Перспектыўны мікрараён

Date 26.08.2025 Man
Comment 393
Перспектыўны мікрараён

Будынак Любушанскага фельчарска-акушэрскага пункта заўсёды вызначаўся сваёй знешняй прыгажосцю і мноствам кветак. Утульна адчуваюць сябе людзі і ў яго пакоях – дагледжаных і светлых, укамплектаваных неабходным абсталяваннем і інвентаром. Такім жа гасцінным, ветлівым і сардэчным чалавекам з’яўляецца і яго гаспадыня – Марыя Цяляк.

Вось ужо восьмы год, як працуе яна тут загадчыцай. І хоць сама – чалавек немясцовы (нарадзілася ў Маладзечне), за час знаходжання на Бярэзіншчыне прыкіпела душой да нашага раёна, добра вывучыла жыхароў свайго ўчастка, да якіх ставіцца спагадліва і прафесійна адказна. Разам з мужам, мясцовым слесарам МТФ “Уюноўка”, жывуць у невялікай вёсачцы Заброддзе, дзе актыўна займаюцца ўзвядзеннем дома і вядзеннем уласнай гаспадаркі.  

– Сёння панядзелак, звычайна гэта цяжкі напружаны дзень, – расказвае пра сваю работу Марыя Андрэеўна, – бо звычайна пасля выхадных людзі прыходзяць за лекамі і прэпаратамі, проста па дапамогу. Да таго ж, зараз летні час, таму нярэдкімі гасцямі з’яўляюцца і дачнікі. А аказваць дапамогу мы павінны і ім. Наогул, усім людзям. Сёння разам са мной і загадчык Пагосцкай участковай бальніцы Юрый Курач: робім прышчэпку маленькаму хлопчыку, а ў такіх выпадках без узгаднення з урачом ніяк не абысціся.

Наогул, работы хапае кожны дзень, бо мы ў ФАПе аказваем цэлы комплекс паслуг. Калі вы жыхар нашага ўчастка, мы можам вам правесці дыспансерызацыю. Наладжваем анкетаванне, выяўленне фактараў рызыкі, забор крыві, агульны аналіз крыві, аналіз крыві на глюкозу, біяхімічны профіль поўнасцю; якія-небудзь датковыя паказанні, напрыклад, аналіз мачы, кардыяграма, вымярэнне вочнага ціску. Пасля гэтага даём выпіску і пры наведванні бальніцы чалавек там можа прайсці пару спецыялістаў і такім чынам поўнасцю камісія для работы ў яго пройдзена. Сваёй лабараторыі у нас, канечне, няма. А так штомесяц да нас прыязджае доктар, пры неабходнасці – і часцей запрашаем. Мы ажыццяўляем агляды, праводзім забор крыві і потым транспартуем  яе ў Беразіно, там выконваюцца аналізы. Акрамя таго, агульныя аналізы ў нас робяць і ў Пагосцкай амбулаторыі.

Яшчэ адзін напрамак работы – прышчэпкі: прафілактычныя, па календары, а таксама ад грыпу і кавіду, ад рознага роду інфекцый. Усіх дзетак (а немаўлятак да года мы наведваем штотыднёва, зараз іх у нас трое) мы абзваньваем, а потым прыязджае доктар, праводзіць агляд, і калі ўсё добра, ён робіць допуск і мы прышчапляем дзяцей. Робім прышчэпкі і дарослым. Напрыклад, ад дыфтэрыі ці слупняку, якія трэба рабіць кожныя 10 гадоў.

Пад асаблівым кантролем адзінокія, адзінока пражываючыя, інваліды і шэраг іншых катэгорый людзей, якія маюць патрэбу ў дадатковай увазе. Наведваем іх не толькі па графіку, а па і меры іх патрэбы. Напрыклад, калі людзі нетранспартабельныя або самі не могуць прыйсці ў ФАП на дыспансерызацыю, або для шпіталізацыі, мы выязджаем брыгадай, робім забор крыві, кардыяграму і выдаём даведкі для шпіталізацыі, або правядзення дыспансерызацыі. Усе пажаданні пацыентаў мы імкнёмся выканаць. Зразумела, у меру магчымасці.

Нягледзячы на тое, што ў нас афіцыйна ўстаноўлены два выхадныя дні, працуем у рэжыме “24 на 7”, бо людзі звяртаюцца і пасля работы, і ў выхадныя, і ў святы. Нарміраваны рабочы час – не для нас. Да нас могуць пазваніць і звярнуцца і ў вячэрні час. Напрыклад, набыць лекі (у Беразіно ж няма кругласутачнай аптэкі, таму пасля званка еду на ФАП за неабходнымі таблеткамі і дастаўляю хворым), выцягнуць кляшча, у выпадку, калі штосьці здарылася з маленькімі дзеткамі. Ды колькі тых праблем існуе! Але я не наракаю, бо работа мне падабаецца, як і тыя людзі, з якімі мне даводзіцца штодзень сутыкацца. А іх у мяне на ўчастку 528 чалавек, насельнікаў 11 вёсак. І да кожнага дабіраюся, не пакідаю ў бядзе.

Як баўлю вольны час? Яго, прынамсі, амаль не застаецца. Дома – будоўля, гаспадарка (куры, трусы, свінні), агарод. Хочацца ва ўсім паспець, стварыць уласны сямейны аазіс, у цэлым – жыць паўнацэнна. А для гэтага імкнуся не губляць аптымізм, веру ў сябе і дабро.

Юрый Курач, загадчык Пагосцкай участковай бальніцы, урач агульнай практыкі:

– Нам часта даводзіцца перасякацца і працаваць разам з Марыя Андрэеўнай. І гэта супрацоўніцтва заўсёды станоўчае. Яна  – граматны спецыяліст, добра ведае і сваю прафесію, і сваіх людзей, сярод якіх карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. У параўнанні з іншымі ФАПамі нашай зоны, гэты мікрараён вызначаецца сваёй ажыўленасцю і перспектыўнасцю, бо тут шмат дзетак.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER