Аграгарадок хоць і невялікі па колькасці насельніцтва, аднак побытавыя праблемы і пытанні, якія часам узнікаюць перад жыхарамі населенага пункта маюць не меншае значэнне, чым у насельнікаў райцэнтра. І тады да каго найперш звярнуцца вяскоўцу? Канешне ж, да старасты, які з’яўляецца важным звяном у ланцужку адносін паміж мясцовай уладай і людзьмі аграгарадка.
– Іна Леанідаўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод жыхароў аграгарадка, таму і з’яўляецца старастам ужо шмат гадоў, і дадаткова выбрана на другі тэрмін дэпутатам, – сведчыць старшыня Капланецкага сельсавета Святлана Аўсянкіна. – Мы заўсёды эфектыўна супрацоўнічаем у стваральным рэчышчы, прынамсі, як і з усімі астатнімі старастамі. І ў агульным супрацоўніцтве бывае толькі поспех і ўзаемнае паразуменне. Іне Сакавай давяраюць і людзі, і мясцовая ўлада.
Скажам «не» залатарніку
Калі мы прыехалі ў Брадзец, Іна Сакава якраз праводзіла чарговую гутарку з грамадзянамі. У дадзеным выпадку сустрэча насіла характар імправізацыі і адбылася амаль што нечакана, як тое здараецца часам, калі людзі раптам збіраюцца ў адным месцы. Быў ужо надвячорак і вяскоўцы рушылі да мясцовай крамы. Тут і распачалася яшчэ адна гаворка пра залатарнік, шкоду інвазіўных раслін і неабходнасць абкошваць і пазбаўляцца ад гэтай навалы.
– На маім участку ўжо ўсё скошана, – запэўніла адна жанчына. – Да наступнага разу.
Іна Леанідаўна растлумачыла таксама пра неабходнасць сачыць за парадкам і старацца, каб на ўсіх прыдваровых тэрыторыях было чыста і ўтульна.
Пытанні – вырашальныя
Дарэчы, пытанні, якія даводзіцца вырашаць старасту, укладваюцца ў даволі доўгі спіс. Тут вам вываз смецця, добраўпарадкаванне, правядзенне суботнікаў, уборкі на могілках, агароджы тэрыторый і шмат іншага. Даводзіцца нават адшукваць уладальнікаў «забытых» хат і закінутых участкаў. Тут і супрацоўніцтва з органамі міліцыі, і часам з рознымі службамі прафілактыкі, а перш за ўсё – з Капланецкім сельскім саветам. Даводзіцца ў складзе спецыяльнай камісіі таксама наведваць домаўладанні і праводзіць праверку на прадмет пажарнай бяспекі, і пры неабходнасці выпісваць прадпісанні. Спраў – шмат, людзі звяртаюцца, як кажуць: цераз дзень кожны дзень. І з іх справамі і пытаннямі стараста накіроўваецца напрамкі ў сельсавет.
– У Брадцы галоўная вуліца досыць доўгая. Звярнуліся жыхары з просьбай устанавіць новае больш зручнае месца для прыпынку аўталаўкі, – тлумачыць Іна Леанідаўна пра адну з апошніх праблем. – Пенсіянерам цяжка дабірацца да таго месца, дзе аўталаўка спыняецца зараз. Летам яшчэ куды ні ішло, але вось зімой гэта істотная праблема для двух дзясяткаў людзей. Будзем вырашаць!
Выдатна пагулялі
Карацей, стараста для таго і існуе, каб дапамагаць людзям. І не толькі ў вырашэнні бытавых пытанняў, але і тэмах культурнага правядзення вольнага часу. Напрыклад, летась у Брадцы праводзілася свята вёскі, пра якое мы пісалі і на старонках раённай газеты, і на інтэрнэт-рэсурсах выдання «Бярэзінская панарама». Людзей было шмат, сабраліся і сённяшнія жыхары, і выхадцы з Брадца, і родныя-блізкія вяскоўцаў. Ініцыятыва правесці такое свята сыходзіла ад старасты і ад старшыні Капланецкага сельсавета, якія ўласна самі актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі і падрыхтоўцы свята.
– Мы разам з нашай Святланай Іванаўнай ездзілі прызы набываць, музыку заказвалі, сталы гатавалі, атракцыёны таксама заказвалі, нават самі кашу варылі і потым раздавалі людзям, – з лагоднай усмешкай успамінае Іна Леанідаўна. – Пасля свята захаваліся прыемныя ўспаміны і добрыя ўражанні да гэтага часу. Адзначу, што з мясцовай уладай прыемна працаваць, яна заўсёды ідзе насустрач просьбам і пажаданням людзей, заўсёды прыслухоўваецца да праблем жыцця вяскоўцаў, і мы разам даглядаем наш агульны дом, удзельнічаем ва ўсіх мерапрыемствах, і не толькі святах, але і суботніках. Кіраўніцтва гаспадаркі «Брадзец» таксама ніколі не адмовіла ні ў адной просьбе. Карацей, мы тут усе – адзін за аднаго, так і трымаемся надалей.
А яшчэ – бібліятэкар
Што ж датычыцца самой Іны Сакавай, гэтая энергічная жанчына працуе бібліятэкарам у Брадзецкай інтэграванай сельскай бібліятэцы-клубе. Працоўны стаж на дадзеным месцы адлічваецца з 1989-га года, пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага каледжа (на той час тэхнікума). Кнігі і наогул добрая літаратура ў яе жыцці таксама на пачэсным месцы, калі браць на ўвагу найперш парадак і ўтульнасць, якія сустрэнеш, калі наведаешся ў бібліятэку. Дарэчы, хапае тут і чытачоў, у асноўным моладзь і школьнікі, наведваюцца і сталыя людзі. Да кожнага ў яе маюцца ўласныя падыходы і прафесійнасць у рэкамендацыях на пытанне «што прачытаць». У будынку ўстановы па суботах праводзяцца дыскатэкі, яшчэ ладзяцца гульні, разнастайныя забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы для дзяцей.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.