Знайшоў справу па душы

Date 17.01.2023 Man
Comment 915
Знайшоў справу па душы

- Я люблю лес. Тут працаваць хораша і спакойна, - гаворыць машыніст лесанарыхтоўчай машыны-харвестара Максім Бачараў. - На лесасеках я працую ўжо шосты год.

Цыкл працы харвестараў ўключае пад'езд да дрэва, нацэльванне, захоп, пілаванне, зразанне сукоў, раскрыжоўка на сартыменты. Спалучэнне гэтых рухаў дазваляе весці лесанарыхтоўкі з мінімальнай колькасцю рабочых рук. І менавіта ад кваліфікацыі машыніста залежыць эфектыўнасць і бяспека выконваемых работ.

 – З тэхнікай я сябрую з юнацтва, - дадае Максім Анатольевіч, - ужо больш за 20 гадоў. Стажыраваўся некалі са Станіславам Парамонавым, набываў кваліфікацыю ў Бабруйскім вучэбным цэнтры… Нярэдка даводзіцца адпраўляцца ў камандзіроўкі на дапамогу суседнім лясгасам. Так, летась у Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці дапамагалі разбіраць бураломы.

Максім Анатольевіч сам родам з Магілёўскай вобласці, з Клімавіцкага раёна. Яго родныя мясціны трапілі ў зону адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС...Пакуль бацькі ездзілі “на заробкі”, Максіма гадавалі дзед з бабуляй. А калі прыйшоў час выбіраць прафесію, выбраў медыцыну. Пяць гадоў працаваў у Брадзецкай райбальніцы. На ўсё жыццё, гаворыць, запомніўся выпадак, калі прыйшлося прымаць роды, ноччу, зімой. Нарадзілася дзяўчынка... Потым быў памочнікам урача-гігіеніста ў Бярэзінскай РЦГЭ. Калі ажаніўся і стаў бацькам траіх дзяцей, давялося шукаць больш высокааплатную працу. Некалькі гадоў шчыраваў у Бярэзінскай ПМС машыністам экскаватара, на меліярацыі зямель. - А цяпер вось займаюся механізаванай нарыхтоўкай драўніны, - дадае Максім Анатольевіч, - мы такім чынам здзяйсняем уход за лесам, робім прачысткі, убіраем хворыя, нежывыя дрэвы... Мне падабаецца справа, якой я займаюся.Летась да Дня работнікаў лесу Максім Бачараў быў адзначаны Ганаровай граматай Мінскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER