Пакуль што найбольшы аб’ём належыць выканаць менавіта на пад’ёме зябліва. Гэтую работу ажыццяўляюць тры магутныя энерганасычаныя трактары, якімі кіруюць правераныя справай механізатары Мікалай Жораў, Мікалай Самец і Сяргей Анішчонак. Мужчыны стараюцца давесці да ладу даручаную справу як мага хутчэй, але нярэдка тэмпам работ перашкаджаюць паломкі, з-за якіх давозіцца станавіцца на рамонт. Аднак гэтая акалічнасць не зніжае настрою працаўнікоў.
Як адзначыў Сяргей Анішчонак, марудзіць з завяршэннем ворыва яны не збіраюцца і самі ж зацікаўлены ў тым, каб зрабіць гэта як мага хутчэй.
Звозка саломы з палеткаў і яе сціртаванне – таксама важная справа. Уся яна своечасова была запрэсаваная і яе толькі належыць убраць з палёў. Менавіта гэтым і займаюцца механізатары Дзмітрый Драгун, Міхаіл Ходас, Анатоль Сіняк і Аляксандр Буры. А належны рытм рабоце задаюць Валерый Наскавец і Васіль Любецкі, якія займаюцца пагрузкай цюкоў. Пакуль што гэтае звяно занята на палетках каля вёскі Бялавічы, а затым яго чакаюць іншыя ўчасткі.
Што датычыцца ўборкі кукукуры, то тут свае карэктывы ўносіць прырода: у дождж або сырое надвор’е ўбіраць яе на зерне немагчыма з-за вялікай вільготнасці. Астатнія ж палеткі, якія былі прызначаны для нарыхтоўкі сіласу, ужо ўбраны і маса закладзена ў траншэі.
На збожжаўборачных камбайнах абмалочваюць пачаткі Алег Сіпайла і Андрэй Піскун, адвозкай нарыхтаванага зерня заняты Аляксандр Цыбулька і Ігар Баброўскі. І хоць работа ідзе не так хутка, як таго хацелася б, яна ўсё ж ідзе да завяршэння і паступова паляпшае кармавую базу гаспадаркі.
Дарэчы, сёлета ў “Бярэзінскім райаграсэрвісе” нарыхтавана па 32,23 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 4,03 больш мінулагодняга. Яго складаюць 302 тоны сена, 6815 тон сенажу і амаль 15000 тон сіласу, большасць якога менавіта з кукурузы.
Сярод іншых кампанентаў кармоў ёсць і зялёная маса сланечніка. Гэтую культуру сёлета гаспадарка высявала ўпершыню, і яе дырэктар Іван Штахура застаўся задаволеным вынікам праведзенага эксперыменту. Так, зялёная маса сланечніка дала прыкладна па 280 цэнтнераў з гектара. Да таго ж, пяць гектараў былі пакінуты для атрымання семак. На круг іх атрымалася па 22 цэнтнеры. Убіралі насенне пры дапамозе кукурузнай жняяркі, што аказалася не вельмі складаным працэсам і не запатрабавала дадатковых выдаткаў на набыццё спецыяльнай жняяркі. Семкі ў рэалізацыю не пускалі – не такі ўжо вялікі ўраджай іх атрымалі, каб зацікавіць аптовага пакупніка. Тым не менш, і яны пайшлі ў справу – для ўласнага выкарыстання.
– Сёння і семкі і зялёную масу сланечніка выкарыстоўваем на корм, – дадае Іван Штахура. – Семкі дадаём у размол. А вось масу сланечніка ў чыстым выглядзе даваць нельга. Іншая справа – з дадаткамі. Патрэбны люцэрна або кукуруза. Мы яе закладвалі разам з рапсавай саломай. Паяданне сланечнікавай масы вельмі добрае. Ды і тлушч малака адразу пайшоў уверх. У сланечніку ж шмат масла, ёсць таксама і бялок, і вітаміны, якіх няма ў кукурузе. Такім чынам, і налета ад гэтай культуры адмаўляцца мы не станем.
Для паляпшэння кармавой базы жывёлы і абагачэння яе бялком, у гаспадарцы ў 2023 годзе плануюць пасеяць у сумесі з іншымі травамі гарох (сёлета яго сабралі 32 тоны, ім можна засеяць каля 200 гектараў), а ў ролі чарговага эксперыменту выдзеліць пяць гектараў пад пасевы соі.
– Так, – дадае дырэктар гаспадаркі, – неабходна быць у пошуку, эксперыментаваць, рухацца наперад. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць на поспех і станоўчыя вынікі. А мы імкнёмся да іх і ўжо бачым некаторае паляпшэнне спраў у галіне жывёлагадоўлі. Зразумела, за адзін дзень дасягнуць чагосьці немагчыма. Але калі ты на правільным шляху і паступова выконваеш намечанае, задуманае павінна абавязкова здзейсніцца.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.