У ліку лідараў – жыллёвыя праблемы

Date 27.01.2023 Man
Comment 372
У ліку лідараў – жыллёвыя праблемы

Работа са зваротамі грамадзян для раённага выканаўчага камітэта з’яўляецца неад’емным і вельмі важным напрамкам дзейнасці і дапамагае не толькі вырашаць асабістыя праблемы асобных грамадзян, але і з іх дапамогай выявіць больш глыбокія пытанні жыцця нашага рэгіёна.

За 2022 год іх паступіла 362 супраць 386 пазалеташніх– лічы, па аднаму звароту ў дзень, калі браць агульную колькасць дзён у годзе. Большая частка зваротаў былі пісьмовымі – 267. Па электроннай пошце атрымана іх 117, а вусных было толькі 95 (з іх 84 – да старшыні райвыканкама). Менавіта з-за змяншэння колькасці вусных зваротаў меншым стаў іх агульны лік.

Найбольш за гэты час узрасла колькасць электронных зваротаў – з 83 да 117-ці. Абумоўлена гэта тым, што датычыліся яны аказання дапамогі сем’ям на лячэнне дзяцей за мяжой, работы сайта, пошуку продкаў, што нарадзіліся на Бярэзіншчыне, сваякоў, якія прапалі ў час Вялікай Айчыннай вайны, навядзення парадку на некаторых сельскіх могілках, устаноўкі дарожных знакаў, рамонту дарог і транспартнага абслугоўвання.

Як жа склаўся лёс паступіўшых зваротаў? Больш за чвэрць з іх (101) станоўча вырашаны, па 231 дадзены кампетэнтныя тлумачэнні, на кантроль пастаўлена 28 і 15 накіравана для разгляду па кампетэнцыі. Былі адзначаны, як і ў папярэднім годзе, 3 ананімныя звароты.

А вось колькасць паўторных зваротаў скарацілася ўтрая – з 24 да 8. Прычым, пяць з гэтых зваротаў аказаліся  на рахунку аднаго і таго ж заяўніка. У Кнігу заўваг і прапаноў на працягу 2022 года запісы не ўносіліся.

Аналіз сведчыць, што на першым месцы па сваёй колькасці традыцыйна знаходзяцца звароты па жыллёвым фондзе і жыллёвай гаспадарцы. У прыватнасці, парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, жыллё ў сельскай мясцовасці, рамонт, эксплуатацыя і ўтрыманне жылога фонду, камунальныя паслугі (у тым ліку ацяпленне, вода-, электра- і газазабеспячэнне), абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, якасць вады, работа каналізацыйнай сістэмы, добраўпарадкаванне і ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, вулічнае асвятленне. Гэтай хвалюючай многіх тэме прысвечана трэцяя частка зваротаў (125), іх колькасць вырасла на 12 працэнтаў.

Другую прыступку займаюць пытанні дарожнай гаспадаркі. Гэтай тэме прысвечана 40 зваротаў. Як вядома, пераважная большасць дарог на тэрыторыі раёна грунтавыя. Таму галоўныя пажаданні, якія гучаць ад грамадзян, гэта асфальтаванне дарог або падсыпка іх асфальтагранулятам.

Крыху больш сямі працэнтаў складаюць звароты, якія датычацца зямельных пытанняў. І гэта з’яўляецца трэцяй пазіцыяй у рэйтынгу папулярнасці ўзнімаемых праблем.

Для скарачэння колькасці зваротаў грамадзян і з мэтай вырашэння іх на месцы кіраўніцтвам райвыканкама рэгулярна праводзяцца выязныя прыёмы грамадзян. Летась было наладжана 71 такое мерапрыемства – супраць 50 у 2021 годзе. Адпаведна стала большай і колькасць прынятых на іх людзей.

Традыцыйным стала таксама і правядзенне “прамых тэлефонных ліній” з першымі асобамі кіраўніцтва раёна, падчас такіх зносін летась паступіла 85 зваротаў. Папулярнай формай работы з насельніцтвам для вырашэння наспелых праблем з’яўляюцца таксама сустрэчы ў вытворчых калектывах у час правядзення Адзінага дня інфармавання.

Усе звароты грамадзян, нягледзячы на форму іх падачы (вусную, пісьмовую або электронную), не застаюцца без увагі раённага выканаўчага камітэта. Мы імкнёмся па меры магчымасці выконваць іх аператыўна. А вось калі для гэтага патрабуюцца дадатковае разбіральніцтва або грашовыя выдаткі, такія звароты мы ставім на кантроль і прыкладаем неабходныя намаганні для іх станоўчага вырашэння.

Наталля АСКІРКА,

начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Бярэзінскага райвыканкама.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER