Камандная работа,

Date 05.01.2023 Man
Comment 623
Камандная работа,

альбо Чаму ў банку кожны адзін за аднаго? 

Што з’яўляецца важным у дзейнасці банкаўскіх работнікаў? Адным са складальнікаў паспяховасці лічыцца ўменне працаваць у камандзе – дакладна і зладжана. Неабходная і самая запатрабаваная опцыя – даступна і лаканічна растлумачыць няпростыя для разумення многіх рэчы. Як высвятляецца, такім майстэрствам валодаюць далёка не ўсе спецыялісты банкаўскай сферы. 

Колькі людзей давяраюць “Белаграпрамбанку”?

Затое яны ў поўнай меры ўласцівы калектыву цэнтра банкаўскіх паслуг № 507 у горадзе Беразіно рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк». Дзясятак прафесіяналаў на чале з начальнікам ЦБП Ірынай Шпа-коўскай бездакорна спраў-ляецца з даручанымі абавязкамі і выконвае даведзеныя паказчыкі.

На сёння ў ЦБП адкрыты 6590 рахункаў, якія належаць фізічным асобам, абслугоўваюцца амаль дзве сотні прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, сельгаспрадпрыемствы і іншыя юрасобы. Звыш 600 чалавек давяраюць свае зберажэнні менавіта Белаграпрамбанку.

Да таго, 45 працэнтаў кліентаў карыстаюцца сістэмай дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.

Наяўнасць такой прадстаўнічай кліентуры – заслуга кожнага з супрацоўнікаў ЦБП.

 

Дваццаць тры гады ў банку

Высокі ўзровень адказнасці і прынцыповасць, здольнасць унікаць у дэталі і імгненна вырашаць спрэчныя сітуацыі, уменне выклікаць давер і зацікавіць кліентаў, тактоўнасць і ветлівасць – іх адметныя прафесійныя якасці. Такімі вызначаецца і галоўны спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічнага продажу ЦБП Ірына Асіпук. Па яе працоўнай кніжцы можна назіраць «эвалюцыю» Белаграпрамбанка – не раз змянялася шыльда фінансавай установы, а працоўнае месца, куды яна прыйшла, застаецца нязменным ужо дваццаць тры гады.

– Я прыйшла сюды на працу з дзіцячага садка № 2 горада, - расказвае пра сябе Ірына Георгіеўна. - Там я адпрацавала дзесяць гадоў пасля заканчэння Барысаўскага педагагічнага вучылішча. Вядома ж пачынаць новую справу было няпроста, бо маім першым месцам працы была каса па пераліку. А ў 1999 годзе гэта былі славутыя “зайчыкі”.

 

Навучылася сама - навучы іншых

Сёння Ірына Георгіеўна слыве сярод калег работнікам не толькі вопытным, але яшчэ і ўніверсальным – валодае прафесіяй эканаміста, працавала ў аддзеле рознічных паслуг, на пераводах, займалася абслугоўваннем кліентаў карпаратыўнага бізнесу, ведае нюансы крэдытавання і г. д.

Пра парадак ажыццяўлення аперацый з банкаўскім пластыкам і плюсы карыстання дадатковымі паслугамі трымальнікам картак інфармуе цікава і даступна.

- Гэта для мяне вельмі проста, - расказвае яна, – магу тлумачыць хоць некалькі разоў запар. Галоўнае для мяне - каб людзі менш гублялі часу і нерваў у чэргах, ды і элементарна ішлі ў нагу з часам. Гэта ж так зручна і камфортна рабіць безнаяўныя плацяжы.

Ды і валодае Ірына Геогіеўна яшчэ адным важным дарам – любоўю да людзей. Праўда, яго яна ніяк не прызнае.

- Ведаеце, я мясцовая, тут нарадзілася, тут скончыла школу, нарадзіла дзяцей, пахавала бацькоў, - распавядае жанчына, - уявіце, якое ў мяне кола сяброў і знаёмых: ад школьных сяброў да бацькавых калег па працы. І ўсе яны нязменна спяшаюцца ў наш банк. Дык чаго я буду няветлівай з людзьмі, якіх даўно ведаю. Ды ў нашым калектыве мы тактоўна і ўважліва ставімся да ўсіх сваіх калег, маладых можам навучыць, нявопытным падкажам. Ды і працу мы не дзелім паміж сабой, бо ведаем і даражым кожным кліентам. Усё імкнемся для яго зрабіць!

 

Грошы не любяць мітусні

Ёсць у Ірыны Георгіеўны і яшчэ адна рыса: яна рэдка куды спяшаецца і дрэнна пераносіць мітусню.

- Грошы не любяць мітусні, - прызнаецца спецыяліст, - а па-другое, кожны наш кліент, акрамя зручнасцей і камфорту пры абслугоўванні, павінен адчуваць пэўную радасць, каб яму ізноў хацелася наведаць наш банк. Дабіцца гэтага няпроста, але па сілах усяму калектыву. Вось чаму ў нашым асяроддзі такі выдатны мікраклімат.

 

Добрыя знакі

Ёсць яшчэ адна вельмі важная акалічнасць у банкаўскім жыцці Ірыны Георгіеўны. Яна прыйшла на працу па слядах сваёй матулі - былога намесніка галоўнага бухгалтара, якая адпрацавала тут бездакорна і сумленна каля 40 гадоў. Ды і што зробіш, калі старэйшы сын нарадзіўся амаль у дзень прафесійнага свята банкіраў. Ці гэта не добры прафесійны знак?

– У маім жыцці заўсёды добрыя знакі, - гаворыць жанчына, - бо я выбрала правільную дарогу, знайшла сябе і сваё прызванне ў любімай банкаўскай справе, заслужыла на гэтай ніве павагу і давер людзей. За ўсё гэта я ўдзячна не толькі лёсу, але і свайму калектыву, дзе кожны з нас – адзін за ўсіх.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER