплены нямецкі танк, які знаходзіўся ў рацэ і быў выцягнуты тэхнікай мясцовага калгаса.

Ваенная служба лёгка давалася маладому салдату. Таму ён быў залічаны ў гвардзейскі мінамётны полк. На працягу ўсёй вайны гэта быў адзін з сакрэтных палкоў, бо на яго ўзбраенні сталі славутыя “Кацюшы” –граза фашыстаў. Не раз ворагі імкнуліся захапіць хоць адну з установак і разгадаць тайну грознай сілы. Таму гэтая тэхніка заўсёды пільна ахоўвалася афіцэрамі і да яе нікога пабочнага не дапускалі, ці то палкоўнік, ці генерал.

Ракетныя ўстаноўкі заўсёды выкарыстоўваліся ў самых адказных і рашучых бітвах. Заняўшы агнявую пазіцыю і адстраляўшыся, салдаты хуценька згортваліся і пакідалі месца дыслакацыі, каб вораг не мог адсачыць яго, акружыць батарэю і здабыць стратэгічны трафей. Часцей за ўсё немцы накіроўвалі для гэтай мэты вялікую колькасць танкаў, якія стваралі рэальную пагрозу захапіць хоць адну “Кацюшу”. Дарэчы, наколькі ведаю з сабранай затым інфармацыі, фашыстам усё ж удалося на працягу вайны захапіць такі трафей. Аднак колькі яны ні “біліся”, а разгадаць формулу пораху для рэактыўных снарадаў ім так і не ўдалося.

Шмат у якіх баях давялося ўдзельнічаць майму бацьку. Вайну пачынаў ён з Калінінскага фронту. Пад націскам ворага было і адступленне, і рэфармаванне фронту ў Паўночна-Заходні. Затым часць увайшла ў састаў першага Прыбалтыйскага фронту. Бацька прайшоў франтавымі дарогамі і цераз Беларусь, вызваляў Віцебск, іншыя гарады вялікага Савецкага Саюза. Не раз даводзілася пабываць пад бамбёжкамі, сустракацца з ворагам твар у твар, нават весці агонь прамой наводкай па нямецкіх танках.

Якім чынам такое магло быць, калі “Кацюшы” прызначаны для дальняй стральбы, запытаецеся вы. Выручала салдацкая кемлівасць. У час цяжкіх баёў на тэрыторыі Усходняй Прусіі, дакладней, калі вораг імкнуўся прарваць шаўляйскі кацёл і напралом лез з акружэння, тут і давялося пайсці на такую хітрасць. Нашы войскі займалі вышыню, якую хацеў захапіць вораг і стварыць такім чынам магчымасць выхаду з акружэння. Тады салдаты палка “Кацюш” паздымалі з аўтамашын, на якіх тыя былі ўстаноўлены, пярэднія колы, у дадатак – выкапалі паглыбленні, у выніку чаго і з’явілася магчымасць біць па фашысцкіх танках прамой наводкай. Разляталіся яны нібы кардонкі для запалак, гарэла ўся зямля…

Гэты бой бацьку добра запомніўся на ўсё жыццё. І не толькі сваёй жорсткасцю, а яшчэ і тым, што за праяўленыя мужнасць і гераізм яго і многіх аднапалчан прадставілі да ўзнагароджвання ордэнам Славы. Вось толькі атрымаць яго тату не ўдалося, бо літаральна праз два-тры дні пасля апісаных падзей усю часць тэрмінова пагрузілі на цягнікі і ўсяго за месяц да канца вайны адправілі на Далёкі Усход – у Маньчжурыю.

Сітуацыя там была не менш напружанай, чым на Захадзе: ішлі кровапралітныя баі з японцамі. Нязвыкла было беларускаму хлопцу, як і многім з яго акружэння, у стэпах Манголіі і Кітая пад пякучым сонцам. Але воіны Савецкай Арміі і тут паказалі свой гераізм і адвагу. Фарсіраваўшы горны хрыбет Вялікі Хінган, яны выйшлі да Порт-Артура, паставіўшы апошнюю кропку ў вайне.

Толькі ў жніўні 1946 года Іосіф Дзмітрыевіч вярнуўся на Радзіму. Першыя гады мірнага жыцця працаваў сакратаром мясцовага Сялібскага сельскага Савета, а затым да выхаду на пенсію быў звычайным механізатарам. З гадамі ўсё больш стала адбівацца на яго здароўі пара ліхалецця, перанесеныя раненне і кантузія. Таму і не надта доўгім аказаўся яго век.

Сёння аб гераічным мінулым бацькі нагадваюць яго медалі “За перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”, “За адвагу” і шматлікія падзякі. У адной з іх гаворыцца: “Вместе со своими однополчанами Вы участвовали в героическом походе через безводные пустыни Монголии и горные перевалы Большого Хингана, и через всю Маньчжурию пронесли наше знамя в священный для русского сердца город Порт-Артур. За ратные труды и военные подвиги Вы неоднократно удостаивались благодарности великого Сталина. За верную службу отчизне выражаем Вам благодарность. Возвращаясь домой, не забывайте своих боевых соратников, своих однополчан. Высоко держите честь и достоинство непобедимого сталинского воинства, будьте верны Красному Знамени, которое привело нас к Великой Победе над врагами Родины на Западе и на Востоке. Мы уверены, что и на фронте мирного труда, как и на боевом фронте, Вы будете примерным, честным бойцом за процветание Родины, за ее честь и славу.

Командующий войсками 39-й армии Герой Советского Союза гвардии генерал-полковник Людников.
Член Военного Совета армии, Герой Советского Союза генерал-лейтенант Бойко.
Начальник политотдела 39-й армии генерал-майор Петров”.

Вось такім няпростым выдаўся лёс майго бацькі. І лёсаў, падобных на яго, у нашай краіне былі мільёны. На жаль, сёння ў жывых засталіся толькі адзінкі з ліку тых, хто вынес на сабе ўвесь цяжар Вялікай Айчыннай вайны і падарыў нам незалежнасць і свабоду. Захаваць памяць аб гэтых людзях і подзвігу – абавязак кожнага з нас, іх дзяцей і нашчадкаў. З нашай свядомасці не павінна сцерціся ўдзячнасць героям вайны за тое, што кожны воін, партызан і работнік тылу набліжаў сваімі намаганнямі, гераічнай барацьбой і адданай працай светлы дзень – Дзень Вялікай Перамогі.

У памяць аб бацьку я стварыў невялікі куток з яго фотаздымкамі, граматамі і медалямі. Яны – напамін аб грозных гадах вайны і лёсе бацькі не толькі для мяне, а і ўсіх членаў нашай сям’і. Мы ўдзячны за наша мірнае жыццё і нікому не дазволім перапісваць нашу слаўную гісторыю. У подзвігу не бывае тэрміну даўніны, ён заўсёды будзе з намі.

Адзін з фотаздымкаў свайго бацькі (вось гэты, што друкуецца тут, але павялічанага памеру) абавязкова будзе са мной на светлы Дзень Перамогі як аднаго са слаўных воінаў бессмяротнага палка, якія адстаялі нашу свабоду і будуць заўсёды ў нашай удзячнай памяці. Нізкі паклон табе, салдат!

Уладзімір БАРЫСЕВІЧ,
жыхар г. Беразіно.

 

 

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER