Як паведаміў дырэктар РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” Дзяніс Вабішчэвіч, падрыхтоўка тут завершана. Нарыхтавана тысяча тон пясчана-солевай сумесі. Тэхніка прайшла адпаведную атэстацыю. На выпадак найвышэйшай напружанасці з выпадзеннем снегу камунальшчыкі заключылі дагавор з аўтапаркам на далучэнне да работ па ачыстцы дарог дадаткова яшчэадной транспартнай адзінкі. На лінейцы гатоўнасці таксама знаходзіцца і транспарт ДРБУ-192. Для пасыпкі дарог тут яшчэ з мінулага года засталіся некаторыя запасы солі, якія зараз актыўна папаўняюцца і дасягнуць неабходнага аб’ёму.
Вялікая адказнасць на зімовы перыяд ускладаецца на калектыў ДЭУ-6, які абслугоўвае трасу М-4 і дарогі Р-62 і Р-64. У калектыве своечасова паклапа-ціліся аб наяўнасці пясчана-солевай сумесі і сумесі супраць галалёду на праезнай частцы дарогі. Хоць сёння гатовы выехаць у рэйс сем адзінак спецыяльнай тэхнікі. Прайшлі атэстацыю і тэхагляд таксама пагрузчыкі, трактары і грэйдар. З першага лістапада ўстаноўлена кругласутачнае дзяжурства адной адзінкі тэхнікі на выпадак ліквідацыі надзвычайнага кліматычнага здарэння. З кіраўніцтвам Белаўтадора адпрацоўваецца магчымасць набыцця восьмай адзінкі спецыялізаванй тэхнікі ў сувязі з вялікай працягласцю трасы і аб’ёмам аператыўна выконваемых работ.
Сяргей Бабура запатрабаваў ад кіраўніка ДЭУ-6 Аляксандра Паўлюшчанкі па магчымасці паскорыць вырашэнне гэтай праблемы, а таксама ўзмацніць кантроль за своечасовай уборкай снегу на пешаходным мосце ў раёне вуліцы М. Горкага, тратуараў на мосце па вуліцы Кастрычніцкай, а таксама пешаходных зон у напрамках вёсак Слабада і Глухі Ток.
На пасяджэнні камісіі таксама былі разгледжаны стан дарожна-транспартнай дысцыпліны ў гаспадарках і арганізацыях раёна за 9 месяцаў з пачатку года, пытанне папярэджвання дарожна-транспартнага траўматызму паблізу школ раёна. Абмяркоўваліся і прапановы членаў раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху па ўключэнні ў комплекс мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню забеспячэння бяспекі дарожнага руху на вулічна-дарожнай сетцы раёна на 2022 год.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.