Аграрыі прыступілі да нарыхтоўкі кармоў

Date 26.05.2022 Man
Comment 932
Аграрыі прыступілі да нарыхтоўкі кармоў

24 мая на адным з палеткаў ААТ “Пагосцкі” адбылася нарада падл кіраўніцтвам старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзяніса Дзішука са спецыялістамі агрананічнапй і інжынернай службаў гаспадарак раёна па пытанні правядзення нарыхтоўкі кармоў для грамадскага пагалоўя.

А сёння аграрыі Бярэзіншчыны прыступілі да нарыхтоўкі кармоў. Першыя травы, скошаныя яшчэ ўчора, ляглі ў сянажную траншэю ААТ “Пагосцкі”, які такім чынам і адкрыў чарговы сезон масавых сельскагаспадарчых работ.

А папярэднічаў ім цэлы комплекс прынятых у гаспадарках раёна захадаў. Гэта рамонт і падрыхтоўка корманарыхтоўчай тэхнікі, занятай на касьбе, адвозцы і трамбоўцы зялёнай масы, забеспячэнне касавіцы надзейнымі механізатарскімі кадрамі, распрацоўка рабочых планаў вядзення нарыхтоўкі кармоў, замацаванне іх умоў, падрыхтоўка да прыёмкі сянажных траншэй, закуп плёнкі для іх герметычнага закрыцця, кансервантаў і г.д. На перыяд кампаніі для рабочых распрацаваны ўмовы аплаты працы і спаборніцтва, яны будуць забяспечаны гарачым харчаваннем.

Як паведаміла начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Карына Аруцюнян, у маючую адбыцца зімоўку 2022-2023 года гаспадаркі ўвойдуць з дастатковай колькасцю кармоў. Прычым, стаўка будзе рабіцца не столькі на дасягненне іх паўтарагадовага аб’ёму, колькі (і гэта самае галоўнае!) на якасць. Кантраляваць яе (тэмпературу масы нарыхтаваных кармоў у сіласнасянажных траншэях, выкарыстанне канцэнтратаў, герметычнасць упакоўкі, захаванне тэрмінаў закладкі і г.д) будуць не толькі мясцовыя спецыялісты і прадстаўнікі ветстанцыі, а і работнікі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы. Усе перадумовы для таго, каб нарыхтаваныя кармы мелі высокі клас якасці і былі высокаспажываемымі, ёсць. Ды і травы сёлета абяцаюць высокую ўраджайнасць. У іх севазвароце нямала люцэрны і кармавой сумесі “кантры”.

Што ж і ў якіх аб’ёмах будзе сёлета нарыхтавана? З траў першага ўкосу (а яны займаюць 14040 гектараў) плануецца нарыхтаваць 28,8 працэнта ад агульнага аб’ёму нарыхтовак,у тым ліку 2802 тоны сена, 70733 тоны сенажу і 1700 тон сіласу, што складзе 10,2 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

У цэлым жа за сезон травяністых кармоў будзе нарыхтавана па 35,3 ц.к.адз. на ўмоўную галаву жывёлы. Нарыхтаваную масу павінны скласці 5520 тон сена, 106331 тона сенажу і 152470 тон сіласу. Істотным дадаткам названым кармам стане 13900 тон кармоў, закручаных у палімерныя матэрыялы.

Найбольшую колькасць кармоў мяркуюць нарыхтаваць у ААТ “Брадзец”, “Багушэвічы” і “Першамайскі” – ад 36,5 да 35,9 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. А аграрыі ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” наогул замахнуліся на паказчык у 38,2 ц.к.адз. А вось самы большы аб’ём кармоў, якія будуць нарыхтаваны на наступную зімоўку, належыць ААТ “Пагосцкі”. Гэта 1360 тон сена, 23600 тон сенажу, 30500 тон сіласу і 5000 тон кармоў у палімернай упакоўцы.

Такім чынам, планы і заданні вывераны і даведзены, тэхніка гатова, травы ў полі даспяваюць, задачы пастаўлены. У добры шлях!

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER