Канстанцін Якавец не губляе аптымізма

Date 21.07.2022 Man
Comment 528
Канстанцін Якавец не губляе аптымізма

Фотасалон “Фоташустрык” існуе ўжо 3 гады і за гэты час стаў вядомым многім бярэзінцам.

Гэта прыватнае прадпрыемства, стваральнік якога Канстанцін Якавец паходжанне арыгінальнай назвы тлумачыць так: гэта хуткасць і аператыўнасць, з якой выконваюцца заказы кліентаў. Асобным жа кліентам здаецца, што тут мае месца і іншы сэнс: назва адлюстроўвае няўрымслівы характар гаспадара, які пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку і не марнуе вольнага часу, якога, калі разабрацца, і няма – Канстанцін пастаянна ў справах, бо акрамя бізнеса працуе яшчэ на палову стаўкі механікам у Бярэзінскай ЦРБ. Калі ж вольны час выпадае, то амаль цалкам прысвячаецца пошуку і ўкараненню новых відаў паслуг для кліентаў.

Пачатак

Як узнікла ідэя пачаць бізнес? Даўно хацеў. Фатаграфія захапляла з дзяцінства, дома на прынтэры раздрукоўваў здымкі. Потым жонка падштурхнула, сказала, трэба рызыкнуць. Дапамагла дзяржава. Спачатку звярнуўся ў Бярэзінскі райвыканкам да намесніка старшыні па эканоміцы Паўла Сугака. На атрыманую субсідыю набыў камп’ютар і фотаапарат “Canon”. Астатняе ўжо купляў за ўласныя сродкі, ды бацькі дапамагалі: прынтэр, расходнікі, іншае абсталяванне, потым лазерны станок нават, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці сувенірнай прадукцыі. Усяму навучыўся самастойна: і фотасправе, і апрацоўцы здымкаў на камп’ютары. Не заканчваў ніякіх курсаў. Зняў памяшканне для студыі ў дзіцяча-юнацкай спартыўна школе алімпійскага рэзерву.

Нават звольніўся з бальніцы, каб увесь час аддаць справе, потым праз год прапанавалі вярнуцца на палову стаўкі. Добрае сведчанне – вопытны спецыяліст запатрабаваны.

З усім спраўляцца

Праца механікам у Бярэзінскай ЦРБ – гэта яшчэ адзін бок жыцця героя нашага матэрыяла. У гаспадарцы на балансе 13 аўтамашын: легкавыя “Джылі”, “Шкода”, “Лада”, класічныя “Уазік” і “Газель”, нават аўтобус “Паз”, які возіць абсталяванне па сельскіх ФАПах і ўчастковых бальніцах.

Даводзіцца запчасткі мяняць, рамантаваць у аглядальнай яме, знімаць і перабіраць каробкі перадач, разбіраць рухавікі, і рыхтаваць да тэхагляду.

– Работы на тым участку пастаянна шмат, – прызнаецца Канстанцін. – Заўсёды патрабуецца догляд. Усё ж больш дзясятка аўто – заўсёды ў якой-небудзь нешта псуецца. Аднак спраўляюся.

Выбар прафесіі

Цікавы факт, пасля школы Канстанцін хацеў стаць псіхолагам, бо падабалася даследваць асобу чалавека, было цікава вывучаць асаблівасці характараў, але адгаварыў бацька, які працуе ў Бярэзінскім лясгасе. Маўляў, ну што гэта за прафесія для мужчыны? А вось інжынер – іншая справа, прафесіянал спатрэбіцца ў любой арганізацыі. Можа і былі ваганні спачатку, аднак зараз Канстанцін ніколечкі не шкадуе, што згадзіўся з бацькам, і выбраў у жыцці “тэхнічны” накірунак. Паступіў адразу ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, пасля 3 курса перавёўся ў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт на факультэт механізацыі. У 2013 годзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Апошнія гады вучыўся завочна і паралельна працаваў, спрабаваў сябе майстрам на лесапілцы і слесарам на станцыі тэхнічнага абслугоўвання. У Беразіно вярнуўся ў 2015 і адразу ўладкаваўся ў ЦРБ па спецыяльнасці, якая даўно ўжо стала любімай справай.

Сям’я падтрымлівае

Разам з жонкай Яўгеніяй гадуюць двух дзетак: сына Яраслава і дачку Аляксандру. Лепшая палова працуе на сырзаводзе, у “Здравушцы-Мілк”.

Па адукацыі Яўгенія біёлаг-хімік, закончыла Белдзяржуні-версітэт. Таксама мае сярэднюю медыцынскую адукацыю. Пазнаёміліся яшчэ ў Мінску сем гадоў назад. Каханая жонка – надзейная падтрымка ў жыцці Канстанціна. Дзеткі цікавяцца навакольным светам, па-першае, машынкамі – мабыць перадалася ад бацькі.

Падчас апошняга працоўнага водпуску вырашылі сабрацца і выправіцца ўсёй сям’ёй у падарожжа па Беларусі, пабыць усім разам, бо справы справамі, але ж сям’я – найвышэйшая каштоўнасць, якой важна прысвячаць час. Наведаліся ў госці да жончыных сясцёр, да маці, зазірнулі ў розныя гарады, адпачылі душою.

Яшчэ патрошкі будуецца дом, завяршэнне будаўніцтва якога – адна з галоўных мараў.

Лепшае – наперадзе!

– Калі разважаць, які занятак бліжэй да мяне – фотасправа або работа механіка, скажу, што падабаецца ўсё, бо вельмі

цікава, – прызнаецца Канстанцін. – Час такі, даводзіцца шчыраваць на ўсіх франтах. У бізнесе мяркую нешта развіваць, звязанае з сезонным попытам. Напрыклад, вясельную тэматыку. Хутка і навагодняя тэматыка прыспее. Магу рабіць і фотаздымкі з карэкцыяй у фоташопе, і разнастайныя сувеніры, якіх проста безліч – ад дэкаратыўных рамачак да каробак для віна і іншага – наколькі хопіць фантазіі. Магу выявы наносіць на майкі, конаўкі… Фота на дакументы – калі ласка. Заказы паступаюць розныя: і складаныя, і невельмі. Запатрабаванасць у паслугах натхняе. Праўда, сёлета яна ніжэй чым летась, усё залежыць ад многіх фактараў. Аднак аптымізма не губляю. Спадзяюся, што ўсё лепшае яшчэ наперадзе!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER