Трывожная статыстыка – нагода для дзеянняў, таму адрасная работа ратавальнікаў не выпадковая. Статыстыка пажараў у Бярэзінскім раёне застаецца напружанай. Толькі сёлета ў раёне адбылося 30 здарэнняў, у тым ліку 4 – з трагічнымі наступствамі: загінулі людзі на пажарах у вёсках Высокая Гара, Мікулічы, Шавярнічы, Каменны Барок. Летась у раёне пяць чалавек загінулі ў агні, і ва ўсіх выпадках прычынай стала неасцярожнасць пры курэнні. Ранняе выяўленне ўзгарання незалежна ад прычыны яго ўзнікнення становіцца крытычна важным фактарам, здольным захаваць жыццё.
Для многіх жыхароў раёна такая дапамога становіцца рэальнай падтрымкай. Так, пенсіянер Павел Дзмітрыевіч падзякаваў за клопат і прызнаўся, што даўно збіраўся набыць апавяшчальнік, але па стане здароўя і занятасці ніяк не мог даехаць да магазіна. Цяпер прыбор ужо ўсталяваны і працуе, забяспечваючы спакой і яму, і яго родным.
Чаму апавяшчальнік – гэта неабходнасць, а не лішак у хаце, расказвае начальнік Бярэзінскага райаддзела па надзвыачйных сітуацыях Іван Мазанік:
– Аўтаномны пажарны апавяшчальнік – гэта кампактная прылада, якая мацуецца на столь ці сцяну жылога пакоя і рэагуе на з'яўленне дыму гукавым сігналам. Ён не патрабуе пракладкі лішніх правадоў і працуе ад батарэйкі, што робіць яго ідэальным рашэннем для забеспячэння бяспекі людзей. Уначы, калі чалавек спіць, пах дыму можа не абудзіць яго, асабліва калі гаворка ідзе пра пажылога чалавека ці чалавека з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Гучны гукавы сігнал апавяшчальніка здольны падняць чалавека з пасцелі і даць тыя каштоўныя хвіліны, якія патрэбныя для эвакуацыі. Для шматдзетных сем'яў гэты прыбор таксама важны, паколькі дае магчымасць своечасова зрэагаваць на ўзгаранне і вывесці з дому дзяцей.
У гэтым годзе сіламі маіх падначаленых ужо усталяваныя 270 апавяшчальнікаў, і работа будзе працягвацца. Усе ж такі раю дарослым людзям разлічваць на ўласныя сілы і не адкладваючы самастойна паставіць карысны прыбор у пажылых бацькоў, а заадно адрамантаваць печку і пры неабходнасці замяніць электраправодку.
Усталёўка апавяшчальніка – гэта толькі частка працы. Падчас візітаў ратавальнікі правяраюць стан пячнога атаплення і электраправодкі, якія часта становяцца крыніцамі пажараў, праводзяць з жыхарамі гутаркі: тлумачаць, як дзейнічаць у выпадку сігналу апавяшчальніка, як правільна даглядаць прыбор, каб ён не страціў адчувальнасць з часам. Для шматдзетных сем'яў, дзе бацькі загружаны працай і побытам, такі інструктаж асабліва важны. Бо бяспека дзяцей – гэта тое, што павінна быць у спісе бацькоўскіх клопатаў на першым месцы.
У Бярэзінскім раёне прафілактычная работа ў жыллевым фондзе працягваецца, і ахоп домаўладанняў сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян застаецца на кантролі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)