Выпісвайце “Бярэзінскую панараму”!

Date 25.11.2022 Man
Comment 301
Выпісвайце “Бярэзінскую панараму”!

Радавы міліцыі Ілья Сакаў менш месяца служыць у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Азы знаёмства з работай у міліцыі ён пачынае з “сэрца” міліцыі – аператыўна-дзяжурнай службы.

Курс маладога вартавога правапарадку яму належыць прайсці няпросты, бо трэба шмат чаму навучыцца і шмат ведаць. Ён жа яшчэ пакуль канчаткова не вызначыўся, у якім падраздзяленні будзе несці варту па ахове правапарадку. Але ёсць у спісе неадкладных спраў па працы і яшчэ адзін пункт – абавязкова выпісаць уласна сабе раённую газету “Бярэзінская панарама”.

Зробіць ён гэта не пад прымусам, а выключна добраахвотна. Ілья шчыра перакананы, што друкаванае выданне дазволіць яму бліжэй пазнаеміцца з раёнам і атрымаць пэўнае ўяўленне аб міліцэйскай службе.

Замест вайсковай службы – міліцэйская

Ілья родам з вёскі Крапіўня, толькі пазалетась скончыў сярэднюю школу. Паспеў атрымаць сельскагаспадарчую прафесію ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы і павінен быў гэтай восенню адправіцца на тэрміновую вайсковую службу. Аднак замест вайсковай формы апрануў міліцэйскую.

– Такі варыянт выканання воінскага абавязку мне прапанаваў у час работы прызыўной камісіі намеснік начальніка РАУС Генадзь Рабіза, – растлумачыў Ілья, – і ён цалкам законны, бо не менш важна ў нашым грамадстве сёння не толькі абараняць краіну ад знешніх ворагаў, але і клапаціцца пра грамадскі спакой і захаванне законных інтарэсаў грамадзян. Ды і трэба падкрэсліць, што міліцэйская служба ў пашане сярод маладых людзей. Тут ёсць нядрэнны сацыяльны пакет і выплачваецца дастойны заробак. Мая дзяўчына нічога не мае супраць, што я нясу міліцэйскую службу.

Спачатку – сацсеткі, затым – “Бярэзінская панарама”

Рашэнне аб мілійцэйскай службе Ілья прыняў свядома. Нават папярэдне параіўся са сваім аднавяскоўцам, капітанам міліцыі Вадзімам Сакавым. Ён намеснік начальніка аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку Бярэзінскага РАУС. За плячыма гэтага міліцыянера вучоба ў Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь і ўжо амаль восем гадоў службы.

– Праўда, мае ўяўленні аб рабоце ў міліцыі невялікія, – прызнаецца юнак, – бо у мяне пытанняў з законам ніколі не было. Каб хутчэй запоўніць пэўны вакуум, сябры параілі падпісацца на групу газеты ў сацыяльных сетках. Вось ужо пэўны час я кожны дзень адтуль атрымліваю навіны. Але ў першую чаргу знайшоў матэрыялы пра дзейнасць свайго земляка. Цяпер у маіх бліжэйшых планах – выпісаць раёнку, і адразу на паўгода.

Газета – сямейны атрыбут

Сям’я, з якой выйшаў Ілья Сакаў, шматдзетная і добранадзейная. Тут у ладзе і згодзе выхоўваюцца пяцёра дзяцей: чатыры дзяўчынкі і адзін сынок.

Выхоўваюцца яны ўсе на ўласным бацькоўскім прыкладзе, бо тата – спраўны механізатар, які амаль круглы год шчыруе на палетках ААТ “Брадзец”, а матуля – прадавец у магазіне. Ды і людзі яны звычайныя. Мясцовыя, якія дабрабыт свой маюць з уласнага мазаля. Вось і дзяцей сваіх з маленства прывучаюць да працы.

– Зараз я працую ў міліцыі і ў вольны час элементарна “прасую” канапу, –гаворыць юнак, – а вось дома не магу і прысесці проста так паразмаўляць па душах з сястрычкамі. Заўсёды ж трэба нешта прыбіць, адрамантаваць і наладзіць. А яшчэ і бабулі дапамагчы. Яна жыве ў вёсцы Крапіўня.

Ды ў сямейных традыцыях Сакавых заўсёды выпісваць раённую газету. Яна ў гэты дом ідзе не адзін год.

– Бацька нязменна выбірае матэрыялы пра сельскую гаспадарку і людзей зямлі, – гаворыць Ілья. – Падабаецца яму, што часта пішуць добрае пра яго роднае ААТ “Брадзец”. Матулі бліжэй артыкулы пра сем’і, мерапрыемствы, працаўнікоў гандлю. Сястрычкі тут знаходзяць для сябе школьныя навіны і рэпартажы з выстаў. Ды не адстае ад іх бабуля. У яе вольнага часу на пенсіі багата. Таму чытае газету ад першага да апошняга радка. Яна шмат гадоў бездакорна адпрацавала жывёлаводам на ферме ў вёсцы Крапіўня. Таму няцяжка здагадацца, якія артыкулы яе вабяць.

Навошта газета маладым?

У тым, што папяровае выданне прапішацца ў жыцці Ільі Сакава, сумнявацца не даюць планы і амбіцыі пачынаючага міліцыянера.

– Пакуль для мяне галоўнае – хутчэй асвоіцца і вызначыцца з будучым падраздзяленнем, дзе буду служыць, – гаворыць юнак. – Ёсць у маіх амбіцыях і намер атрымаць пэўную адукацыю ў Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь. Чуў аб гэтай навучальнай установе толькі станоўчыя водгукі.

Але вось канчаткова і цалкам прысвяціць сябе міліцэйскай службе напэўна не змагу. Хочацца мне яшчэ атрымаць вышэйшую адукацыю сельскагаспадарчага профілю і працаваць на зямлі. Я ж хлопец вясковы. А пакуль лепшай надзеяй на здзяйсненне маіх мар і планаў стануць матэрыялы пра работу міліцыі і поспехі нашых аграрыяў.

Шчыра перакананы, што чытаць пра людзей зямлі лепш не на канапе з экрана тэлефона, а з друкаванага аркушу газеты ў час апачынку у полі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER