Cлужу лесу!

Date 21.07.2022 Man
Comment 395
Cлужу лесу!

Дзмітрый Цітавец – ляснік Ушанскага лясніцтва Бярэзінскага лясгаса. Служыць лесу ён уладкаваўся гадоў 15 таму назад.

– Спачатку хадзіў па лясных угоддзях з сякерай, – прыгадвае Дзмітрый Аляксандравіч, – быў рознарабочым. Потым закончыў курсы вальшчыкаў у Мінскім рэспубліканскім цэнтры падрыхтоўкі кадраў. Кожныя пяць гадоў мы праходзім праз чарговыя экзамены, каб пацвердзіць сваю годнасць і павысіць кваліфікацыю. Апошнія гадоў шэсць шчырую лесніком. Родам я з вёскі Котава, таму тутэйшыя лясы ведаю добра.

Першачарговыя штодзённыя задачы кожнага лесніка – пасадка дрэў, рубкі ўходу за лесам, нарыхтоўка насення лясных культур, прадухіленне і выяўленне пажараў, падрых-тоўка дзялянак, чысціня ў лесе і г.д.

– А чысціня ў лесе, – лічыць Дзмітрый Аляксандравіч, – павінна пачынацца з абочыны дарогі. Гэтая тэма заўсёды на парадку дня. Стараюся не дапускаць узнікнення несанкцыянаваных звалак, незаконных высечак. У летні пажаранебяспечны перыяд больш узмацняю кантроль над лесам, часцей абыходжу лясныя ўладанні. Зімой патрулюю аб'езд, бо могуць быць жадаючыя незаконна здабыць елку...

Акрамя непасрэдных прафесійных задач, шмат у Дзмітрыя Цітаўца хатніх клопатаў, бо ён мнагадзетны бацька, добры сем’янін. Жонка працуе аператарам машыннага даення ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. У сям’і выхоўваюцца тры дачушкі – Ангеліна, Аляксандра і самая малодшая Насця.

Летась скарбонка працоўных узнагарод іх бацькі папоўнілася: да Дня работнікаў лясной галіны Дзмітрый Аляксандравіч быў адзначаны граматай Бярэзінскага лясгаса. А сёлета ён, да таго ж, прымаў удзел у летняй спартакіядзе сярод работнікаў лясной галіны і таксама вярнуўся дадому з чарговай узнагародай – дыпломам за 2 месца ў спаборніцтвах па легкаатлетычным кросе.

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER