Сёлетні год адлічвае дваццаць першы год працоўнага стажу Васілія Восіпава з вёскі Сяліба. Васілій Дзмітрыевіч працуе лесніком у Брадзецкім лясніцтве Бярэзінскага лясгаса. Пра сваю любоў да лесу, да вясковых мясцін, дзе жыве, ён можа гаварыць бясконца. Ахова лесу, пасадкі саджанцаў і іх догляд, нарыхтоўка шышак… - ці мала клопатаў у лесніка?!За сваю старанную адказную працу Васілій Дзмітрыевіч быў адзначаны знакамі “10 гадоў бездакорнай службы” і летась, да прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу – знакам “20 гадоў бездакорнай службы”. - Спачатку ён шчыраваў у калгасе “Месціна”, - гаворыць яго жонка Алена Іосіфаўна. – Там 20 гадоў адпрацаваў шафёрам, а потым уладкаваўся ў лясную гаспадарку. Зразумела, я і радуюся за яго (яго поспехам, яго ўзнагародам), і ганаруся... У нас ніводнае свята не абыходзіцца без віншаванняў дзяцей і ўнукаў. Заўсёды памятаюць, што вельмі прыемна. А ўнукаў у нас пяцёра – 3 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі. Летась віншавалі дзядулю з яго 60-гадовым юбілеем. Шмат віншаванняў гучыць у нашай хаце і ў навагоднія і калядныя святы – самыя чароўныя святы для маленькіх.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.