Тавары з дастаўкай на вёску

Date 19.07.2022 Man
Comment 466
Тавары з дастаўкай на вёску

Адным з істотных сацыяльных напрамкаў дзейнасці Бярэзінскага філіяла Мінскага абласнога спажыўтварыства з’яўляецца абслугоўванне сельскага насельніцтва аддаленых вёсак таварамі першай неабходнасці, якое ажыццяўляецца “магазінамі на колах” – аўталаўкамі.

Кожную раніцу адпраўляюцца яны з базы філіяла па зацверджаных маршрутах, дастаўляючы людзям не толькі тыя ці іншыя тавары, а і дорачы добры настрой, магчымасць сабрацца разам і абмеркаваць надзённыя пытанні. Давайце разам праедзем па адным з маршрутаў аўтамагазіна і паглядзім як вядзецца яго работа ў вёсцы.

А падарожнічаць мы будзем з прадаўцом аўтамагазіна №6 Аксанай Дзяхцяр і вадзіцелем Мікалаем Хахлом. Адразу скажу, што абодва яны – не навічкі ў гэтай справе і ў тандэме працуюць вось ужо шэсць год. У цэлым жа ў Аксаны Васільеўны стаж работы ў гандлі перавышае 20 гадоў, з якіх 11 – прадаўцом “на колах”, а Мікалай Мікалаевіч за рулём ужо больш за 40 гадоў, 36 з якіх правёў за баранкай МАЗа ў аўтапарку №22. Абслугоўванне пакупнікоў для іх – не проста любімая работа, а і добры настрой, зарад бадзёрасці, якімі яны падзаражаюцца ад кожнай паездкі і сустрэчы з людзьмі.

Рабочы дзень пачынаецца ў іх з сямі гадзін раніцы. Перш, чым адправіцца ў рэйс, неабходна загрузіць аўтамабіль свежым таварам – затарыцца на хлебазаводзе, у халадзільніку, у складах. Прадугледзець трэба ўсё, каб запытанне любога пакупніка было задаволена і ён атрымаў задавальненне ад візіта ў аўталаўку. На гэта траціцца звычайна дзве гадзіны і толькі затым аўтамабіль выезджае на маршрут. У адзін з дзён (як, напрыклад, у нашым выпадку) ён пралягае да вёскі Новіна, у другі – да Арэшкавіч, у трэці – да Каменнага Барка і г.д. Чым жа радуюць прадаўцы людзей?

- У спіс прапануемых тавараў, - расказвае А. Дзяхцяр, - акрамя абавязковага асартыментнага пераліку ўключаем і шмат іншых прадуктаў. Колькі ўсіх найменняў? Ды, лічы, з тысячу набяжыць. Садавіна, гародніна, каўбасныя і хлеба-булачныя вырабы, малако, кансервы, крупы. Прычым не па аднаму найменню. Калі хлеб, то некалькі гатункаў, запакованы ў плёнку, палавінкі, наразны. Каўбасы таксама стараемся браць на любы густ – са свініны, свіна-ялавічныя, курыныя, вэнджаныя і вараныя… Не забываем і пра ласункі для дзятвы. Не менш тоны рознага тавару загружаем кожны раз. Працуем таксама і па заяўках, прычым гэта не абавязкова могуць быць харчовыя прадукты. Яшчэ адна наша абавязковая ўмова – мы прывозім толькі свежы тавар, колькасць якога папаўняем кожную раніцу.

І вось першы наш прыпынак. Вёска Баркі. Невялікая, утульная, ціхая. Праўда, на лета ў ёй з’яўляецца ажыўленне – прыезджаюць на свае бацькоўскія сядзібы дачнікі. Вось яны падцягваюцца да крамы, закупляюць неабходны тавар. Дыялог з прадаўцом вядуць адкрыта, з гумарам, як з добрай суседкай або сяброўкай. Дык так яно і ёсць, бо ў кожнай з абслугоўваемых Аксанай Васільеўнай вёсках яна паспела за 11 год стаць сваім чалавекам, а яе прыветлівая ўсмешка і тонкі падыход да чалавека даўно ўжо заслужылі павагу і любоў. Гамонка і гандаль ідуць бойка. І вось нарэшце апошні пакупнік з напоўненай сумкай адпраўляецца да хаты. А нам час ехаць далей, туды, дзе строга па рэгламенце павінна з’явіцца аўталаўка. Дарога няблізкая, хаця і абмяжоўваецца тэрыторыяй Бярэзіншчыны.

- Сёння маршрут не вельмі вялікі, - працягвае А. Дзяхцяр. – Толькі 28 прыпынкаў. А на некаторых робім да 60. Напрыклад, у адных толькі Шавярнічах іх сем. Ды і колькасць людзей таксама розная. Іншы раз даходзіць да трох дзясяткаў чалавек на адным прыпынку. Зразумела, гэта ў летні перыяд. І кожны павінен быць абслужаны належным чынам. Ад гэтага залежыць і наш тавараабарот. У многіх жа зараз ёсць уласныя аўтамабілі: сеў і паехаў у горад, калі штосьці не задавальняе. А мы ж не толькі пра асартымент клапоцімся. У нас дзейнічаюць і скідкі на пералік сацыяльных тавараў. Для зручнасці людзей плацяжы прымаем не толькі наяўнымі грашыма, але і карткай. Свой асартымент заўсёды разнастаім хадавымі таварамі, з улікам запытаў і фінансавых магчымасцей. Як вынік, кожны месяц выконваем свае даведзеныя заданні, працуем з прыбытка і ў скарбонку філіяла прыносім каля 60 тысяч рублёў.

Рухаемся далей. У некаторых вёсках робім па некалькі прыпынкаў. Наведваемся і ў тыя населеныя пункты, дзе ёсць стацыянарныя крамы. Напрыклад, Новіны. Жыхары яе ўскрайку прывыклі да таго, што ім не трэба хадзіць прыкладна за два кіламетры ў цэнтр вёскі за пакупкамі, гэта можна зрабіць і каля самага дома. Якія водгукі чуем ад людзей? Самыя станоўчыя. Задаволенасць работай аўтамагазіна выказвалі Мая Адамаўна Лебедзь, Сафія Васільеўна Лучанок, Міхаіл Іванавіч Турок і многія іншыя. За што дзячаць прадаўца? За добразычлівасць і чуласць, за вялікі выбар толькі свежых тавараў, за ўменне прапанаваць тавар, за культурнае абслугоўванне…

З завяршэннем дачнага сезону і пачаткам восені стане больш складана працаваць магазіну на колах. І не толькі таму, што знізяцца аб’ёмы продажу, а пакупнікоў стане менш. Больш складана стане дабірацца да аддаленых населеных пунктаў. На жаль, не да кожнага з іх (і не ў кожным з іх) пракладзена асфальтавая траса. Здараецца іншы раз і забуксаваць у лужыне або ў снежным замёце. Але і гэтыя цяжкасці не становяцца прычынай для таго, каб пакупнік не быў абслужаны ў вызначаны дзень і час і застаўся без пакупкі. Лёгкага табе шляху, аўталаўка, і толькі ўдзячных пакупнікоў!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER